Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Помніць і верыць». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 02.11.2021
«Адлюстраванні. Помніць і верыць». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

2 лістапада ў Беларусі – Дзень памяці. У народзе яго называюць восеньскімі Дзядамі. І супадае ён з каталіцкімі Дзядамі альбо Днём задушным. А ў праваслаўных Дзяды ці Бацькоўская памінальная субота сёлета прыпадае на 6 лістапада. З даўніх часоў людзі верылі, што продкі ў гэты дзень выходзілі з царства мёртвых і наведвалі сваіх родных і блізкіх. Таму ў сем’ях пасля памінальнай вячэры са стала нічога не прыбіралі, бо спадзяваліся, што ў дом прыйдуць «небажыхары». Ва ўсякім разе духоўная повязь рода была вельмі моцнай, і яна давала надзею жывым на падтрымку ў далейшым лёсе.

Вядома, шмат змянілася ў нашым жыцці, але сутнасць традыцыі помніць свой род, быць удзячным яму засталася. Мы прыходзім да родных магіл, ставім памінальныя свечкі ў храмах, молімся за вечны супакой блізкіх душ і, канечне, верым у моц і еднасць свайго радаводу.

А яшчэ пачатак лістапада для беларусаў – гэта і дзень нараджэння класіка нацыянальнай літаратуры, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Сёлета – 115-годдзе яго літаратурнай дзейнасці і 100-годдзе першага выдання зборніка алегарычных апавяданняў «Казкі жыцця». За свае няпоўных 74 гады Колас зрабіў вельмі шмат для беларускай нацыі. Паэт і празаік, вучоны і арганізатар айчыннай навукі, педагог, нязменны віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук з дня яе ўтварэння, дэпутат Вярхоўнага савета СССР і БССР – пералік можна доўжыць. Відавочна тое, што ў адной асобе спраўдзіўся не толькі вялікі талент, але і чалавек годнай грамадзянскай пазіцыі.

Мой родны кут, як ты мне мілы!..

Забыць цябе не маю сілы!

Гэтыя радкі Якуба Коласа, якімі пачынаецца паэма «Новая зямля», ужо даўно сталіся для нас беларускім брэндам. І ў тым ёсць справядлівасць творчай наканаванасці і мастацкага лёсу. Зямля, якая цябе нарадзіла і дала духоўную моц у вялікім шматлюдным свеце, застаецца з табою праз гады і адлегласць.

Прафесар Міхась Мушынскі, самы аўтарытэтны коласазнаўца, у адным з артыкулаў напісаў, што Колас «усё сваё свядомае жыццё бараніў годнасць пісьменніка, годнасць літаратуры як высокага мастацтва, як увасаблення творчай энергіі народа. Як адзін са стваральнікаў беларускай літаратурнай мовы, ён шмат зрабіў дзеля яе паспяховага развіцця і ўзбагачэння». Добра вядомы той факт, што ў дзень сваёй смерці Якуб Колас занёс у ЦК КПБ ліст, дзе выказваў сваю занепакоенасць пра крытычны стан беларускай мовы, прапаноўваў меры яе абароны. Гэты дакумент быў упершыню надрукаваны ў 1990-м годзе ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва».

3 лістапада, у дзень нараджэння Якуба Коласа, Дом-музей народнага паэта арганізуе ХХХV Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Каласавіны», у якой прымуць удзел лепшыя коласазнаўцы з усёй краіны. Святочнай падзеяй стане і ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі «У той песні, шырокай, як свет…», што прысвечана 100-годдзю першага выдання знакамітых «Казак жыцця».

4 лістапада Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на радзіму Песняра, у філіял «Мікалаеўшчына», які аб’ядноўвае 4 сядзібы сям’і класіка: Акінчыцы, Альбуць, Смольня і Ласток. Гэтымі восеньскімі днямі там асаблівая прыгажосць – сцішаная і сумотная, але надзвычай выразная сваім эмацыянальным напаўненнем. Бо хто ж стане адмаўляць простую ісціну, што ўсе нашы поспехі пачынаюцца з маленства. І росквіт таленту вялікага пісьменніка – таксама адтуль… Прайдзіце тымі сцежкамі, што помняць малога Кастуся, і шмат зразумееце не толькі ў яго творчасці, але і на сваёй дарозе жыцця.

Ну а Першы нацыянальны канал Беларускага радыё прапануе вашай увазе радыёспектакль «Новая зямля» паводле культавай паэмы класіка ў пастаноўцы рэжысёра Соф’і Гурыч. Галоўныя ролі выконваюць народныя артысты Беларусі Марыя Захарэвіч, Генадзь Гарбук, Павел Дубашынскі, народны артыст СССР Віктар Тарасаў. Пачатак эфіру – у 22 гадзіны 5 хвілін. Не прапусціце! І вы атрымаеце сапраўдную асалоду ад сустрэчы з героямі Коласа!


Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: