Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Ваенны аўдыялетапіс». Радыёблог Галіны Шаблінскай
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 08.05.2023
«Адлюстраванні. Ваенны аўдыялетапіс». Радыёблог Галіны Шаблінскай

Да 78-й гадавіны Вялікай Перамогі ў «Тэатры Беларускага радыё» 8 мая пачынаецца «Тыдзень памяці». Штовечар у нашай эфірнай тэатральнай зале будуць гучаць спектаклі і пастаноўкі паводле мастацкіх твораў, прысвечаных падзеям мінулай вайны.

Гаварыць пра перажыты боль і тую жахлівую трагедыю мільёнаў можна рознымі сродкамі. Літаратура і мастацтва дапамагаюць нам вяртацца ва ўчарашні дзень, каб думаць пра заўтрашні. Да праўдзівых успамінаў жывых сведкаў саміх падзей ў нашай памяці застаюцца лепшыя ўзоры мастацкіх твораў пра вайну, якія выклікаюць глыбокія пачуцці і перажыванні. Яны нясуць моцны зарад кожнай душы, неабыякавай да гісторыі сваёй Радзімы.

«У дачыненні да праблем мінулай вайны, – пісаў народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў, – літаратура павінна праявіць крыштальную праўдзівасць і шчырасць. Толькі праўдзівыя і да канца асэнсаваныя сведчанні мінулай вайны могуць саслужыць чалавецтву патрэбную службу...»

Жанр радыёспектакля – унікальны і разам з тым даступны масавай аўдыторыі. Сёння мы можам гаварыць пра багацейшую мастацкую аўдыяспадчыну, у якой творы пра вайну займаюць асаблівае месца. Нашы калегі заўсёды разумелі важнасць такой тэмы, яна была абсалютна натуральнай і жывой. І ўсе лепшыя ваенныя творы беларускай літаратуры абавязкова знаходзілі ўвасабленне ў жанры радыёспектакля. Гэта проза і драматургія пісьменнікаў розных пакаленняў: франтавікоў, дзяцей вайны, тых, хто прыйшоў у літаратуру ў пасляваенны час. Кузьма Чорны, Кастусь Губарэвіч, Іван Мележ, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Алесь Адамовіч, Віктар Казько, Міхась Стральцоў, Аляксей Дудараў – спіс можна доўжыць. У кожнага з іх – свой мастацкі спосаб адлюстравання тых трагічных падзей ХХ стагоддзя, але адна праўда пра Вялікую Перамогу, якая забрала кожнага трэцяга беларуса…

За апошнія гады мы запісалі некалькі новых радыёспектакляў ваеннай тэматыкі. Напрыклад, «Пастка» і «Воўчая зграя» Васіля Быкава, «Млечны Шлях» Кузьмы Чорнага, «Найдорф» Івана Пташнікава, «…І няма шляху чужога» Уладзіміра Саламахі, радыёфільм-рэквіем «Вогненная памяць» паводле кнігі-дакумента Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі...».

Хачу падкрэсліць, што праца над гэтымі радыёспектаклямі заўсёды пакідала асаблівае адчуванне. І я зразумела, чаму такая атмасфера панавала ў студыі. Дачыненне да тых падзей мае кожны беларус – і ў другім, і ў трэцім пакаленнях… Тут спрацоўвае досвед роду, які генетычна перадаецца нашчадкам. А таму мастацкі твор выклікае ва ўсіх нас свае асабістыя пачуцці і асацыяцыі. Працуеш напоўніцу. Як сказаў адзін артыст пасля завяршэння запісу: «Я выклаўся на ўсе 100, дзякуй за давер...».

На працягу «Тыдня памяці» ў «Тэатры Беларускага радыё» прагучаць: 8 мая – радыёверсія спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Апошні шанц» па аднайменнай п’есе Васіля Быкава, 9-10 – радыёверсія спектакля тэатра імя Янкі Купалы «Радавыя» па п’есе Аляксея Дударава, 11-12 – радыёспектакль «Трымайце, людзі, Сонца» паводле аповесці Віктара Казько «Суд у Слабадзе», 13-15 – радыёспектакль «Сэрца на далоні» паводле рамана Івана Шамякіна.

Вядомая ісціна – гісторыя паўтараецца тады, калі чалавецтва забывае пра мінулае. Ну а душа чалавека ратуецца памяццю. Дзеля гэтага варта і чытаць, і слухаць лепшыя мастацкія творы «ваеннага летапісу».

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: