Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Сустрэчы з класікам». Радыёблог Галіны Шаблінскай
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 23.09.2021
«Адлюстраванні. Сустрэчы з класікам». Радыёблог Галіны Шаблінскай

На гэтым тыдні – дзень нараджэння аднаго з найстарэйшых музеяў Беларусі. І хаця сёлета – дата не круглая, але чым не нагода яшчэ раз звярнуць увагу на Купалаў дом, як з любоўю называюць яго жыхары сталіцы.

Пастанову аб стварэнні Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы беларускі ўрад прыняў 25 мая 1944 года, а 20 верасня 45-га ён быў адкрыты для наведвальнікаў. Сёння – гэта надзвычай сучасная ўстанова. Тут створана новая (трэцяя па ліку) экспазіцыя “Шляхі”, якая прадстаўляе Янку Купалу як генія нацыянальнай літаратуры, што паўплываў на станаўленне беларускай дзяржаўнасці, а яго творчы лёс прачытваецца ў сусветным кантэксце. Выкарыстанне IT-тэхналогій пашырае інфармацыйныя магчымасці экспазіцыі, спрыяе стварэнню атмасферы месца і часу, набліжае постаць Паэта да нас сённяшніх.

У музейных зборах налічваецца больш за 40 тысяч экспанатаў, якія рупліва пачынала збіраць некалі Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, першы дырэктар Купалаўскага музея, жонка паэта, педагог, заслужаны дзеяч культуры Беларусі. Дарэчы, ў сёлетнім снежні – 130-годдзе з дня яе нараджэння. Гэтая жанчына сваім жыццём сцвердзіла адданасць каханаму чалавеку і апантанасць справе ўшанавання памяці народнага Песняра. Яе ахвярнасць Лёсу вялікага паэта здзіўляе, захапляе і выклікае глыбокую пашану. Уладзіславай Францаўнай былі закладзены і першыя музейныя традыцыі, што паспяхова здзяйсняюцца дасюль.

Асаблівую прыцягальнасць у любым літаратурным музеі маюць аўтографы пісьменніка, у Купалаўскім гэты фонд – адзін з найбольш значных. Знаёмства з ім выклікае безліч пачуццяў, рукапісы ўспрымаюцца як жывыя сведкі лёсу самога Песняра. Музей Янкі Купалы з’яўляецца і навуковым цэнтрам па вывучэнні жыцця і творчасці паэта. З 1991-га года тут ладзяцца міжнародныя навуковыя канферэнцыі “Купалаўскія чытанні” сумесна з Міжнародным фондам Янкі Купалы. Важны складнік навуковай дзейнасці – каталагізацыя па апісанні самых каштоўных музейных калекцый. За апошнія гады выйшла некалькі унікальных каталогаў, у тым ліку: “Рукапісная спадчына Янкі Купалы”, “Аўтографы першага народнага паэта Беларусі” ды іншыя.

У сценах Купалавага дома адбываюцца цікавыя творчыя імпрэзы, кніжныя прэзентацыі, літаратурныя, мастацкія і гістарычныя выставы. Тут любяць эксперыментаваць, не баяцца быць носьбітамі самых нечаканых крэатыўных ідэй. Тут, сапраўды, жыве спадчына і дух Янкі Купалы.

Праўда, сённяшні пандэмічны час ўносіць свае карэктывы ў творчыя планы музейшчыкаў, але праца не спыняецца. Напрыклад, цяпер у музеі працуе выстава “Верасень месяц…”, якая прысвечана падзеям верасня 1939 года ў жыцці і творчасці Янкі Купалы. На ёй прэзентуюцца рарытэтныя памяткі тых дзён – фотаздымкі, рукапісы Купалы, а таксама друкаваныя выданні 1939 года. Сама навіна пра ўз’яднанне беларускага народа прыйшла да паэта ў далёкім Ерэване, дзе ён браў удзел у святкаванні 1000-годдзя армянскага народнага эпасу “Давід Сасунскі”. І ўжо 18 верасня быў надрукаваны яго артыкул “Вітаю мудрае рашэнне ўрада”, а праз некалькі дзён з’явіўся першы верш “Верасень месяц…”. Яшчэ 12 паэтычных твораў з пазнакай “Ерэван-Мінск” былі надрукаваны ў верасні-кастрычніку на старонках газеты “Звязда”. Пазней яны ўвайшлі ў апошні прыжыццёвы зборнік Янкі Купалы “Ад сэрца”.

Выстава “Плыве ў свет рака Бяроза…” з фондаў Купалаўскага музея адкрыта ў Барысаўскім аб’яднаным музеі ў рамках рэспубліканскай акцыі “Барысаў – культурная сталіца Беларусі 2021 года”. З гэтым горадам і раёнам звязана творчая і грамадская дзейнасць Купалы, варункі яго асабістага жыцця. А ў Капыльскім раённым краязнаўчым музеі працягвае працаваць сумесны з купалаўцамі выставачны праект “Сустрэчы”, які прысвечаны ураджэнцу Капыля, першаму біёграфу Янкі Купалы, пісьменніку і публіцысту Льву Клейнбарту. Яны пасябравалі ў Санкт-Пецярбургу і менавіта Клейнбарт пазнаёміў Купалу з мецэнатам Аляксандрам Ярэмічам, які дапамог ажыццявіць выданне яго кнігі “Шляхам жыцця”. Сапраўды, дзякуючы багатым музейным фондам, мы далучаемся да лёсу паэта і чалавека Янкі Купалы.

Адным словам, пры вольнай часіне адчыніце дзверы Купалавага дома. Паверце, пасля першага знаёмства з музеем, вам захочацца сюды вярнуцца. Спадчына класікаў застаецца нам і “ласкай матчынай”, і моцным грунтам у дні заўтрашнім.


Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: