Можна сказаць, неўпрыкмет сёлетняе спякотнае лета саступіла дарогу восені. Багатай фарбамі, зменлівым надвор’ем, а яшчэ сваімі паэтычнымі настроямі. Нездарма ж многія творцы як найлепшую пару года ўпадабалі менавіта яе.
«Верш значны не гукам, які чуваць, пакуль верш чытаецца, а сваім рэхам, якое ён утварае, калі адгучыць», – напісаў некалі ў сваёй знакавай кнізе «Паляванне ў райскай даліне» паэт і перакладчык Алесь Разанаў. І ў гэтых словах ёсць вялікая праўда. Бо тое, што прамоўлена аўтарам, калі яно глыбіннае і сапраўднае, абавязкова застаецца з намі менавіта «сваім рэхам» сугучнасці, дзеяння, прыпаміну. Душа ўздымаецца над побытавым і штодзённым і хоча засяродзіцца на чымсьці надзвычай важным, калі нараджаюцца хвіліны гармоніі і суладдзя з жыццём.
Напэўна, сваю паэтычную споведзь «цэламу свету» свядома ці не прапануюць паэты розных пакаленняў. І таму нам так лёгка бывае вандраваць па краіне вобразаў і метафар аўтара, які, скажам, жыў стагоддзе таму, а можа нават і болей. Тут галоўнае, каб супадаў не гістарычны час, а душы прамаўлялі на адной, зразумелай чытачу і паэту, ноце. Колькі творцаў – столькі метафарычных бачанняў гэтага свету, асобных краін з непаўторнымі вобразамі і адчуваннямі часу. Падарожнічаць па такіх, змадэляваных паэтычным талентам, маршрутах заўсёды цікава і захапляюча. Бо часам, нават самыя звыклыя і зразумелыя табе рэчы адкрываюцца зусім па-іншаму, нешта «паварочваюць» у тваёй свядомасці, тваёй душы.
Калі вы перапытаеце ў аўтара таго ці іншага паэтычнага твора, што было першасным для яго – прыдумаць ці пражыць – вам, вядома, адкажуць па-рознаму. І нават пры ўмове, што вы пачуеце думку, якая супадае з вашай, усё роўна застанецца адчуванне чагосьці не да канца разгаданага. Будучы, па трапным выразе паэта «выдумкай галавы», яно, слова, здольнае разварушыць нашу душу. А тым самым адкрыць багатую краіну, у якой шчодра прапісаны святло і туга, высакародства і никчэмнасць. Дзівосны свет вобразаў і пачуццяў па-свойму выяўляецца ў творчасці розных аўтараў. Аўтарская канцэпцыя, калі хочаце, захоўваецца нават у так званых перакладных творах. Таму што мова, па-сутнасці, толькі сродак, праз які выказваюцца ўсе праявы чалавечага жыцця.
У беларускай паэзіі можна знайсці шмат твораў, якія прысвечаны роднай зямлі. Класікі і сучасныя аўтары звярталіся і звяртаюцца да гэтай вечнай святой тэмы, інтэрпрэтуючы яе па-свойму. Іх мастацкія споведзі часам нагадваюць вершаваныя дзённікі, якія фіксуюць гістарычны час і раскрываюць сутнасць чалавечай душы. Праз цяжкасці і перашкоды, вайну і насілле паэт сцвярджае сваю годнасць на роднай зямлі і абараняе яе праз усё жыццё.
Паэтычнае слова, як выказнік думак і адчуванняў чалавечай душы, заўсёдна новае і шлях яго для творцы кожны раз пачынаецца з нулявой адзнакі, з чыстага ліста. Эмацыянальная шкала лірычнага героя настройвае на свой спавядальны лад, а болевы парог, мне думаецца, у многім вызначае сутнасць мастака. З гэтым адчуваннем паэт ідзе па зямлі і шмат што ў яго творчасці якраз і вымяраецца наяўнасцю гэтага складніка.
Літаратура і мастацтва – адны з першых складнікаў нацыянальнай спадчыны, якая не толькі ратуе нас саміх ад бездухоўнасці, але і рэпрэзентуе нашу Беларусь у свеце, у культурнай супольнасці. А слова кожнага паэта мае свой шлях…