Падзяліцца:
«Адлюстраванні. «Шляхам жыцця» Янкі Купалы». Радыёблог Галіны Шаблінскай
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 12.06.2023
«Адлюстраванні. «Шляхам жыцця» Янкі Купалы». Радыёблог Галіны Шаблінскай

Лета – не проста пара адпачынкаў, але магчымасць актыўнага спосабу праводзіць вольны час. З карысцю для душы і сэрца. Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы прапануе нам такую магчымасць і запрашае наведаць унікальную выставу, якая мае назву «Бацькаўшчыне». Па-сутнасці, гэта сучасная прэзентацыя знакавага зборніка народнага паэта «Шляхам жыцця». Трэці па ліку ў творчай біяграфіі Купалы, ён упершыню быў выдадзены ў 1913 годзе ў Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца». Прайшло 110 гадоў, а гэта кніга па-ранейшаму застаецца бліскучым ўзорам класічнай беларускай літаратуры.

Музейшчыкі нездарма называюць яе выдавецкім праектам сяброў і землякоў. Літаратуразнаўца і першы біёграф Купалы Леў Клейнбарт родам з беларускага Капыля паказаў некалі рукапіс зборніка свайму сябру юнацтва – знакамітаму хірургу Аляксандру Ярэмічу, таксама беларусу. Ён і пажадаў стаць мецэнатам выдання, куды ўвайшлі 210 твораў Купалы, напісаныя ў 1905-1912 гадах. Дарэчы, гэта была першая беларуская кніга з фотаздымкам на вокладцы.

Выданне мела досыць вялікі тыраж – 3000 асобнікаў. У фондах Купалавага Дома зберагаюцца сёння 12 зборнікаў «Шляхам жыцця». Адзін з іх быў падараваны паэтам бібліятэцы Санкт-Пецярбургскага універсітэта, а ў 1969-м годзе яго перадалі ў дар музею.

Захоўваецца ў музейнай калекцыі экземпляр з аўтографам Купалы рускаму паэту-сімвалісту Валерыю Брусаву, які пераклаў з падараванага зборніка 4 вершы, адправіў іх у «Вячэрнюю газету» і даслаў аўтару. У 1919 годзе яны ўвайшлі ў кнігу «Янка Купала. Выбраныя вершы ў перакладзе рускіх паэтаў», якая выдавалася ў Маскве.

На пачатку жніўня 1923-га года ў «Віленскім выдавецтве Б.А.Клецкіна» выйшла другое, папраўленае аўтарам, выданне зборніка «Шляхам жыцця». А трэцяе ажыццявіла выдавецтва Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры ў 1935-м годзе да 30-годдзя літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы.

Ну і ўжо ў ХХІ стагоддзі, напярэдадні 100-гадовага юбілею гэтай культавай кнігі класіка, у 2012-м годзе Нацыянальная бібліятэка Беларусі і выдавецтва «Мастацкая літаратура» з'ініцыіравалі сумесны праект – чацвёртае, факсімільнае, выданне зборніка «Шляхам жыцця». Асновай для яго стаў арыгінальны экземпляр 1913 года з кнігазбору братоў Чэслава і Леапольда Родзевічаў, якія яшчэ з маладосці добра ведалі Янку Купалу. Важна і прыемна падкрэсліць тое, што выдадзеная накладам у 1000 асобнікаў кніга-факсіміле адразу стала рарытэтам. Увогуле, усе 4 выданні «Шляхам жыцця», як адзначалі сучаснікі паэта, аказаліся паспяховым камерцыйным праектам.

Дзякуючы багатым музейным фондам, на выставе можна ўбачыць шмат цікавых экспанатаў, якія, сабраныя цалкам ў адным праекце, мадэлююць час і знаёмяць нас з асобай Паэта і яго эпохай, а таксама прасочваюць гісторыю выдання адной кнігі. Напрыклад, наборная карэктура першага выдання «Шляхам жыцця» з праўкамі аўтара, яго фотапартрэт, які спецыяльна для другога выдання зрабіў Леў Дашкевіч, некалькі кранальных аўтографаў Купалы сваім сябрам ды шмат іншага, што стварае адпаведную атмасферу і выклікае шчырае жаданне зазірнуць у глыбіні спадчыны народнага паэта Беларусі.

Дарэчы, заўважце, выстава будзе працаваць у музеі Песняра да канца ліпеня. Так што ёсць час, каб зайсці і паглядзець. А потым яе чакаюць у Санкт-Пецярбургу, дзе і з'явілася першае выданне паэтычнага зборніка Янкі Купалы «Шляхам жыцця».

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: