Першага лютага споўнілася б 85 гадоў паэтэсе Анэлі Тулупавай. І калі б лёс распарадзіўся па-іншаму, яна магла б яшчэ гэтымі юбілейнымі днямі сустракацца з чытачамі, адказваць на іх пытанні, чытаць свае новыя вершы. Але больш за 20 гадоў таму душа Анэлі Іванаўны выправілася ў высокія нябёсы, каб зверху ўглядацца ў мілую беларускую зямлю і шаптаць ёй самыя пранікнёныя малітвы.
Нарадзіўшыся ў сям'і настаўніка, за тры гады да Вялікай Айчыннай вайны, атрымаўшы на пачатку медыцынскую адукацыю, а праз 14 гадоў – журналісцкую, яна прайшла свой зямны шлях любові і болю. Але спраўдзіла, хаця, вядома ж, не цалкам, дадзены Богам талент. Анэля Тулупава друкавалася ў розных выданнях, у яе выйшла больш за дзесяць паэтычных зборнікаў, некалькі кніжак для дзяцей, яна займалася перакладамі, у тым ліку – з кітайскай паэзіі.
У яе асобе спалучыліся тонкі, пяшчотны лірык і трапны, іскрамётны на яркія вобразы гумарыст. Тэма дабра і зла, хрысціянскіх матываў натуральна прысутнічае ў позняй творчасці. А колькі цудоўных песень напісана беларускімі кампазітарамі на вершы Анэлі Тулапавай! Некаторыя з іх ўспрымаюцца намі сёння як народныя і гэта таксама свой знак якасці.
Загадка таленту – вечная таямніца. І як бы мы ні стараліся яе разгадаць – гэта толькі спробы, якія можна назваць версіямі, знакамі лёсу пэўнай творчай асобы. А паэзія ў такім выпадку – рэтраспекцыя душы паэта.
Помню, з Анэляй Іванаўнай мы запісалі юбілейную праграму, у якой яна шмат расказвала пра сябе. Самой аўтарцы на той час споўнілася 60. Многія яе думкі здаваліся мне тады адкрыццём, а з яе вуснаў гучалі вельмі натуральна і пераканаўча. Цяпер я думаю, што гэта быў арганічны стан душы чалавека, якому дадзена гаварыць вобразамі і пачуццямі, і для якога паэзія – такая ж натуральная, як дыханне. І гэта не прыгожыя параўнанні, а тое, што называюць талентам, дарункам нябёсаў. Але ж такая ласка прыходзіць да чалавека не проста так, яе трэба адпрацаваць напоўніцу! Як казала Анэля Іванаўна: «Я ўсё жыццё вучуся сама і стараюся другім перадаць хоць нейкае слоўца...».
Які рэдкі і няпросты выпадак – таленавітая паэтэса напрыканцы свайго жыцця прыняла манаства. Анэля Іванаўна ўзяла пострыг пад імем манахіні Неанілы. Вядома, на ўсё свае прычыны і сваё пакліканне. Але які характар, якая воля, каб зрабіць такі крок... Якое напаўненне душы, што свядома аддае сябе на волю Бога.