Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Што пакіне нам сёлетні год?..» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 27.12.2021
«Адлюстраванні. Што пакіне нам сёлетні год?..» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Якія падзеі гэтага года застануцца ў вашай памяці? Думаю, кожнаму ёсць што адказаць на гэтае пытанне. Дарэчы, заўважце, яго актуальнасць не змяншаецца з часам і напрыканцы чарговага снежня мы зноў высвятляем для сябе, а сапраўды, што было галоўным за ўвесь пражыты год? Вядома ж, у кожнага свае прыярытэты. Важна, каб хацелася ўзгадаць, настроіць душу на спавядальны лад і прыслухацца да яе. Знайсці тую хвіліну гармоніі, без якой пачынаць новы шлях проста недаравальна. Бо гэта ўсё роўна як перашкодзіць сабе самому…

У нас сёлетні год прайшоў пад знакам юбілею Максіма Багдановіча. Першы нацыяальны канал Беларускага радыё сумесна з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча здзейснілі праект “Зорнае неба паэта”, да 130-годдзя з дня нараджэння самага маладога класіка беларускай літаратуры. Кожны другі чацвер месяца ў праграме “Творчы вечар” разам з музейшчыкамі і літаратуразнаўцамі мы расказвалі пра перыпетыі лёсу геніяльнага паэта нашай зямлі, які пражыў на ёй да крыўднага мала. Яго называлі Максімам-кніжнікам, беларускім Страцім-лебедзем, і ўсе гэтыя алегорыі толькі падкрэсліваюць яркую індывідуальнасць творчай асобы Багдановіча.

За свой кароткі век ён зрабіў для Беларусі вельмі шмат. І нам важна разумець гэта сёння. Літаратурны музей класіка і яго філіялы – якраз тыя кропкі, дзе захоўваюцца матэрыяльныя і духоўныя памяткі жыцця паэта. Нам трэба знаёміцца са спадчынай, не шкадаваць на гэта часу. Актыўнае карыстанне такім багатым скарбам робіць нас нашмат мацнейшымі, надае ўпэўненасці, падкрэслівае нашу самадастатковасць. Зорка Багдановіча набліжае нас да нас саміх і разам з тым сцвярджае годнае месца беларусаў у вялікім свеце.

Яшчэ пра адну літаратурную падзею на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё хацелася б нагадаць зараз. Гэтай восенню ў нас адбылася знакавая прэм’ера. Наш новы пастановачны праект упершыню рэалізаваны ў жанры радыёсерыяла.

Па-другое, у аснове пастаноўкі – класіка сусветнай дэтэктыўнай літаратуры, аповесць Жоржа Сіменона з яго найпапулярнага цыкла твораў пра камісара паліцыі Мегрэ. Па-трэцяе, вобразна кажучы, ўпершыню Мегрэ загаварыў па-беларуску. Таму што радыёп’еса напісана Уладзімірам Сцяпанам паводле пераклада аповесці Сіменона на беларускую мову Алеся Асташонка. Гэты твор быў выдадзены разам з іншымі яго перакладамі з французскай мовы ў вядомай серыі “Бібліятэка замежнай прозы” ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 1992 годзе.

У радыёсерыяле “Мегрэ і чалавек на лаўцы” заняты два дзясяткі артыстаў вядучых беларускіх тэатраў. І я хачу падкрэсліць, яны былі вельмі захоплены новай працай. У галоўнай ролі камісара Мегрэ – артыст Ігар Сідорчык, ад Аўтара – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь артыст Аляксандр Гарцуеў, стары бухгалтар Сэмброн – народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў. Спецыяльна для гэтага праекта напісана музыка кампазітарам Дзмітрыем Далгалёвым, якая гучыць у выкананні сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі, дырыжор Аляксандр Высоцкі. Рэжысёр пастаноўкі Алег Вінярскі, гукарэжысёр Валерый Бяляеў. Дарэчы, на нашым сайце можна і сёння паслухаць усе 14 серый радыёсерыяла “Мегрэ і чалавек на лаўцы” паводле аповесці Жоржа Сіменона. Набірайце: радыё.бел – перадачы – літаратурна-мастацкае вяшчанне.

На вялікі жаль, у сёлетнім годзе засталіся і свае журботныя ноты. Адыходзячы 2021-ы стаў годам развітання з вядомымі беларускімі пісьменнікамі: Аленай Васілевіч, Алесем Разанавым, Міколам Мятліцкім, Ганадам Чарказянам, Галінай Багданавай, Уладзімірам Сіўчыкавым, Міколам Шабовічам. Усе яны не раз прымалі ўдзел ў літаратурных праграмах Беларускага радыё, паводле іх твораў ў нашых фондах ёсць цікавыя пастаноўкі і кампазіцыі. Хай будзе лёгка іх душам у высокіх нябёсах, а тут, на зямлі, яны пакінулі нам аўтарскае слова ў вершах і прозе, якія абавязкова знойдуць свайго чытача. Беларуская літаратура заўжды была багатая на таленты.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: