Наша сённяшняя сустрэча надарылася паміж двума цудоўнымі святамі. Літаральна пазаўчора адзначаўся Сусветны дзень паэзіі, а ў бліжэйшую суботу – Сусветны дзень тэатра.
«Верш значны не гукам, які чуваць, пакуль верш чытаецца, а сваім рэхам, якое ён утварае, калі адгучыць», – сцвярджае вядомы паэт Алесь Разанаў. І ў гэтых словах ёсць вялікая праўда. Бо тое, што прамоўлена аўтарам, калі яно глыбіннае і сапраўднае, абавязкова застаецца з намі менавіта «сваім рэхам» сугучнасці, дзеяння, прыпаміну. Душа ўздымаецца над побытавым і штодзённым і хоча засяродзіцца на чымсьці важным і немітуслівым, калі нараджаюцца хвіліны гармоніі і суладдзя з жыццём...
Гэта ранняя Яўгенія Янішчыц, радкі якой хочацца цытаваць за аўтарскую ранімасць і адкрытасць, аголеную шчырасць і прасветлены лірызм, якія, сапраўды, пранікаюць у душу і з імі не хочацца расставацца.
А гэта – позні Рыгор Барадулін, які прымушае чытача думаць метафарычна і «вогнястрэла», і сэнс паэзіі якога – у яе адвечнай філасафічнасці і глыбіннай народнасці.
І тут мне б хацелася сказаць, што сярод іншых пастановачных жанраў літаратурна-мастацкага вяшчання ёсць асаблівы – паэтычны радыёспектакль. З ім мы шмат эксперыментавалі разам з калегамі ў канцы 90-х – пачатку 2000-х. Гэта не проста кампазіцыя паводле вершаў, нават самая дасканалая. Паэтычны радыётэатр найперш патрабуе драматургічнага рашэння сюжэта. Эмоцыя і алегорыя аб’ядноўваюць такую задумку. Першай спробай была пастаноўка «Яшчэ адна знічка кахання…» паводле лірычных вершаў Міхася Стральцова і Яўгеніі Янішчыц. Потым з’явіліся іншыя: «Завея крысом Калядзе махае…» паводле зімова-калядных вершаў Рыгора Барадуліна або паводле яго ж паэзіі «І свечкі ў святла святыя служкі…» – да восеньскіх Дзядоў, тэма памяці роду, «Паміж усмешкай і слязой…» паводле лірыкі Ніны Мацяш, «Зліццё надзей, жаданняў сумесь…» паводле творчасці Аляксея Пысіна ды шмат яшчэ.
Вельмі цікава працавалася над пастановачнымі работамі такога кшталту і паводле вершаў для дзяцей беларускіх аўтараў розных пакаленняў. Свядома ішлі на сюжэтныя эксперыменты, шмат шукалі ў музычным і гукавым афармленні. Увогуле, я думаю, у гэтага жанра ёсць перспектыва. Таму што радыёспектакль быў і застаецца элітарным жанрам, галоўнае ў якім – слова. А тым больш, калі гэта паэтычнае слова. Адчуць яго моц і тое ўнутранае напружанне, якое ствараюць драматургія і вастрыня жывой аўтарскай думкі, значыць спрычыніцца да таямніцы духоўнага жыцця чалавека.
Канечне, тут асобна трэба вылучыць пастаноўкі, якія заўсёды ставіліся на Беларускім радыё паводле вялікіх паэтычных форм: балад, паэм і так далей. Асабліва на гістарычную тэму. Напрыклад, «Судны дзень Скарыны» па драматычнай паэме Міколы Арочкі, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» па вядомых паэмах Якуба Коласа, «Помста» паводле драматычнай паэмы Кастуся Кірэенкі, «Хатынскі снег» паводле паэмы Генадзя Бураўкіна. Адна з апошніх нашых работ – радыёспектакль «Магнаты і сірата. Соф’я, князёўна Слуцкая» па гістарычнай драме класіка беларускай літаратуры Уладзіслава Сыракомлі. Цудоўны пераклад гэтага цікавага, але пакуль мала расчытанага твора, ўпершыню зрабіла літаратуразнаўца і паэтэса Ірына Багдановіч. У 2010-м годзе на Беларускім радыё і быў пастаўлены аднайменны радыёспектакль. Зрэшты, гэта першая пастановачная версія гістарычнай драмы Сыракомлі ў Беларусі.
Так што слухайце «Тэатр Беларускага радыё». І нават, калі хтосьці з вас – не самы шчыры прыхільнік паэзіі, тым не менш у нашым творчым пошуку можна адчуць энергію той унутранай гармоніі, у якой натуральна мае патрэбу кожны. Паэзія і драматургія, паяднаныя ў асаблівы жанр мастацкага вяшчання, даюць нам такую магчымасць. Адно што, не пашкадуйце дзеля гэтага свайго часу.