Пякучая навіна прыйшла са Светлагорска напрыканцы чэрвеня. Пазваніла Соф'я Мікалаеўна Шах. Не стала Ізяслава Рыгоравіча Катлярова, на 86-м годзе жыцця.
Паэт і перакладчык, журналіст і крытык, аўтар амаль чатырох дзясяткаў кніг, якія выходзілі ў Мінску, Маскве, Санкт-Пецярбургу. Адзін з арганізатараў і першы дырэктар Светлагорскай карціннай галерэі «Традыцыя», Ганаровы грамадзянін горада. Гэта дзякуючы яго нераўнадушнаму сэрцу і дзейснай грамадзянскай пазіцыі ў Светлагорскім раёне з’явіліся два знакавыя мемарыяльныя комплексы «Баграціён» і «Ала». Першы прысвечаны вядомай ваеннай аперацыі, з якой пачыналася вызваленне Беларусі, а другі – памяці вёскі Ала, дзе фашысцкімі карнікамі было спалена і расстраляна 1758 чалавек, з іх – 950 дзяцей. Пасля вайны Ала не адрадзілася. За актыўны удзел у захаванні гістарычнай памяці Ізяслаў Рыгоравіч ў 2021-м годзе стаў лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне».
Помню, студэнткай факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта праходзіла сваю першую практыку ў Светлагорскай газеце «Агні камунізму», а маім кіраўніком быў на той час адказны сакратар нашай «раёнкі» Ізяслаў Катляроў. Пазней, калі я ўжо працавала на Беларускім радыё, ён любіў казаць, што яшчэ тады заўважыў малады талент. Наша творчае сяброўства працягвалася праз усе гэтыя гады. Ён быў з тых суразмоўцаў, хто ўмеў гаварыць і слухаць, не шкадаваў добрых слоў у падтрымку. Заўсёды пытаўся пра лёс калег, каго некалі рэкамендавала на журфак рэдакцыя раённай газеты, у якой ён адпрацаваў амаль 35 гадоў. Яго лічаць летапісцам горада і раёна, хаця нарадзіўся ў Чавусах на Магілёўшчыне. Светлагорск стаў другой яго радзімай. З ім цікава было заглыбляцца ў літаратурныя дыскусіі, краязнаўчыя тэмы, жыццёвыя гісторыі і лёсы. Калі выйшла мая першая кніга ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» пра пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, Ізяслаў Рыгоравіч адразу ініцыіраваў яе прэзентацыю ў цэнтральнай раённай бібліятэцы і сам вельмі хораша выступіў.
Часта пасля нашых сустрэч я вярталася ў Мінск з яго новай кнігай альбо іх сумеснымі з Соф'яй Мікалаеўнай выданнямі на дзвюх мовах. Напрыклад, геральдычныя санеты «О, Беларусь, ты гербная держава!», летапісная паэма «Замковое время Беларуси», унікальная кніга-споведзь «Дыялогі». Іх творчыя сямейныя эксперыменты па-добраму здзіўлялі і радавалі. Выклікала павагу і захапленне тое рэдкае разуменне талентаў, якое сустракаецца па жыцці – быць апорай адзін для другога.
На пачатку жніўня ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» надрукавана падборка вершаў Соф'і Шах «Ізяславу Катлярову на 40 дзён». Цытую:
Сапраўды, творчы рабочы стан быў сутнасцю паэта ў зямным вымярэнні. Яго працаздольнасць і ўменне ладзіць з часам можна назваць унікальнымі. Я ведала, што Ізяслаў Рыгоравіч шмат працуе. Але, як тое бывае ў людзей таленавітых, калі задумы становяцца рэальным творам, з'яўляюцца новыя. Іх цяжар зноў кліча аўтара да ўвасаблення вобразаў у словы і строфы. І гэтая нябачная нам прастора жыве з Паэтам пастаянна. Патрабуе самаахвярнасці і апантанасці. Інакш ён не можа.
Апошнія тры кнігі вершаў, якія выйшлі ў 2020-м і 2023-м гадах агульным аб'ёмам больш за шэсцьдзясят аркушаў, мелі сімвалічныя назвы: «Участь», «Приближение к абсолюту» і «Время всех времён». Ізяслаў Рыгоравіч ужо быў цяжка хворы, але, як ні банальна гучыць – муза не адпускала. Калі не мог пісаць сам, дыктаваў свае радкі жонцы Соф'і Мікалаеўне.
Яго справядліва называюць адным з лепшых рускамоўных паэтаў Беларусі. Глыбіня і філасафічнасць, нестандартны позірк на звыклыя рэчы і чысціня душы адбіваюцца ў радках паэта, дзяцінства якога супала з жорсткім ваенным часам, а маці памерла ў Дзень Перамогі. Такія зарубкі засталіся ў сямігадовага хлопчыка, які вырас у сапраўднага Творцу з болем, светлынёй і высокай духоўнасцю. Імя якога застанецца ў гісторыі беларускай літаратуры. А ў фондах Беларускага радыё – некалькі пранізлівых кампазіцый паводле яго вершаў...