Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Урокі Коласа». Радыёблог Галіны Шаблінскай
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 17.08.2022
«Адлюстраванні. Урокі Коласа». Радыёблог Галіны Шаблінскай

Трымацца ў жыцці свайго анёла надзеі часцей выпадае душы творчай. Быць у пэўнай ступені абярэгам для наступных часоў – лёс спадчыны таленавітых мастакоў слова. Праз гады і стагоддзі мы ўспрымаем іх як класікаў, і яны ўваходзяць у нацыянальную гісторыю як постаці, без якіх тая ж самая гісторыя не магла быць напісана. Ці, прынамсі, напісана інакш.

Сёлета мы адзначаем 140-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. І гэта будзе восенню – 3 лістапада, а ў апошні летні месяц, 13 жніўня – дзень светлай памяці класіка беларускай літаратуры.

За свае няпоўныя 74 гады жыцця ён зрабіў вельмі шмат для беларускай нацыі. Паэт і празаік, драматург і публіцыст, вучоны і педагог, нязменны віцэ-прэзідэнт беларускай Акадэміі навук з дня яе ўтварэння, актыўны грамадска-палітычны дзеяч, дэпутат Вярхоўнага савета СССР і БССР – пералік можна доўжыць яшчэ. Відавочна тое, што ў адной асобе спраўдзіўся не толькі вялікі талент, але і чалавек годнай грамадзянскай пазіцыі.

Прафесар Міхась Мушынскі, самы аўтарытэтны коласазнаўца, у адным з артыкулаў пісаў, што Колас «усё сваё свядомае жыццё бараніў годнасць пісьменніка, годнасць літаратуры як высокага мастацтва, як увасаблення творчай энергіі народа. Як адзін са стваральнікаў беларускай літаратурнай мовы, ён шмат зрабіў дзеля яе паспяховага развіцця і ўзбагачэння».

Сёння добра вядомы той факт, што ў дзень сваёй смерці Якуб Колас занёс у ЦК КПБ ліст, дзе выказваў сваю занепакоенасць пра крытычны стан беларускай мовы, прапаноўваў меры яе абароны. Гэты дакумент быў упершыню надрукаваны ў 1990-м годзе ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва».

«Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы!» – вядомыя радкі Якуба Коласа, якімі пачынаецца яго культавы твор «Новая зямля», даўно сталі для нас своеасаблівым беларускім брэндам. І калі «Новая зямля» – энцыклапедыя жыцця беларусаў пачатку ХХ стагоддзя ў натуральных прыродных умовах, то яшчэ адна знакавая паэма Коласа «Сымон-музыка» метафарычна ўспрымаецца намі як гімн народнаму мастацтву, таленавітай беларускай душы. Рэалістычны пачатак «Новай зямлі» і рамантычны «Сымона-музыкі» якраз і яднаюць быційнае з духоўным, што надае жыццю чалавека асаблівы сэнс, а яго самога робіць асобай цэльнай і самадастатковай. Гэта знакавыя творы класіка беларускай літаратуры, якія з’яўляюцца нацыянальнымі шэдэўрамі. Яны даюць духоўную моц многім творцам, будзяць фантазію і нараджаюць новыя цікавыя ідэі. Да іх звярталіся і працягваюць звяртацца кампазітары, рэжысёры, мастакі.

У фондах Беларускага радыё захоўваюцца дзве пастановачныя версіі «Сымона-музыкі». Першая была створана яшчэ пры жыцці Якуба Коласа ў 1955-м годзе і ў ёй заняты народны артыст СССР Глеб Глебаў, народны артыст Беларусі Іван Шаціла ды іншыя майстры-купалаўцы старэйшага пакалення. А напрыканцы ХХ стагоддзя, у 1997-м годзе, пастаўлены музычны радыёспектакль рэжысёрам Уладзімірам Залатухіным, кампазітар Леанід Захлеўны. Песні на словы Якуба Коласа гучаць у выкананні заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Наталлі Раманскай і народнага артыста Беларусі Якава Навуменкі.

Паводле паэмы «Новая зямля» ў 1976-м годзе рэжысёрам Соф’яй Гурыч ажыццёўлены аднайменны радыёспектакль. У галоўных ролях – народныя артысты Беларусі Генадзь Гарбук, Павел Дубашынскі, Марыя Захарэвіч, народны артыст СССР Віктар Тарасаў. А яшчэ ў нашых фондах захоўваецца запіс паэмы «Новая зямля» 1994-га года ў мастацкім выкананні цудоўнага артыста, былога купалаўца Аляксандра Уладамірскага. Вось вам яскравы прыклад зацікаўлення сучаснікаў творамі класіка толькі ў адным жанры – радыёпастаноўка.

А каб лепш спазнаць загадку лёсу і творчасці паэта, можна гэтымі летнімі днямі скіравацца на Стаўбцоўшчыну – радзіму Якуба Коласа, адкуль і пачыналіся сцежкі маладога Кастуся ў вялікі свет. Чатыры мемарыяльныя сядзібы: Акінчыцы, Ласток, Альбуць, Смольня ўваходзяць у склад філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа «Мікалаеўшчына». Няхай дапамогуць яны вам зазірнуць у глыбіні душы народнага Песняра і вялікага Чалавека. Каб усвядоміць штосьці важнае і ў сваім жыцці…

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: