Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Партрэт Мастака ў інтэр’еры музея». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 23.05.2022
«Адлюстраванні. Партрэт Мастака ў інтэр’еры музея». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Увесь мінулы тыдзень, можна сказаць, прайшоў пад знакам “музейнага досведу”. У сераду, 18 мая, адзначаўся Міжнародны дзень музеяў, у суботу, 21 мая, была праведзена традыцыйная акцыя “Ноч музеяў”. Шмат цікавостак у гэтыя дні прапанавалі сваім наведвальнікам і літаратурныя музеі Беларусі.

Думаю, што ніхто не застаўся абдзелены эмоцыямі і ўражаннямі. Важна самім не сядзець на месцы, а ісці насустрач новаму, крэатыўнаму, што дае энергію душы, развівае інтэлект і фарміруе асобу.

Хачу звярнуць увагу нашых слухачоў, што ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча на той святочнай хвалі працягвае працаваць унікальная выстава і прысвечана яна чалавеку, які ўсё сваё жыццё займаўся музейнымі экспазіцыямі. Генадзь Рыгоравіч Чысты – вядучы мастак Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, да яго 75-годдзя арганізаваны мастацка-дакументальны выставачны праект “Партрэт Мастака ў інтэр’еры музея”. Нарадзіўся ён у пасляваенным Мінску, у 1968 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, з 1994-га – член Беларускага саюза мастакоў.

Ходзячы па залах розных музеяў, мы наўрад ці задумваемся над тым, хто ажыццявіў гэтую арганічна-цэласную прастору. Хутчэй нас цікавіць проста напаўненне той ці іншай экспазіцыі, яе асобныя прадметы. Але стварыць сапраўдную выставу, якая б адпавядала ўсім навуковым і музейным патрабаванням, гэта, на думку спецыялістаў, ні многа ні мала – Божы дар мастака. Такім талентам надзелены і сёлетні юбіляр мастак Генадзь Чысты, з якім пашанцавала працаваць беларускім музейшчыкам, і яны самі з захапленнем і ўдзячнасцю пра гэта гавораць.

За доўгае творчае жыццё Генадзь Рыгоравіч паспеў ажыццявіць шмат выставачных праектаў у розных музеях нашай краіны і замежжа. Але галоўны яго прафесійны клопат – літаратурныя. Першая пастаянная экспазіцыя была створана ім у 1990 годзе, у знакамітай Кушлянскай сядзібе Францішка Багушэвіча. З музея гэтага класіка беларускай літаратуры і пачалося актыўнае супрацоўніцтва Генадзя Чыстага з літаратурнымі музеямі Беларусі. Яго аўтарству належаць экспазіцыі ў Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах, Доме-музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку, філіялах музея Янкі Купалы ў Вязынцы і Яхімоўшчыне, мемарыяльным музеі Максіма Багдановіча “Фальварак Ракуцёўшчына”, а таксама – Доме-музеі паэта ў Яраслаўлі, шматлікія часовыя літаратурныя экспазіцыі, прысвечаныя жыццю і творчасці беларускіх пісьменнікаў розных пакаленняў.

І хаця сам Генадзь Рыгоравіч сціпла называе сябе мастаком-афарміцелем, але на самой справе гэта той рэдкі выпадак, калі мастак выступае паўнапраўным удзельнікам творчага працэсу пры стварэнні той ці іншай экспазіцыі, а часам, як падкрэсліваюць музейшчыкі, становіцца аўтарам мастацкай канцэпцыі. Ён ведае, што такое музейны экспанат і знаходзіць для яго адпаведнае афармленне, ён умее выяўляць і будаваць прадметныя і прасторавыя сувязі, якія потым дапамагаюць наведвальнікам бачыць час мінулы і сённяшні ў адзінай рэтраспектыве.

Мастацка-дакументальная выстава “Партрэт Мастака ў інтэр’еры музея”, да юбілею Генадзя Чыстага, прэзентуе яго шматгранную творчую дзейнасць. Эскізныя праекты беларускіх музеяў сведчаць пра складаны шлях стварэння музейных экспазіцый, фотаздымкі вяртаюць нас да шматлікіх выставачных праектаў, за кожным з якіх адчуваецца душа творцы, а пейзажы, партрэты (дарэчы, музейных супрацоўнікаў!) і нацюрморты раскрываюць мастака як тонкага лірыка. І калі ў вас знойдзецца вольная хвіліна, зазірніце гэтымі днямі ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча, упэўнена – не пашкадуеце!


Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: