Да 77-й гадавіны Вялікай Перамогі на Першым нацыянальным канале працягваецца “Дэкада памяці”. 9 мая ў “Тэатры Беларускага радыё” мы пачнём слухаць радыёспектакль “Воўчая зграя” паводле аднайменнай аповесці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.
Некалі Віктар Астаф’еў заўважыў, што “ўсё лепшае ў літаратуры пра вайну створана тымі, хто ваяваў на перадавой”. Васіль Быкаў яму адказаў: “Увогуле гэта справядліва, хоць я б не сцвярджаў так катэгарычна, згаджаючыся, аднак, з той часткай сцвярджэння, што асабісты вопыт вайны тут нельга замяніць нічым”.
“Асабісты вопыт вайны” дазволіў Васілю Быкаву стварыць сваю ваенную прозу, не падобную ні на чыю іншую. Акопная праўда вайны па Быкаву сканцэнтравала асаблівую энергетыку, уплыў якой на чытача проста каласальны. Аддаленасць у гістарычным часе толькі павялічвае цікавасць, узмацняе жаданне спазнаць і зразумець, праводзячы, можа, і ўласныя паралелі. Таму што ў кожным беларускім родзе свой досвед вайны…
Імя гэтага пісьменніка часцей успрымаецца намі як сімвал жорсткай праўды ў адлюстраванні ваенных падзей. Сам франтавік, Васіль Уладзіміравіч меў на тое маральнае права. З яго біяграфіі мы ведаем, што на пачатку вайны ў складзе інжынернага батальёна ён рыхтаваў абаронныя збудаванні, як камандзір узвода аўтаматчыкаў і ўзвода палкавой, а потым армейскай артылерыі ўдзельнічаў у баях на ІІ і ІІІ Украінскіх франтах. З дзеючай арміяй прайшоў Румынію, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю. Быў двойчы паранены і нават бацькам яго прыйшла пахаронка, што ён забіты і пахаваны ў брацкай магіле ля вёскі Вялікая Севярынка на Кіраваградчыне. Але, на шчасце, лёс дараваў жыццё малодшаму лейтэнанту Быкаву, каб пісьменнік Быкаў расказаў у сваіх творах пра тое ваеннае пекла, якое перажыў наш народ.
“Жураўліны крык”, “Альпійская балада”, “Пайсці і не вярнуцца”, “У тумане”, “Знак бяды”, “Кар’ер”, “Мёртвым не баліць”, “Пастка”, “Воўчая зграя” – урэшце, можна назваць любы з твораў Васіля Быкава, каб пераканацца ў сапраўднасці мастацкага слова, што адлюстроўвала рэальны час і падзеі. Без выдумкі і пафаса, а так, як бывае ў самім жыцці. З болем, пакутамі. І, канечне, – верай, якая перамагла! Яго “непрыхарошаныя” аповесці яшчэ ў 60-70-я гады ХХ стагоддзя “выклікалі агонь на сябе” з боку савецкай цэнзуры і непаддзельную цікавасць чытача. Маральны крытэрый быкаўскай ваеннай прозы аказаўся настолькі высокім, што яна сталася кропкай адліку новай плыні ў беларускай літаратуры, яе болевы парог “прабіваў” самую чэрствую душу. І адпаведна да яе адразу пачалі звяртацца іншыя творцы: рэжысёры, мастакі, кампазітары.
Дарэчы, паводле вышэй згаданых аповесцей Васіля Быкава на Беларускім радыё створаны аднайменныя радыёспектаклі, якія гучаць у нашым эфіры. Яны ставіліся рэжысёрамі розных пакаленняў, а ролі выконваюць лепшыя беларускія артысты. Я б сказала, што гэта такое своеасаблівае прычашчэнне ваеннай прозай Быкава для кожнага ўдзельніка радыёспектакля. Праца над імі заўсёды пакідала асаблівае адчуванне. І я зразумела, чаму такая атмасфера была ў студыі. Таму што дачыненне да тых падзей мае кожны беларус – і ў другім, і ў трэцім пакаленнях. Гэта досвед роду, які генетычна перадаецца нашчадкам. А таму мастацкі твор выклікае ва ўсіх нас свае асабістыя пачуцці і асацыяцыі. Кожная з гэтых мастацкіх пастановачных работ – своеасаблівы рэквіем подзвігу і ахвярнасці ўсіх, хто часта коштам уласнага жыцця набліжаў чаканую Перамогу.
Тры гады таму на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё адбылася прэм’ера радыёспектакля “Воўчая зграя”, які мы пачынаем слухаць сёння. Гэты твор напісаны Быкавым праз 30 гадоў пасля Вялікай Перамогі, у 1975-м. Сам аўтар атрымаў за яго Дзяржаўную прэмію БССР. Тады ж на “Беларусьфільме” паводле аповесці была знята аднайменная кінастужка рэжысёрам Барысам Сцяпанавым, а ў Беларускім тэатры оперы і балета адбылася прэм’ера оперы кампазітара Генрыха Вагнера “Сцежкаю жыцця”.
І вось цяпер, ужо ў ХХІ стагоддзі, гэтая драматычная гісторыя пераказана слухачу ў жанры радыёспектакля. У яго аснове – лёс маладога партызана Ляўчука, які падчас карніцкіх аперацый, сам паранены, коштам неверагодных намаганняў, выратоўвае жыццё нованароджанаму хлопчыку. Яны сустрэнуцца толькі праз 30 гадоў пасля Перамогі.
Праўда вайны па Быкаву заўсёды канцэнтруе праяўленне вышэйшых сіл і волі чалавека. Як бы правакуе яго на максімум са знакам плюс ці знакам мінус. Тым самым перасцярагае нас ад магчымага зла і сцвярджае важную ісціну – свет ўратуецца толькі любоўю, цярпеннем і мірам.