Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Рукапісы, як сведкі лёсу класіка…». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 28.02.2022
«Адлюстраванні. Рукапісы, як сведкі лёсу класіка…». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы да 140-годдзя з дня нараджэння класіка арганізаваны выставачны праект «Аўтограф». Трэба сказаць, што асаблівую прыцягальнасць у любым літаратурным музеі маюць аўтографы пісьменніка, у Купалаўскім гэты фонд – адзін з найбольш значных. На сённяшні дзень тут зберагаецца каля 1000 аўтографаў паэта: чарнавыя і белавыя рукапісы твораў, лісты сябрам, подпісы на фотаздымках, жартоўныя эпіграмы. Знаёмства з імі выклікае безліч пачуццяў, быццам дакранаешся да чагосьці надзвычай важнага, таямнічага і бясконца дарагога. Рукапісы ўспрымаюцца як жывыя сведкі лёсу творцы. Гэта вынік каласальнай працы ўсіх пакаленняў купалаўцаў, калі ўлічыць, што дом народнага песняра ў Мінску згарэў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, гэтаксама як і яго дача ў Ляўках. А таму рукапісную спадчыну паэта давялося збіраць у многіх краінах свету: Расіі, Украіне, Грузіі, Польшчы, Германіі ды іншых.

Дзесяць гадоў таму, у межах праграмы ЮНЕСКА, быў выдадзены каталог «Аўтографы першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы», прычым у дзвюх версіях – друкаванай і электроннай. Сёлета ў юбілейных планах музея – падрыхтаваць дапоўненае перавыданне гэтага унікальнага каталога. Больш таго, спадзеў на знаходкі новых аўтографаў паэта ў музейшчыкаў і даследчыкаў яго творчасці застаецца.

А на сённяшней выставе ў музеі можна убачыць фотаздымкі Купалы 1921 года з дароўнымі надпісамі Уладзіміру Дубоўку і Язэпу Пушчу, рукапіс яго знакамітай “Паўлінкі”, аўтографы паэмы “Бандароўна” і верша “Мая доля”, які датаваны 15-м ліпеня 1904 года, дарэчы, гэта першы прадмет у музейнай калекцыі, аўтограф верша “Перад будучыняй” 1922 года, найвядомыя здымкі Купалы 1908 года фатографа Ходзькі з дароўнымі надпісамі Антону Луцкевічу, Сяргею Палуяну, Уладзіміру Самойлу. Як прыклад, працытую надпіс Уладзіміру Самойлу: «На довад шчырага шацунку і сардэчнай прыязні, найлепшаму і найсправядлівейшаму свайму вучыцелю дабрадзею пану Вл.Ів.Самойло ад Янука Купалы. Вільня 16.ХІІ.908г.

Шчасліў будзь заступніку бедных людзей

Жыві дажывіся больш радасных дней. Я.Купала.»

На выставе экспануецца шмат іншых рукапісных цікавостак, якія варта паглядзець. Толькі трэба, канечне, знайсці дзеля гэтага час. Упершыню асобным стэндам арганізатары прадставілі аўтографы класікаў беларускай літаратуры, якія захоўваюцца ў прыватных калекцыях: Кандрата Крапівы, Петруся Броўкі, Сяргея Грахоўскага, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Івана Мележа, Івана Навуменкі, Уладзіміра Караткевіча ды іншых.

Вядома, асаблівае стаўленне да аўтографаў у даследчыкаў. Дакумент мае адзнакі часу, дапамагае раскадзіраваць шлях таго ці іншага твора да друку. Але, упэўнена, што і ў звычайных людзей аўтографы выклікаюць шмат пачуццяў. Яны дазваляюць кожнаму зазірнуць у гісторыю, наўпростава адчуць сваю сувязь з тым, што адбывалася на нашай зямлі дзясяткі і нават стагоддзі таму. Каб больш яскрава адчуць гэтую аддаленасць у часе, варта прыгадаць, што старажытныя рукапісы – манускрыпты занатоўваліся яшчэ на пергаменце. Пазней з’явілася звыклая нам папера. Якраз яна і ёсць галоўным носьбітам важнай для нас інфармацыі з мінулага. Нават, калі дзеля захавання арыгінала мы цяпер пераводзім яго ў электронную копію, прыярытэт застаецца за першым. Бо толькі ён зберагае яшчэ і эмацыянальны пласт разгадкі самога рукапісу.

Выставачны праект «Аўтограф» будзе працаваць у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы да сярэдзіны сакавіка, і значыць кожны, хто пажадае на ўласныя вочы пабачыць рукапісы паэта, можа прыйсці на сустрэчу з імі. Думаю, вы абавязкова знойдзеце штосьці важнае для вас асабіста, на чым затрымаецца позірк і ўзрушацца думкі. Бясспрэчна адно, такія выставы не толькі пашыраюць наш кругагляд, але надаюць новы імпульс для разваг і ўсведамлення сябе беларусамі…


Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: