З 20 па 26 сакавіка на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё пройдзе «Тыдзень памяці» ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 22 сакавіка 1943 года – сумная і балючая дата для ўсіх беларусаў. 80 гадоў таму, як раз у гэты веснавы дзень, карнікамі была спалена вёска Хатынь разам з усімі яе жыхарамі.
5 ліпеня 1969 года на месцы трагедыі адкрыты мемарыяльны комплекс «Хатынь». Ён стаў сімвалам-помнікам усім беларускім вёскам, якія метадычна знішчаліся нацыстамі на акупіраваных беларускіх землях. Так выконваўся гітлераўскі план «абязлюджвання тэрыторыі», «пашырэння жыццёвай прасторы на ўсход». На сённяшні дзень вядомы назвы больш за 9000 спаленых беларускіх вёсак. І гэта яшчэ не канчатковая лічба...
Ваенная тэма ў жанрах мастацка-пастановачнага вяшчання Беларускага радыё заўсёды была адной з важных. Сотні самых розных радыёспектаклей і пастановак пра той трагічны час захоўваюцца ў нашых фондах паводле знакавых твораў розных аўтараў.
Падчас «Тыдня памяці» ў «Тэатры Беларускага радыё» слухайце: сёння – радыёспектакль «Дарога ў Хатынь» паводле аповесці Барыса Сачанкі, у аўторак і сераду – радыёспектакль «Хатынская аповесць» па аднайменным творы Алеся Адамовіча, а з чацвярга па нядзелю – мы запрашаем вас на прэм'еру радыёфільма-рэквіема «Вогненная памяць» паводле дакументальнай кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі...».
Гэты ўнікальны твор увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як дакументальная трагедыя, кніга-памяць, дзе сабраны расказы-ўспаміны больш як 300 непасрэдных сведкаў хатынскіх трагедый. На працягу 1970-73 гадоў аўтары аб'ездзілі 35 раёнаў Беларусі, пабывалі ў 147 вёсках, спаленых фашыстамі разам з людзьмі. У выніку ў 1975-м годзе была выдадзена кніга з балючай назвай-сімвалам «Я з вогненнай вёскі...». Яна выходзіла ў перакладзе на розныя мовы, паводле яе быў зняты дакументальны фільм рэжысёрам Віктарам Дашуком.
А мы прапануем вам аўдыяверсію – «Вогненная памяць». Які мастацкі сюжэт, нават калі ён створаны паводле абсалютна канкрэтных падзей, можа параўнацца з праўдай жывога жыцця? Галасы сведкаў жахлівай трагедыі генацыду беларускага народа ў гады фашысцкай акупацыі даносяць да нас якраз тую непрыхарошаную, страшную праўду. А гукавыя магчымасці аўдыяжанру дазваляюць захаваць час, месца дзеяння, атмасферу. Зразумела, што з амаль пяцісот кніжных старонак мы ўзялі толькі некалькі аповедаў жывых сведкаў для радыёфільма. Інакш эфір зацягнуўся б на месяцы! Але справа не ў колькасці, а ў тым, што і гэтыя 27 ўспамінаў усё роўна вяртаюць нас туды, у пекла гісторыі, якую перажыла наша зямля. Яны выклікаюць эмацыйны шок і кадзіруюць нас ад беспамяцтва. Папярэджваюць пра асабістую адказнасць кожнага за агульную будучыню.
У ролях заняты артысты мінскіх тэатраў. Апавядальнікі – народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рагаўцоў, рэжысёр-пастаноўшчык Алег Вінярскі, гукарэжысёр Валерый Бяляеў, аўтар інсцэніроўкі для радыё і кіраўнік праекта Галіна Шаблінская.
Асобна ў нашым пастановачным праекце можна гаварыць пра музыку, якую напісаў кампазітар Уладзімір Саўчык. Яна гучыць як сапраўдны рэквіем па ўсіх ахвярах мінулай вайны. Уладзімір Мікалаевіч быў вельмі ўзрушаны гэтай кнігай. І працаваў з неверагоднай аддачай. Ён жыў гэтым. А музычныя цыклы для радыёфільма былі запісаны сімфанічным аркестрам і Акадэмічным хорам Белтэлерадыёкампаніі, дырыжоры Аляксандр Высоцкі і Андрэй Саўрыцкі. Літаральна ў мінулую пятніцу прыйшла сумная вестка, у якую не хочацца верыць: Уладзіміра Мікалаевіча Саўчыка не стала. І наша прэм'ера – яго светлай памяці: таленавітага творцы і цудоўнага чалавека.
Час эфіру «Тэатра Беларускага радыё» – штодзённа, у 22 гадзіны 5 хвілін.