Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Выданне паводле аўтарскай волі». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 18.10.2021
«Адлюстраванні. Выданне паводле аўтарскай волі». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Пачну з невялікай цытаты: «Груша цвіла апошні год. Усе галіны яе, усе вялікія расохі, да апошняга пруціка, былі ўсыпаны бурным бела-ружовым цветам. Яна кіпела, млела і раскашавалася ў пчаліным звоне, цягнула да сонца сталыя лапы і распасцірала ў яго ззянні маленькія, кволыя пальцы новых парасткаў. І была яна такая магутная і свежая, так утрапёна спрачаліся ў яе ружовым раі пчолы, што здавалася, не будзе ёй зводу і не будзе канца…”

Канечне, вы памятаеце, менавіта з гэтай раскошы – цудоўнага малюнка вясновай квецені пачынаецца знакаміты раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Кніга выйшла больш за паўстагоддзя таму і даўно сталася культавай для беларусаў. Пра так званы штуршок да яе стварэння сам Уладзімір Сямёнавіч казаў: «Пасля заканчэння універсітэта я здаў кандыдацкі мінімум і пачаў быў пісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 года ва ўсходнеславянскіх і польскай літаратурах, але прыйшлі іншыя інтарэсы: з’явілася задумка аб рамане на тую самую тэму. Да рэалізацыі яе, праўда, я прыступіў толькі праз дванаццаць год…»

Сёння нам цяжка ўявіць беларускую літаратуру без «Каласоў…» Караткевіча. Галоўную задуму свайго твора ён вызначыў так: «Трэба было адной кнігай сказаць усё аб цэлай зямлі». А народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль, сябра Караткевіча, падкрэсліваў: «… гэтай кнігай нам прыпаднесены урок, як трэба любіць народ, як трэба разбірацца ў сваёй гісторыі, як аслабаняцца ад зусім непатрэбнага комплексу ніжэйшасці, які ўбіваўся на працягу стагоддзяў рознымі прыгнятальнікамі».

Вядома, што першая публікацыя рамана ў часопісе «Полымя» выйшла са шматлікімі купюрамі, з якімі ніяк не мог пагадзіцца сам аўтар. Асобнае выданне 1968 года хоць неаднаразова і перавыдавалася, але таксама лічылася няпоўным. Сёння, у выніку вывучэння гісторыі гэтага твора, даследчыкі сцвярджаюць, што справядліва казаць пра тры аўтарскія і два выдавецкія варыянты рамана. Новы Збор твораў Уладзіміра Караткевіча ў 25 тамах, які цяпер выходзіць ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», падарыў нам поўнае выданне рамана «Каласы пад сярпом тваім» паводле аўтарскай волі. Аб’ём тэкста ў параўнанні з ранейшым павялічыўся на чвэрць. На пачатку сваёй галоўнай кнігі, побач з гістарычнымі эпіграфамі, аўтар напісаў: «Маці маёй прысвячаю». І гэты радок шмат што тлумачыць у адносінах пісьменніка да сваёй матулі Надзеі Васільеўны… Сыноўняя ўдзячнасць і захапленне! Дарэчы, у 19 томе гэтага ж Збору твораў можна прачытаць і лісты да маці, якія ён дасылаў у розныя гады.

Вялікую цікавасць гістарычны раман Караткевіча заўсёды выклікаў ў дзеячаў іншых галін мастацтва. Да яго звярталіся тэатральныя рэжысёры, прынамсі, аднайменны спектакль ішоў на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Была ідэя зняць кінастужку паводле «Каласоў…», якая пакуль, на жаль, не рэалізавалася.

У фондах Беларускага радыё захоўваецца радыёспектакль «Каласы пад сярпом тваім», пастаўлены Валерыем Анісенкам, музыка кампазітара Алега Залётнева. Паводле слоў рэжысёра, Уладзімір Сямёнавіч уласнаручна напісаў на радыёсцэнарыі дазвол на гэту пастаноўку. Спектакль можна назваць радыёраманам, у якім прысутнічаюць асноўныя лініі кніжнага сюжэта. Усе яны прапісаны дастаткова выразнымі сродкамі аўдыядзеяння, якое і стварае карціну тагачаснай Беларусі, дзе жывуць героі Караткевіча.

Дарэчы, гэта прыклад класічнай радыёпастаноўкі, калі рэальна зрэжысіраваныя сцэны ў сукупнасці з музыкай і шумамі даюць слухачу магчымасць павандраваць у часе. Нябачныя, пазначаныя толькі гукам, карціны і вобразы паступова набываюць пэўныя зрокавыя асацыяцыі, для кожнага слухача свае. Радыёспектакль «Каласы пад сярпом тваім» паглыбляе нас у гісторыю, дае адчуванне сувязі з тым мінулым, без якога, сапраўды, няма будучыні. У лістападзе, месяцы нараджэння Уладзіміра Караткевіча, гэты спектакль прагучыць у «Тэатры Беларускага радыё». Сачыце за нашай праграмай!

Гісторыя адной кнігі, як і лёс канкрэтнага чалавека, можа скласціся па-рознаму. І ўсё ж – у абодвух выпадках вельмі шмат залежыць ад самога чалавека, яго веры, волі і перакананняў.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: