Гэтымі лістападаўскімі днямі хачу яшчэ раз звярнуць увагу нашых шаноўных слухачоў на ўнікальны эфірны праект – «Тэатр Беларускага радыё», які штовечар гучыць на Першым нацыянальным канале. Яго гісторыя пачынае свой адлік з 30-х гадоў мінулага стагоддзя, і гэта, можна сказаць, асобны кантынент нацыянальнай тэатральнай культуры і літаратурнай традыцыі.
Жанр радыёспектакля даступны масавай аўдыторыі. Галоўным у ім было і застаецца слова. Асаблівасць мастацкай аўдыяспадчыны яшчэ і ў тым, што яна дакладна захоўвае час. Многае з таго, што пастаўлена на Беларускім радыё, рабілася адразу пасля напісання таго ці іншага твора. А значыць ў пастаноўцы адбіліся агульныя законы не толькі тагачаснай рэжысуры, але і вобразная стылістыка эпохі. У нашых фондах захоўваецца шмат радыёверсій спектаклей, якія з поспехам ішлі на сцэнах вядучых тэатраў Беларусі ў розныя гады.
У канцэпцыі сённяшняга праекта – і папаўненне мастацкага фонду новымі работамі. За апошнія гады адбылося некалькі цікавых прэм’ер. Напрыклад, радыёспектаклі “Магнаты і сірата. Соф’я, князёўна слуцкая” па гістарычнай драме Уладзіслава Сыракомлі, “Млечны Шлях” паводле рамана Кузьмы Чорнага, “Крыж” па п’есе Аляксея Дударава, “Адгукніся, браце!” па п'есе Георгія Марчука, “Севярын і Гражына” паводле паэмы-аповесці Уладзіміра Караткевіча “Чазенія”, “Пастка” і “Воўчая зграя” паводле аповесцей Васіля Быкава, “Найдорф” паводле аповесці Івана ”Пташнікава, “...І няма шляху чужога” паводле аповесці Уладзіміра Саламахі, “Злачынства і пакаранне на берагах Свіслачы” па п'есе Ягора Конева, “Мегрэ і чалавек на лаўцы” паводле аповесці Жоржа Сіменона ды іншыя.
Вопыт маёй працы ў пастановачным вяшчанні кожны раз пацвярджае адну простую, але надзвычай важную, ісціну: вынік радыёспектакля залежыць ад усёй творчай каманды. У радыйнай студыі нараджаецца іншая мастацкая рэальнасць, імя якой радыёспектакль. Ён магнетычна злучае акцёрскі талент і ўвагу слухача праз слова, музыку, шумавыя эфекты. І стварае адзіны і непаўторны аўдыясвет, які можа быць прачытаны і разгаданы кожным, нават праз гады і дзесяцігоддзі. А сцвярджэнне лепшых памкненняў чалавечай душы праз мастацкі вобраз ніколі не састарэе. Колькі будзе жыць чалавецтва – яно будзе наталяцца светлым, высокім, сапраўдным. Праз адмаўленне бруднага, няшчырага, злоснага. Пасля праслухоўвання радыёспектакля штосьці адбываецца з намі. Можа, не адразу ўсвядомленае, але істотнае. Слова, насамрэч, аб’ядноўвае, лечыць і перасцярагае.
Сапраўдная літаратура дапамагае адчуць гармонію і прыгажосць. І калі не заўсёды атрымліваецца сесці і пачытаць, то хутчэй выпадае паслухаць. Радыё – вельмі дэмакратычны і зручны сродак атрымання інфармацыі, у тым ліку і праслухоўвання мастацкіх праграм. Мы даступныя на розных хвалях, нас можна знайсці ў інтэрнэце, у сацыяльных сетках. Таямніцу радыйнай мастацкай прасторы ў многім стварае голас артыста, яго харызма. З Беларускім радыё заўсёды супрацоўнічалі і працягваюць гэта рабіць лепшыя артысты мінскіх тэатраў. За што мы ім удзячныя.
На Першым нацыянальным канале становіцца добрай традыцыяй завяршаць год прэм’ерай у «Тэатры Беларускага радыё». І сёлетні – таксама не выключэнне. Сачыце за нашай праграмай і ў снежні мы абяцаем вам такую прэм'ерную сустрэчу!
А ў бліжэйшыя выхадныя лістапада да дня нараджэння пісьменніка Уладзіміра Караткевіча паводле яго п'есы “Званы Віцебска” прагучыць радыёверсія аднайменнага спектакля Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Рэжысёр пастаноўкі Валерый Мазынскі. Запіс з фондаў Беларускага радыё 1979-га года. У галоўнай ролі Іясафата Кунцэвіча – народны артыст Беларусі Уладзімір Куляшоў. Пачатак, як заўсёды, – у 22 гадзіны 5 хвілін. Не прапусціце!