Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Жывая прысутнасць класіка». Радыёблог Галіны Шаблінскай
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 01.07.2021
«Адлюстраванні. Жывая прысутнасць класіка». Радыёблог Галіны Шаблінскай

Ліпень – месяц, багаты і шчодры на святочныя акцэнты. Адзін з іх – дзень нараджэння першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

Дзяржаўны літаратурны музей Песняра ў такі час штогод ладзіць шэраг мерапрыемстваў, аб’яднаных агульнай назвай “Купалаўскія дні”. Сёлета яны пачаліся са свята “Купала заўсёды ў сэрцы маім”, якое прайшло ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Ляўкі” – найпрыгажэйшай мясціне на беразе Дняпра ў Аршанскім раёне. У дзень народзінаў Янкі Купалы, 7 ліпеня, – ускладанне кветак да яго помніка ў Мінску, а ў суботу, 10 ліпеня, усіх жадаючых запрашае Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…”. Яно звычайна праходзіць на радзіме Купалы, у Вязынцы, якую можна назваць беларускай літаратурнай Меккай. Якраз адсюль, з фальварка Вязынка былой Радашковіцкай воласці, 139 гадоў таму і пачаўся адлік зямной і творчай хады будучага класіка беларускай літаратуры. А ў 1948-м тут быў адкрыты філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Ваколіцы Вязынкі спрыяюць таму, каб мы сёння змаглі адчуць жывую сувязь з паэтам, пранікнуцца яго беларускім космасам, зразумець душу і моц паэтычнага слова.

“… Купала застаецца зусім арыгінальным і самабытным паэтам. Ён – вялікі майстар верша і даў дасканалыя ўзоры песні. Яго паэзія гэта – квітнеючы многакаляровы сад, гэта – своеасаблівы арнамент беларускага мастацкага слова. У Купалы ёсць вершы, якія можна ставіць у адзін рад з найлепшымі ўзорамі сусветнай паэзіі…” – так эмацыйна і паважліва выказаўся пра свайго сябра і аднагодка яшчэ адзін народны паэт Беларусі Якуб Колас.

Якім бы прагматычным не называлі наша, ХХІ стагоддзе, у ім усё роўна застаецца месца прыгожаму. Таму што душу чалавека па вялікім рахунку мала змяніў час. І спрадвечныя законы любові, павагі і чалавечай годнасці ніколькі не састарэлі. Класічная літаратура, хочам мы таго ці не, а ўсё ж уплывае на нашы духоўныя арыенціры. І творы Янкі Купалы для нас, беларусаў, у многім -- падказка якімі маральнымі прынцыпамі кіравацца ў жыцці сёння, як любіць і шанаваць сваё, роднае, як ставіцца да беларускага слова і нацыянальнай спадчыны. Вядомы рускі паэт Аляксандр Твардоўскі, выступаючы пасля вайны на Другім з’ездзе беларускіх пісьменнікаў, сказаў: “Твораў такога аб’ёму, твораў такой перавагі ў адносінах матэрыялаў народнага жыцця, як у Янкі Купалы, я проста не магу назваць… І ў гэтым сэнсе беларускай літаратуры пашанцавала”. Думку рускага класіка можна працягнуць – пашанцавала ўсім беларусам мець такога Паэта, сапраўднага нацыянальнага генія. Так і хочацца лішні раз нагадаць: “Не лянуйцеся чытаць Купалу”.

У фондах Беларускага радыё захоўваецца некалькі запісаў вядомай паэмы Янкі Купалы “Курган”. Самы унікальны з іх -- 1952-га года. Выконвае гэты цудоўны твор беларускай літаратуры народны артыст СССР Барыс Платонаў, які быў асабіста знаёмы з Янкам Купалам. Больш за тое, іх звязвала шчырае сяброўства.

 Паводле успамінаў жонкі Барыса Платонава, народнай артысткі Беларусі Ірыны Ждановіч: “Іван Дамінікавіч часам прасіў Барыса Віктаравіча зайсці да яго і пачытаць яму яго новыя вершы. Потым чыталіся і больш даўнія творы: паэмы “Курган”, “Яна і я”. І нярэдка бывала, што пры тых чытаннях паэт і артыст употай змахвалі з вачэй слязу. Мне здаецца, духоўная блізкасць, унутраная чалавечая чысціня раднілі гэтых двух людзей…”.

Сапраўды, многіх сучаснікаў Купалы звязвала з вялікім паэтам тая еднасць, якая магчыма пры глыбокай павазе адзін да аднаго. Яго творамі захапляліся, іх цытавалі, а маладыя аўтары чакалі прысуду на свае паэтычныя спробы. А пасля не раз згадвалі пра тыя шчаслівыя імгненні свайго жыцця, якое падаравала ім сустрэчу з Янкам Купалам.

Феномен класічных твораў якраз у тым, каб да іх звярталіся наступныя пакаленні чытачоў. Расчытвалі Купалава слова і адчувалі яго жывую прысутнасць ў духоўным жыцці беларусаў.

 

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: