Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Шлях да Кнігі». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 16.02.2021
«Адлюстраванні. Шлях да Кнігі». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Месяц люты ўжо каторы год запрашае нас у адмысловую кніжную краіну. Сёлетні таксама не выключэнне. Паслязаўтра, 18 лютага, на 4 дні адкрываецца ХХVІІІ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Пры ўсіх складніках агульнай падрыхтоўкі і клопатаў кожнага з удзельнікаў гэтага прадстаўнічага форуму ён найперш нясе ў сабе святочны імпульс. Таму што ў цэнтры ўсіх падзей і мерапрыемстваў – кніга, якую яшчэ ў далёкім ХVІ стагоддзі Францыск Скарына назваў «люстрам нашага жыцця, лякарствам для душы, пацехай усім смутным, найболей жа тым, хто ў бедах і трудах знаходзяцца». Можна яшчэ дадаць, што гэта і крыніца ведаў, і нашага выхавання, і жыццёвай мудрасці. Сёння ўвогуле цяжка ўявіць сабе цывілізацыю чалавецтва без кнігі.

Уладзімір Караткевіч у сваім цудоўным эсэ «Пакуль гэта сэрца б’ецца», прысвечаным Янку Купалу, прызнаваўся: «Я дакладна памятаю, калі мне ўпершыню трапіла ў рукі кніга Купалы… у папяровай вокладцы. Я разгарнуў яе і ўбачыў:

На Купалле там птушка садзіцца, пяе,
У Піліпаўку воўк нема вые.
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя…

Гэта было як ноч, як агеньчык у цёмным садзе і як водар яблыкаў на аўсянай саломе. І так гэта засталося на ўсё жыццё. Я чытаў тады ўсю ноч… І гэта было дзіва. Восьмы – а для мяне першы – цуд свету… Каб не было той ночы і той кнігі – я ніколі не пісаў бы так, як пішу. Ды й ці пісаў бы наогул?..»

А сам Янка Купала ўспамінаў: «Чытаць кнігі я пачаў рана. Памятаю, яшчэ ў Прудзішчы, калі бацька пасылаў мяне з сястрою на начлег пасвіць коней. Я браў з сабой кнігі і пры святле кастра або месяца чытаў… Вядома, чытаў я без разбору, усё, што магло трапіць пад руку ў глухой правінцыі – ад «Северо-Западного календаря» да «Філасофіі польскай гісторыі». І яшчэ адна цытата народнага паэта: «Чытанне кніжак без разбору, а чытаў я іх вельмі шмат, разбудзіла маю фантазію. У душы маёй быў заўсёды нейкі пякельны разлад. Ніяк не мог я пагадзіць акружаючае рэальнае жыццё са светам думак, якія я пачарпнуў з кніг…»

Класік беларускай дзіцячай літаратуры Янка Маўр таксама некалі вывеў падобную формулу свайго творчага лёсу: «Я і сам, мусіць, стаў пісьменнікам, толькі дзякуючы кнігам. Яны мне адкрылі свет і людзей, яны абудзілі тое, што пасля назвалі творчай фантазіяй. Кніга для дзяцей павінна быць толькі добрай кнігай – цікавай і карыснай…»

Насамрэч, у кожнага з нас – свой незабыўны прыпамін, звязаны з кнігай. Дэвіз сёлетняй выставы-кірмашу «Кніга аб’ядноўвае людзей і краіны», а цэнтральны экспанент – Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Традыцыйны Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час» з-за пандэмічнай сітуацыі пройдзе ў анлайн-фармаце. Яго трансляцыя планіруецца на Youtube-канале, дзе можна адрасаваць і пытанні непасрэдным удзельнікам. На цэнтральнай пляцоўцы адбудзецца ўзнагароджванне пераможцаў Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі», а таксама пераможцаў Міжнароднага конкурсу маладых літаратараў «Першацвет».

Вядучыя дзяржаўныя выдавецтвы: «Беларусь», «Мастацкая літаратура», «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», «Беларуская навука», Выдавецкі дом «Звязда» ды іншыя абяцаюць шмат цікавых прэзентацый. Як кажуць, прыходзьце, шукайце і знойдзеце! Такія кніжныя падзеі становяцца жыццёвым ўвасабленнем вядомай трыяды: пісьменнік, выдавец, чытач.

А завершыцца выстава-кірмаш сімвалічна – у Міжнародны дзень роднай мовы – 21 лютага. І як тут не згадаць прызнанне народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, які, дарэчы, нарадзіўся гэтымі лютаўскімі днямі: «Беларускае слова для мяне – абсалютна ўсё: я ім дыхаю, я ім гавару, я ім жыву, я ім хаджу. Я не ўяўляю сябе без беларускага слова… Толькі родная мова можа даць крылы для творчага ўзлёту…» Застаецца дадаць, што менавіта «творчы узлёт» аўтара мае свой плён – матэрыялізуецца ў слова, з якога і пачынаецца шлях да Кнігі…

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: