Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Санетная дыядэма». Радыёблог Галіны Шаблінскай
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 01.09.2022
«Адлюстраванні. Санетная дыядэма». Радыёблог Галіны Шаблінскай

Даўняе выслоўе, што лепшы падарунак – кніга, набывае асаблівы сэнс падчас свята. Ну а калі яно наўпростава звязана з самой кнігай – тым больш.

Дзень беларускага пісьменства, які адбудзецца 3 і 4 верасня на Гомельшчыне, у старажытным Добрушы, справакаваў мяне да кніжнай тэмы ў сённяшнім «Радыёблогу». А ў якасці падарунка я б хацела прэзентаваць вам новае выданне «Выдавецкага дома «Беларуская навука» – «Дыядэмная споведзь». Вянок вянкоў вянкоў санетаў. Аўтар – вядомая паэтэса Соф'я Шах.

У сваім творчым лёсе Соф'я Мікалаеўна даўно і трывала вызначыла санетную сцяжыну, ды не проста сцяжыну, а, я б сказала, цэлы шлях, гасцінец! На якім вольна і па-гаспадарску адчувае сябе самая строгая і класічная паэтычная форма – санет. Ім спавядаецца душа аўтаркі свайму чытачу ўжо не адзін дзясятак гадоў. Тэматычна яны адлюстроўваюць розныя адценні і зрухі нашага жыцця, па інтанацыйнай стылістыцы – лірычна-шчырыя і роздумна-філасофскія. Беларускае слова гучыць у іх напоўніцу, выяўляючы сваю пранікнёнасць, спеўнасць, натуральнасць. Соф'і Шах належаць дзясяткі вянкоў санетаў і вянкоў вянкоў санетаў, якія выходзілі ў шматлікіх паэтычных зборніках, напрыклад: «На мяжы сутоння», «Адухаўленне», «Прысвячэнне», «На ўсё дабро ў адказ», «Спасціжэнне», «Азарычы», «Малітваспеў», «Каб тое выказаць» ды іншых.

І вось цяпер мы маем санетную дыядэму Соф'і Шах – першы прыклад такога жанру ў гісторыі не толькі беларускай, але і славянскай літаратуры ўвогуле. Нагадаю, што санетная дыядэма – гэта 15 узаемазвязаных вянкоў вянкоў санетаў або 225 вянкоў. А значыць для напісання яе аўтарцы спатрэбілася 3375! узаемапераймальных санетаў. Знаўцы сцвярджаюць, што «аналагаў нават у сусветнай паэзіі адшукаць, бадай што, немагчыма».

Сам санет, як паэтычная форма, на нашых землях вядомы з часоў Мялеція Сматрыцкага і Адама Міцкевіча, але напісаны яны былі адпаведна па-лацінску і польску. Ну а беларускае маўленне санет набыў дзякуючы Янку Купалу і Максіму Багдановічу. Да гэтага жанру ў сваёй творчасці звярталіся Паўлюк Трус, Уладзімір Жылка, Максім Танк, Анатоль Сербантовіч, Сяргей Грахоўскі, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Янка Сіпакоў, Алесь Звонак, Хведар Жычка, Змітрок Марозаў. А, як сцвярджае ў прадмове да новага выдання акадэмік Аляксандр Каваленя, «санетарый» айчыннага прыгожага пісьменства на сучасным этапе годна папаўняецца намаганнямі паэтэсы з Гомельшчыны – Соф'і Шах». І з ім нельга не пагадзіцца.

Сапраўды, Соф'я Мікалаеўна працуе ў гэтым жанры з зайздроснай адданасцю і зацікаўленасцю, аддаючы аднак належнае творчым эксперыментам. Яе жаночая інтуіцыя дакладна падказвае кірунак аднойчы выбранага шляху, на якім вольна душы мастака і непазбежны рух творчай думкі. Дык пра што яе «Дыядэмная споведзь»? Пра самае галоўнае ў жыцці кожнага чалавека – род і сям'ю, каханне і вызначэнне свайго лёсу, веру і спадзяванне, любоў да зямлі, адкуль ўсё пачынаецца.

Жылі калісьці продкі на зямлі...

Ці не яны якімсьці тайным чынам

мяне і падштурхнулі так прызыўна,

і нават нейкай сілы надалі

да споведу нарэшце прыступіць...

І гэты сповед заняў ні многа ні мала – 640 старонак кніжнага тэксту. А мастацкае афармленне кнігі, дарэчы, выканана на аснове жывапісных твораў самой паэтэсы, якой Бог не пашкадаваў і такога таленту.

Пры сустрэчах з Соф'яй Мікалаеўнай заўсёды дзіўлюся яе душэўнай далікатнасці і стрыманасці, уменню слухаць і не перашкаджаць сваёй прысутнасцю. Відаць, яе анёл пільнуецца не толькі душэўнай гармоніі сваёй гаспадыні, але і ўсіх, хто побач... Павіншуем Соф'ю Шах з выданнем новага унікальнага твора і парадуемся разам, што ў беларускай літаратуры цяпер ёсць свая санетная дыядэма. Факт больш, чым красамоўны.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: