Падзяліцца:
«Адлюстраванні. «Стану песняй у народзе...». Радыёблог Галіны Шаблінскай
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 14.07.2023
«Адлюстраванні. «Стану песняй у народзе...». Радыёблог Галіны Шаблінскай

Ліпень – месяц нараджэння вядомай беларускай пісьменніцы Алаізы Пашкевіч-Цёткі. Яе творы знаёмыя нам яшчэ са школьнай хрэстаматыі, а разуменне лёсу і жаночай ахвярнасці прыходзіць з часам.

Рана пачаўся шлях Алаізы ў вялікі свет. Яна нарадзілася ў маёнтку Стары Двор Лідскага павета ў шматдзетнай шляхецкай сям’і (цяпер гэта Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці).

Вучылася ў Вільні і Пецярбургу, Львове і Кракаве. Невыпадковай была назва яе першага вершаванага зборніка «Скрыпка беларуская», які выйшаў у 1906 годзе. Так маладая аўтарка манефісціравала сваё служэнне роднаму краю праз паэтычнае слова. Але мы ведаем Цётку і як адну з пачынальніц беларускай прозы, таленавітага публіцыста. Яна цудоўна апісала свае падарожжы ў Фінляндыю, Швецыю, Італію. І ўсё ж, як адзначае сучасная крытыка, «...перажыванні Цёткі былі найперш звязаны з лёсам таго краю, таго народа, якому напрыканцы свайго шляху сястра міласэрнасці і паэтка ахвяруе нават жыццё. Менавіта на грунце роздуму пра народны лёс і народны характар і фарміравалася сутнасць Цётчынай творчасці…».

Паводле ўспамінаў сучаснікаў, у ёй самой адчувалася вялікая ўнутраная сіла, незвычайная экспрэсіўнасць. І трэба сказаць, такім жа душэўным неспакоем Цётка надзяляла і сваіх героеў. Для аўтаркі перадусім быў ідэал Бацькаўшчыны, вольнай зямлі. Дух змагарства яднае і герояў яе вядомых твораў. Дарэчы, пад уплывам верша Цёткі «Вера беларуса» быў напісаны купалаўскі шэдэўр «А хто там ідзе?».

Зварот пісьменніцы да моладзі, у якой яна бачыла заўтрашні дзень Беларусі, гучаў занепакоена і вельмі натуральна: «На вас ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей родную мову, узбагачваць свой народ знаннем і культурай. Вы здабываеце навуку для сябе, дык дзяліцеся ёю з тымі, хто для вас цяжкай працай здабывае кусок хлеба.» Цётка была аўтарам «Першай чытанкі для дзетак-беларусаў», галоўным рэдактарам першага дзіцячага беларускамоўнага часопіса «Лучынка». Як хрысціянка, яна здзейснілася праз педагагічную працу, прычым не проста як настаўнік моладзі, а тая цэнтрычная асоба, што прыцягвала маладыя душы сваёй духоўнай моцай.

Ну і, канечне, яе лекарская медсястрынская жыццёвая практыка. Нават у эпідэмію тыфу яна ідзе да хворых і дапамагае ім, нягледзячы на смяротную небяспеку. Не засцераглася. Адыйшла ў высокія нябёсы, не маючы поўных 40 гадоў. Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што сваім жыццём Алаіза Пашкевіч-Цётка сцвярджала імідж беларускай жанчыны, як стваральніцы нацыі, што несла ў сабе пасіянарскі пачатак.

Яркі, харызматычны вобраз самой пісьменніцы ўвасоблены ў вершах і прозе, мастацкіх і скульптурных работах розных беларускіх аўтараў. Напрыклад, паэмы «Суд Алаізы», «На зломе маланкі», раман-дылогія «Крыж міласэрнасці», прысвечаныя Алаізе Пашкевіч, напісаны Валянцінай Коўтун. Паводле згаданага рамана рэжысёрам Дзіамарай Ніжнікоўскай знята аднайменная кінастужка на студыі «Беларусьфільм».

А я дасюль памятаю літаратурную вандроўку на радзіму Цёткі, калі ў Беларусі адзначаўся яе 120-гадовы юбілей. Да гэтай даты прайшлі сустрэчы з удзелам навукоўцаў, пісьменнікаў, грамадскасці. Тады ж, у Шчучыне, на беразе возера, побач са старадаўнімі царквой і касцёлам быў урачыста адкрыты помнік Алаізе Пашкевіч-Цётцы скульптара Алеся Ліпеня. Быццам прысела яна на хвіліну-другую перад доўгай дарогай. Трошкі стомленая, трошкі самотная. А позірк пранікнёна-удумлівы, крыху затоены. Быццам спытаць у нас штось хоча, углядаецца ў нашы вочы і спрабуе адчуць нашы сэрцы. Быццам дзве эпохі сыйшліся зараз у адну. Паядналіся прарочым радком паэтэсы «стану песняй у народзе…».


Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: