Падзяліцца:
«Адлюстраванні. У памяці і сэрцы…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 04.05.2021
«Адлюстраванні. У памяці і сэрцы…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Прыйшоў травень, як ласкава называлі апошні вясновы месяц нашы продкі, і ўсё навокал пачынае мяняцца. Хаця сёлетняя вясна і не дужа хоча радаваць нас цяплом, але ўсё роўна гэтая пара года тоіць у сабе столькі жыццядайных матываў, што здольная адагрэць любую душу.

Шчодры май не толькі на бласлаўлёную прыгажосць, але і на святочныя дні, якія дораць нам розныя настроі. Мае калегі журналісты маюць да гэтага вясновага месяца свой сантымент, з ім супадае наша прафесійнае свята. Сённяшні паскораны рытм жыцця не вельмі спрыяе вяртацца «ва ўчора», і тым не менш цяперашнія дні – якраз такая нагода. Не столькі вяртанне, колькі жаданне згадаць з удзячнасцю тых, хто невыпадкова сустрэўся на тваёй творчай дарозе.

Аляксандра Паўлаўна Шлег – ветэран беларускай радыёжурналістыкі, дзякуючы якой так шмат пачаткоўцаў некалі аддана палюбілі сваю прафесію і засталіся вернымі слову. Сапраўдны майстра сваёй справы, знаўца мовы, чулая і сардэчная жанчына. Гутаркі з Аляксандрай Паўлаўнай заўсёды прыносілі столькі жыццёвага імпэту, нязмушаных прафесійных падказак, нават дробязей, якія па тым часе здаваліся недасягальнай мудрасцю, таму што да ўсяго трэба было дарасці самой. А яна рабіла ўсё проста і з той абаяльнай усмешкай, што прыцягвае маладыя душы, дорыць ім упэўненасць у сабе.

Маргарыта Канстанцінаўна Старых усё сваё жыццё працавала ў рэспубліканскім друку, была культурным аглядальнікам і пісала цудоўныя артыкулы, нарысы, рэцэнзіі, прысвечаныя беларускаму мастацтву. Яе адносіны да працы здзіўлялі сваёй суперадказнасцю, уменнем сканцэнтравацца на самым галоўным. Я пазнаёмілася з ёй студэнткай пятага курса журфака БДУ. Маргарыта Канстанцінаўна была кіраўніком маёй пераддыпломнай практыкі. Вытанчаны густ, тактоўнасць, веданне глыбінь прафесіі настолькі арганічна складалі яе сутнасць, што хацелася слухаць, размаўляць і нават часам раіцца з ёю па якіхсьці спрэчных пытаннях. Яна ўмела шчыра радавацца поспеху юных калег. За што многія сказалі б ёй сёння «дзякуй»!

І ўсё ж асобным майскім святам, самым хвалюючым і чаканым, для нас застаецца Дзень Перамогі. Ён штогод вяртае да мінулых падзей, будзіць сумленне і спараджае дыялогі-споведзі альбо ціхі невыказны сум, які генетычна ўласцівы беларусам. Мы на той страшнай вайне згубілі кожнага трэцяга жыхара нашай краіны. І ў кожным беларускім родзе свой пякельны досвед вайны…

Калі не стала майго таты Васіля Яфімавіча Шаблінскага, таксама франтавіка, які прайшоў шляхамі Вялікай Айчыннай з першага і да апошняга дня, і калі ў мяне 9 Мая не атрымліваецца патрапіць да яго на магілу, я абавязкова іду ў царкву, каб пастаяць у маўклівай гаркоце, гледзячы на полымя свечкі. Успомніць дарагое аблічча, падумаць пра лёс цэлага пакалення, якому так трагічна выпала трымаць урокі гісторыі.

Хачу нагадаць нашым слухачам, што да Дня Перамогі ў «Тэатры Беларускага радыё» з 6 па 9 мая прагучыць адзін з нашых новых радыёспектаклей, прысвечаных ваеннай тэме, «…І няма шляху чужога» паводле аднайменнай аповесці лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі пісьменніка Уладзіміра Саламахі.

У аснове твора – трагічны лёс старога чалавека Іосіфа Кучынскага са спаленай карнікамі беларускай вёскі Гуда. Яшчэ адна праўда пра тую, для многіх сёння ўжо далёкую, вайну. Але трагедыя якой не зменшылася і на адлегласці дзесяцігоддзяў працягвае сцвярджаць ісціну чалавечага ў чалавеку, адказнасці аднаго перад цэлым светам. Пастаноўка рэжысёра Алега Вінярскага. У галоўных ролях заняты народныя артысты Беларусі Сяргей Журавель, Арнольд Памазан, Мікалай Кірычэнка, народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў, артыст Андрэй Кавальчук.

Некалі Віктар Астаф’еў заўважыў, што «ўсё лепшае ў літаратуры пра вайну створана тымі, хто ваяваў на перадавой». Васіль Быкаў яму адказаў: «Увогуле гэта справядліва, хоць я б не сцвярджаў так катэгарычна, згаджаючыся, аднак, з той часткай сцвярджэння, што асабісты вопыт вайны тут нельга замяніць нічым».

У наш няпросты і трывожны век вельмі хацелася б, каб такі «асабісты вопыт» пісьменніка назаўсёды застаўся ў мінулым часе…

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: