У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы да канца ліпеня працуе выстава «Янка Купала і Якуб Колас. Досціпы ад класікаў» з нагоды 140-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі. Гэты сумесны праект музея Янкі Купалы і Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, як падкрэсліваюць самі музейшчыкі, «скіраваны на папулярызацыю знакавых персон беларускай культуры ў Год гістарычнай памяці».
Насамрэч, задумка вельмі цікавая і рэалізавана яна ў музейнай прасторы цудоўна! Тут прадстаўлены экспанаты не толькі з фондаў абодвух музеяў, але і з уласных калекцый нашчадкаў класікаў: рукапісы твораў, сярод якіх, дарэчы, малавядомыя вершы Коласа на медыцынскія тэмы, прыжыццёвыя выданні, фотаздымкі, шаржы, арыгінальныя мастацкія партрэты, асабістыя рэчы паэтаў. Асаблівую ноту дадаюць успаміны сучаснікаў пра жартоўныя выпадкі з жыцця Купалы і Коласа, іх стаўленне да тых ці іншых нетыповых сітуацый, уменне адрэагаваць нязмушана і бяскрыўдна. Вядома ж, абодва не былі абдзелены пачуццём гумару ў жыцці. Наадварот, як людзі таленавітыя, адораныя, карысталіся ім тонка і трапна. І ў маладосці, і ў сталасці, пры розных нагодах, часам не самых аптымістычных. Сатыра і гумар, празрыстая іронія творцаў знайшлі адлюстраванне таксама і ў іх спадчыне, асабліва – грамадзянска-патрыятычнай лірыцы.
Арганізатары выставачнага праекта ў сваёй канцэпцыі кіраваліся прынцыпам стварыць жывы вобраз кожнага з паэтаў, іх стасункаў не толькі паміж сабой, але і з роднымі, сябрамі, калегамі-пісьменнікамі. Яскрава перададзена і атмасфера часу ў літаратурным коле. Напрыклад, вядома, што Купала да публічных выступленняў не меў асаблівай ахвоты. А паводле згадак Максіма Лужаніна, яго ўдала імітаваў адзін з маладых празаікаў Мікола Нікановіч. Неяк у Доме пісьменнікаў хлопца папрасілі паказаць нядаўні выступ Купалы на творчай вечарыне. Нікановіч не прымусіў сябе доўга ўпрошваць. А тым часам нячутна адчыніліся дзверы і голас, вельмі падобны на той, што якраз гучаў у зале, перапыніў імітатара: «А нішто сабе выходзіць, ліханька!» Гэта зайшоў Купала і працягнуў: «Ведаеш, Мікола, ты практыкуйся, можа я калі прыхварэю, дык заменіш…».
На выставе можна пачуць і нямала, я б сказала, мілых хатніх гісторый, напрыклад, пра чатырохногіх сяброў пісьменнікаў, якія жылі на іх сядзібах, фотаздымкі сабак Музы і Журана. Прыгожая аўчарка Муза была ў Коласа ў пасляваенныя гады. Але яна зусім не адпавядала свайму прызначэнню вартаўніка. Баязлівая, ад чужых уцякала. Любіла пазабаўляцца з футбольным мячом, што цешыла Канстанціна Міхайлавіча. А потым ён неяк пажартаваў, што лепш было б «перадаць гэту Музу на стадыён, можа, падвучыцца каля футбалістаў і выб’ецца ў людзі».
Дарэчы, кожная з такіх гісторый у вітрынах экспазіцыі пазначана нумарамі – з першага па трыццаты. Усе гэтыя трыццаць аповядаў можна знайсці ў ячэйках адмысловага стэлажа, які зроблены ў выглядзе рэдакцыйнай нашаніўскай паліцы. Выбіраеце па густу экспанат і атрымліваеце чарговы досціп ад класікаў. А побач – дзверы, на іх вы ўбачыце шкло з QR-кодамі, праз якія можна прачытаць жартоўныя вершы. Тут жа – аўтограф Янкі Купалы на 1-м томе яго Збору твораў, адрасаваны паэтэсе Канстанцыі Буйло: «Мілай Костцы на ўспамін аб Віленскіх барыкадах. Масква, 2.ІІІ.29г.». Гэты фрагмент экспазіцыі таксама звязаны з адным кур’ёзным выпадкам…
Зайдзіце ў Купалаў дом і усміхніцеся разам з класікамі. А яшчэ лепш – замоўце куратарскую экскурсію па гэтым выставачным праекце і вы пачуеце шмат жартаўлівых цікавостак з жыцця Янкі Купалы і Якуба Коласа. Досціп, сапраўды, лечыць і ратуе ад непатрэбнай мітусні і паныласці, канцэнтруе думкі на важным і вартым нашых памкненняў.