Падзяліцца:
«Адлюстраванні. «Вогненная памяць». Радыёблог Галіны Шаблінскай
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 15.12.2022
«Адлюстраванні. «Вогненная памяць». Радыёблог Галіны Шаблінскай

За два тыдні да Новага года «Тэатр Беларускага радыё» запрашае сваіх слухачоў на прэм'еру. З 15 па 18 снежня прагучыць радыёфільм-рэквіем «Вогненная памяць» у чатырох частках паводле кнігі пісьменнікаў Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі...».

Гэты ўнікальны твор увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як дакументальная трагедыя, кніга-памяць, дзе сабраны расказы-ўспаміны больш як трохсот непасрэдных сведкаў хатынскіх трагедый. На працягу 1970-1973 гадоў аўтары аб'ездзілі 35 раёнаў Беларусі, пабывалі ў 147 вёсках, спаленых фашыстамі разам з людзьмі. У выніку ў 1975-м годзе была выдадзена кніга з балючай назвай-сімвалам «Я з вогненнай вёскі...».

«Сваю задачу мы бачылі ў тым, – адзначаюць у прадмове пісьменнікі, усе трое, дарэчы, прайшлі вайну, былі партызанамі, – каб зберагчы, утрымаць, як «плазму», невыносную тэмпературу чалавечага болю, недаўмення, гневу, якія не толькі ў словах, але і ў голасе, у вачах, на твары. Утрымаць усё тое, што, як паветра, акружае чалавека, які расказваў нам, а цяпер, са старонак кнігі, звяртаецца да чытача – да вас звяртаецца...».

Кніга выходзіла ў перакладзе на розныя мовы, паводле яе быў зняты дакументальны фільм рэжысёрам Віктарам Дашуком. Пра тое, як яна стваралася, больш падрабязна можна даведацца з перапіскі саміх аўтараў. Лісты захоўваюцца ў асабістых фондах Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Ваенная тэма ў жанрах пастановачнага вяшчання Беларускага радыё традыцыйна была адной з важных. Сотні самых розных радыёспектаклей і пастановак пра той трагічны час пастаўлена паводле знакавых твораў Васіля Быкава, Кузьмы Чорнага, Івана Мележа, Алеся Адамовіча, Івана Шамякіна, Івана Чыгрынава, Івана Пташнікава, Аляксея Дударава, Міхася Стральцова ды іншых пісьменнікаў. Іх стылістыка таксама вельмі розная. Гэта і батальныя гераічныя палотны, і камерныя псіхалагічныя пастаноўкі, і бязлітасныя дакладнасцю мінулага балады, і нечаканыя лірычнымі матывамі гісторыі сяброўства і кахання.

Сёлета, у Год гістарычнай памяці, мы вырашылі ўзяць за аснову нашага праекта кнігу-дакумент «Я з вогненнай вёскі...». Які мастацкі сюжэт, нават калі ён створаны паводле абсалютна канкрэтных падзей, можа параўнацца з праўдай жывога жыцця? Галасы сведкаў жахлівай трагедыі генацыду беларускага народа ў гады фашысцкай акупацыі даносяць да нас якраз тую непрыхарошаную, страшную праўду. А гукавыя магчымасці аўдыяжанру дазваляюць захаваць час, месца дзеяння, атмасферу. Зразумела, што з амаль пяцісот кніжных старонак мы змаглі узяць толькі асобныя аповеды для нашага радыёфільма. Але справа не ў колькасці, а ў тым, што яны ўсё роўна вяртаюць нас назад, у гісторыю. Яны выклікаюць эмацыйны шок, яны ў пэўным сэнсе кадзіруюць нас ад беспамяцтва і папярэджваюць пра адказнасць кожнага за дзень сённяшні.

У ролях заняты артысты мінскіх тэатраў, Апавядальнікі – народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рагаўцоў, рэжысёр-пастаноўшчык Алег Вінярскі, гукарэжысёр Валерый Бяляеў, аўтар інсцэніроўкі для радыё і кіраўнік праекта Галіна Шаблінская. Музыка кампазітара Уладзіміра Саўчыка, запісана сімфанічным аркестрам і Акадэмічным хорам Белтэлерадыёкампаніі, дырыжоры Аляксандр Высоцкі і Андрэй Саўрыцкі.

Нагадаю яшчэ раз, што першая частка радыёфільма-рэквіема «Вогненная памяць» паводле кнігі пісьменнікаў Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі...» прагучыць у «Тэатры Беларускага радыё» 15 снежня. Час эфіру, як заўсёды, – 22 гадзіны 5 хвілін. Не прапусціце!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: