Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Заўзяты абаронца роднага слова». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 22.07.2021
«Адлюстраванні. Заўзяты абаронца роднага слова». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

22 ліпеня спаўняецца 105 гадоў Уладзіміру Міхайлавічу Юрэвічу. Наш старэйшы калега, які ў гісторыі Беларускага радыё застаўся яркай выбітнай постаццю, хаця ў жыцці быў вельмі сціплым чалавекам. Такая якасць характару, як правіла, адрознівае сапраўдных інтэлегентаў, не па адукацыі і эрудыцыі, а найперш – па сваёй прыродзе.

Гэта яго голасам звярталася да слухачоў радыёстанцыя «Савецкая Беларусь» у гады Вялікай Айчыннай вайны, якая была эвакуіравана ў Маскву з акупаванага фашыстамі Мінска. Гэта ён каментаваў першы парад Перамогі ў вызваленай сталіцы Беларусі, калі горад яшчэ ляжаў у руінах. У пасляваенны час, маючы 15-гадовую дыктарскую практыку, Уладзімір Юрэвіч загадваў аддзелам літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё, быў галоўным рэдактарам мастацкага радыёвяшчання. Ну а з 1963-га пачынаецца эфірны адлік яго легендарнай праграмы для школьнікаў – радыёклуб «Жывое слова», якую Уладзімір Міхайлавіч вёў амаль сорак гадоў. Яго хвалявалі пытанні культуры роднай мовы, яе вытокаў і развіцця ў грамадстве. Хацелася падзяліцца з юнымі слухачамі сваім вопытам і ведамі, адказаць на іх пытанні, запаліць у дзіцячых сэрцах жывое зацікаўленне беларускім словам. Словам, якое гучыць штодня. Вынікам гэтых радыёсустрэч стала цудоўная мовазнаўчая кніга Уладзіміра Юрэвіча «Слова жывое, роднае, гаваркое…», за якую аўтар атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.

Так супала, што апошнія гадоў 10 я была рэдактарам радыёклуба «Жывое слова». Успамінаю той час з цеплынёй і ўдзячнасцю. Сустрэчы з Уладзімірам Міхайлавічам у працэсе падрыхтоўкі праграмы да эфіру выклікалі павагу і захапленне Майстрам! З якой адказнасцю ён ставіўся да справы, як скрупулёзна разглядаў усе лісты, што прыходзілі ад слухачоў. Даваў адказы не толькі ў эфіры, але і персанальна аўтарам. Як працаваў у студыі! Выключная стрыманасць ва ўсім, паважлівае стаўленне да ўсёй творчай брыгады. Ніякай, як сказалі б цяпер, «зорнасці». А глыбокае веданне справы, цудоўнае беларускае маўленне, унутраная арганізаванасць!

Не менш захаплялі і расповяды Уладзіміра Міхайлавіча пра ранейшае жыццё, літаратуру і, канечне, пра першы дэтэктарны радыёпрыёмнік у іх доме, з якога ён упершыню пачуў голас Янкі Купалы. Дарэчы, яго дзед па лініі маці Мікалай Фёдаравіч Турчановіч быў настаўнікам маладога Івана Луцэвіча ў Бяларуцкім народным вучылішчы, якое будучы паэт скончыў у 1898-м годзе.

У гэтай сямейнай гісторыі склаўся і свой адмысловы працяг. Калі на пачатку 30-х Уладзімір Міхайлавіч стаў дыктарам Беларускага радыё, як ён сам казаў: «Жывое слова Купалы ў пэўнай ступені вызначыла мой жыццёвы лёс». Яны сустрэліся ў радыйнай студыі ў 1934-м. Купалу і Бядулю запрасілі пачытаць вершы ў адной з перадач, якую вёў дыктар Юрэвіч. Тады ж народны паэт даведаўся і быў расчулены тым, што гэта ўнук яго Бяларуцкага настаўніка. Пра той перыяд свайго жыцця Уладзімір Міхайлавіч напісаў кранальныя ўспаміны «Жывое Купалава слова». Дазволю сабе адну цытату адтуль: «Кожны раз, калі пачыналася гутарка з Купалам пра мову радыёперадач – па тэлефоне ці з вока на вока пры сустрэчы, – ён выступаў заўзятым абаронцам культуры жывога беларускага слова. І сам паказваў узор высокай культуры абыходжання з невычэрпнымі скарбамі роднай мовы».

Такім жа «заўзятым абаронцам» роднага слова быў на працягу ўсяго жыцця і сам Уладзімір Міхайлавіч. Голас аднаго з першых дыктараў Беларускага радыё стаўся сімвалам высокай культуры маўлення, прыгажосці беларускай мовы. Дасціпнае і па-мастацку выразнае слова засталося ў творах для дзяцей пісьменніка Уладзіміра Юрэвіча. Грунтоўным і ўзважана-аб’ектыўным быў ён і ў сваіх літаратуразнаўчых, крытычных артыкулах.

«Кожны чалавек павінен пераканацца ў тым, што без мовы загіне перш за ўсё набытае праз стагоддзі духоўнае багацце беларускага народа – яго традыцыі, непаўторная самабытная гісторыя, вусная творчасць, мастацкая літаратура, высокая працоўная мараль», – так заканчваецца кніга Уладзіміра Юрэвіча «Слова жывое, роднае, гаваркое…». Такі запавет пакінуў ён нам, каб мы разумелі важкасць гэтай, на першы погляд простай, ісціны…

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: