Увесь мінулы тыдзень у «Тэатры Беларускага радыё» гучалі спектаклі і пастаноўкі з удзелам народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч, для якой сёлетні лістапад – юбілейны. І колькі было ўзрушальных званкоў ад ўдзячных слухачоў, паклоннікаў таленту вялікай артысткі. Больш за 60 гадоў яна служыць Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы.
Напэўна, у розных пакаленняў тэатралаў – свая Захарэвіч. Я помню Марыю Георгіеўну з 1970-х: Ганна Чарнушка ў «Людзях на балоце» Івана Мележа, Марыя ў «Святая святых» Іонэ Друцэ, Камісар у «Аптымістычнай трагедыі» Усевалада Вішнеўскага, Наталля Фадзееўна ў спектаклі «І змоўклі птушкі» Івана Шамякіна. Пазней было шмат іншых цікавых сустрэч. Кожны раз яе гераіні прываблівалі прыгажосцю і ахвярнасцю, моцай свайго характару, нязменна сцвярджаючы жаночую годнасць. У створаных ёю сцэнічных вобразах было столькі праўдзівасці і цеплыні!
Але ў Марыі Георгіеўны Захарэвіч ёсць яшчэ адно цудоўнае амплуа. У яе творчым актыве – сотні роляў, сыграных ў радыёспектаклях і пастаноўках, яна – выключны майстра мастацкага чытання ў радыёэфіры. Без перабольшання можна гаварыць пра радыётэатр Марыі Захарэвіч на Беларускім радыё, творчае супрацоўніцтва з якім доўжыцца, напэўна, столькі ж, колькі і праца артысткі ў Купалаўскім тэатры.
Радыйная біяграфія Марыі Захарэвіч – прыклад таго благаславёнага супадзення, калі асоба, час і атмасфера пошуку знаходзяцца ў адной плоскасці. Аднак жа перадусім – асоба Артысткі. Бо што такое талент? Боскі дар, сто разоў памножаны на працу і яшчэ раз працу. Па словах самой Марыі Георгіеўны, “калі ты не патрацішся, нічога не атрымаецца”. І яна ніколі не шкадавала сябе. Радыйны мікрафон, самы чуйны інструмент да ўсялякага фальшу голасу і душы, толькі ўзмацняў вобразы яе гераінь, захоўваючы крохкую мяжу шчырасці і глыбіні. Гэта выдатна разумелі ўсе радыёрэжысёры і кожны запрашаў Захарэвіч да ўдзелу ў сваіх спектаклях. Але самы плённы творчы тандэм склаўся ў іх з Соф’яй Гурыч. Гэты быў той шчаслівы выпадак, калі артыст і рэжысёр размаўляюць на адной мове. Не ў сэнсе поўнай згоды, а найперш – адчування высокай задачы сваёй працы і адпаведнай адказнасці за яе. Дарэчы, радыёспектакль «Рыбакова хата» паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа ў пастаноўцы Соф’і Гурыч, дзе ў галоўных ролях Данілы і Марыны Смык заняты народныя артысты Беларусі Валянцін Белахвосцік і Марыя Захарэвіч, атрымаў у свой час Дзяржаўную прэмію Беларусі.
А колькі выдатных твораў беларускай літаратуры прачытана ў эфір Марыяй Захарэвіч! Згадаю толькі некалькі апошніх нашых запісаў: кампазіцыі паводле вершаў Уладзіміра Караткевіча, Яўгеніі Янішчыц, Генадзя Бураўкіна, Валянціны Коўтун, Аркадзя Куляшова, Ніны Мацяш, Максіма Танка, паводле ваенных вершаў беларускіх паэтаў «Я перад вамі з памяццю сваёй…» і «Мы прайшлі праз пекла барацьбы…» ды шмат іншых.
Голас Марыі Георгіеўны, трэба сказаць, заўсёды чакаюць прыхільнікі паэзіі і прозы. Эмацыянальная ўзрушанасць і сардэчная глыбіня выканання робяць сапраўдныя цуды! Слова набывае іншую вагомасць, яно стварае выразны свет вобразаў і пачуццяў, якія перадаюць слухачу энергію аўтарскай думкі і вышыню духу. А яшчэ пераконваюць у якасці напісанага.
Напэўна, наша агульнае захапленне выключным талентам артысткі можна выказаць радкамі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна:
Чытае вершы Захарэвіч,
Нібы сыходзіш на зямлю.
І звечарэеш,
Захварэеш
Жаданнем выгукнуць
– Люблю!
І захварэеш невылечна
Забытай прагай чысціні.
Ад слоў душы, як небу,
Млечна.
Нанова кожны гук цані!..
Дарэчы, сёння ў «Тэатры Беларускага радыё» прагучыць І-я частка радыёспектакля «Каласы пад сяпом тваім» паводле культавага рамана Уладзіміра Караткевіча, у якім Марыя Захарэвіч выконвае ролю Гелены. Пастаноўка рэжысёра Валерыя Анісенкі, год запісу – 1986-ы. На радасць нашым слухачам, радыйная сага народнай артысткі працягваецца!