Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Слова аб’ядноўвае і перасцерагае…». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 28.03.2022
«Адлюстраванні. Слова аб’ядноўвае і перасцерагае…». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Канец сакавіка выдаўся багатым на падзеі, звязаныя з мастацкім словам: Сусветны дзень паэзіі, ХХІХ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, Міжнародны дзень тэатра. Кажуць, муры продкаў даюць чалавеку сілу, якая здольная пераўтварыць самыя недасяжныя мроі ў рэальнасць. Але і мастацкае слова таксама становіцца рэальнасцю, калі яно дапамагае нам пачуваць сябе годна на сваёй зямлі.

У кожнага ёсць незабыўны прыпамін пра лёсавую сустрэчу з кнігай. Уладзімір Караткевіч, улюбёнец многіх сённяшніх чытачоў, у сваім эсэ «Пакуль гэта сэрца б’ецца», якое прысвечана Янку Купалу, прызнаваўся: «Я дакладна памятаю, калі мне ўпершыню трапіла ў рукі кніга Купалы… Я разгарнуў яе і ўбачыў:

На Купалле там птушка садзіцца, пяе,
У Піліпаўку воўк нема вые.
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя…

Гэта было як ноч, як агеньчык у цёмным садзе і як водар яблыкаў на аўсянай саломе. І так гэта засталося на ўсё жыццё. Я чытаў тады ўсю ноч… І гэта было дзіва. Восьмы – а для мяне першы – цуд свету… Каб не было той ночы і той кнігі – я ніколі не пісаў бы так, як пішу. Ды й ці пісаў бы наогул?».

Аўтар культавай кнігі для падлеткаў «Палескія рабінзоны» пісьменнік Янка Маўр таксама некалі вывеў падобную формулу свайго творчага лёсу: «Я і сам, мусіць, стаў пісьменнікам, толькі дзякуючы кнігам. Яны мне адкрылі свет і людзей, яны абудзілі тое, што пасля назвалі творчай фантазіяй…».

І тут мне хочацца згадаць вядомыя радкі Скарыны, у якіх ён па-сутнасці сфармуляваў сваю жыццёвую мэту, а нашчадкам пакінуў запавет: «Усякаму чалавеку трэба чытаць, бо кнігі – люстра нашага жыцця, лякарства для душы… Дзеля гэтага я, Францішак, Скарынін сын з Полацка, доктар лекарскіх навук, – ведаючы тое, што ёсць найвышэйшая мудрасць, развага аб смерці, пазнанне самога сябе і навука для будучыні, – пастанавіў друкаваць…». Сапраўды, колькі б часу не прайшло, якія б гістарычныя падзеі не перажылі мы за больш, чым пяць стагоддзяў, што аддзяляюць нас ад скарынаўскай эпохі, але прага чалавека да слова, спазнання свету праз адукацыю засталася. Інакш проста немагчыма.

Лепшыя традыцыі кнігі, як багатай скарбніцы духоўных каштоўнасцей народа, закладваліся яшчэ нашымі далёкімі продкамі. Іх галасы гучаць з аркушаў старажытных кніг і вучаць нас любіць і паважаць сваё, нацыянальнае. І, канечне ж, дбаць пра далейшае захаванне і папулярызацыю багатай кніжнай спадчыны.

Пра беларускія чытанкі для дзетак напачатку ХХ стагоддзя рупіліся Янка Купала і Якуб Колас, Алаіза Пашкевіч-Цётка і Зоська Верас, іншыя класікі беларускай літаратуры. Сціплыя выданні таго часу, дзякуючы магчымасцям сучаснай паліграфіі, даўно змяніліся да непазнавальнасці. І гэта радуе. А сцвярджэнне лепшых памкненняў чалавечай душы праз мастацкае слова і вобраз ніколі не састарэе. Колькі будзе жыць чалавецтва, яно будзе наталяцца светлым, высокім, сапраўдным, адмаўляючы бруднае, няшчырае, злоснае. Да перастварэння літаратурнай класікі ў іншых жанрах: кіно, музыкі, тэатральных пастановак звярталіся ва ўсе часы. Бо яна ёсць своеасаблівым рухавіком мастацкай думкі, філасофскіх абагульненняў і алегарычнай выразнасці фактаў.

«Тэатр Беларускага радыё», які штовечар гучыць на Першым нацыянальным канале, – унікальны эфірны праект, што дае магчымасць нашаму слухачу знаёміцца з гісторыяй і нацыянальнай тэатральнай культуры, і літаратурнай традыцыі. Галоўным у жанры радыёспектакля было і застаецца слова. Асаблівасць мастацкай аўдыяспадчыны яшчэ і ў тым, што яна дакладна захоўвае час. Многае з таго, што пастаўлена на Беларускім радыё, рабілася адразу пасля напісання таго ці іншага твора. А значыць ў пастаноўцы адбіліся агульныя законы не толькі тагачаснай радыёрэжысуры, але і вобразная стылістыка эпохі. Пасля праслухоўвання радыёспектакля штосьці адбываецца з нашай душой. Можа, не адразу ўсвядомленае, але істотнае для нас.

Слова, сапраўды, аб’ядноўвае, лечыць і перасцерагае. Давайце будзем уважлівымі да яго. А, плануючы свой штодзённы расклад, знаходзіць час для чытання мастацкіх твораў. Каб больш зразумелай кожнаму стала метафара класіка – «душа відушчая ў слова…».

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: