Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Зорнае неба паэта». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 02.02.2021
«Адлюстраванні. Зорнае неба паэта». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)

Юбілеі класікаў беларускай літаратуры актывізуюць наша стаўленне да спадчыны, даюць імпульс для больш актыўнага зацікаўлення асобай і творчасцю пісьменніка, разуменнем таго гістарычнага часу, у якім яму выпала жыць і спраўджваць свой талент. Такія даты спрыяюць узнікненню розных пытанняў, якія чалавек задае сабе: пра вытокі, радзіму, сэнс жыцця. Таму што літаратура акумулюе той высокі духоўны патэнцыял нацыі, без якога немагчыма самадастатковасць кожнага канкрэтнага чалавека.

Сёлетні год мы пражывём пад знакам 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Маладосць і геніяльнасць – вось тыя дзве дамінанты, якія вызначаюць яго творчы лёс. А жыццё ўнесла сваю трагічную ноту – невылечная хвароба скараціла зямны век Максіма-кніжніка, беларускага Страцім-лебедзя на самым яго ўзлёце. Для ўсіх нас ён назаўсёды застаўся маладым, прыгожым, рамантычным. Часта гучыць справядлівае шкадаванне, калі б Багдановіч пражыў больш – якую б спадчыну мы сёння мелі!

Праўда, класічнае вызначэнне «засталася спадчына» кожны раз выклікае ўнутранае пярэчанне, калі думаеш пра пісьменнікаў, чый зямны век абарваўся заўчасна. І слова, таленавітае і глыбокае, засталося толькі ў тых радках, якія аўтар паспеў спраўдзіць. А іх магло быць значна больш і пасля, у сталым веку, які па-іншаму адкрывае творцу. Аднак жа лёс не пытаецца, ён дае чалавеку роўна столькі, колькі наканавана.

Пра нелітасцівасць лёсу ў адносінах да Багдановіча ведае кожны, каго цікавіць літаратура і гісторыя. Сярод багдановічазнаўцаў сфармавалася такая думка, што страта маці ў раннім узросце была для Максіма стратай Радзімы. Наўпростава так яно і атрымалася, бо потым сям’я пераязджае з Гародні ў Ніжні Ноўгарад. Рэальнае вяртанне ў Беларусь для паэта стане эпізадычным, але творчасць будзе прысвечана менавіта радзіме. Вобраз маці і самых светлых дзіцячых успамінаў пра яе таксама застанецца ў яго творах, трансфармуецца ў метафары і сімвалы.

І ўсё ж так атрымалася, што, нарадзіўшыся ў Мінску, Максім Багдановіч вяртаецца ў родны горад фактычна незадоўга да свайго адыходу: восенню 1916 года. Можна зараз уявіць, як амаль 105 гадоў таму пад мінскім небам ён працуе, піша вершы, сустракаецца з сябрамі-аднадумцамі: Змітраком Бядулем, Зоськай Верас, Аркадзем Смолічам. Адсюль ў лютым 1917-га цяжка хворы выпраўляецца на лячэнне ў Ялту...

Паэт, перакладчык, крытык, публіцыст – ва ўсіх гэтых іпастасях Максім Багдановіч праявіў сябе ярка, неардынарна, па-свойму. Нам застаўся толькі адзіны яго непаўторны “Вянок”, а паэт меўся напісаць і марыў пра выданне яшчэ чатырох зборнікаў паэзіі: “Маладзік”, “Красавік”, “Шыпшына”, “Пярсцёнак”. Можна толькі здагадвацца, што б гэта былі за кнігі!

Наш сучаснік Міхась Стральцоў напісаў некалі ў сваім цудоўным эсэ “Загадка Багдановіча”: “Багдановіч, як ніхто, умеў “закрываць” адны тэмы і адкрываць другія. Ягоны заўсёдны лаканізм, ягоная здольнасць бачыць з’яву цалкам, у мастацкай і сацыяльнай перспектыве – вялікая заваёва нашай літаратуры і Багдановічаў запавет ёй”.

Сёння ў Траецкім прадмесце працуе Літаратурны музей Максіма Багдановіча, дзе сабраны фонд унікальных матэрыялаў пра жыццё і творчасць паэта, а ў Рабкораўскім завулку знаходзіцца філіял музея “Беларуская хатка”, у якой, дарэчы, ён жыў амаль паўгода ў свой апошні прыезд у Мінск. На месцы дома сям’і Багдановічаў, дзе нарадзіўся Максім, усталяваны сучасны мемарыяльны знак, а насупраць, ля Вялікага тэатра оперы і балета – вядомы ў горадзе помнік Паэту, да якога можа прыйсці кожны, калі таго патрабуе душа.

Першы нацыянальны канал Беларускага радыё сумесна з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча пачынае юбілейны праект «Зорнае неба паэта» да 130-годдзя з дня нараджэння класіка. Яго прэзентацыя адбудзецца ў праграме «Творчы вечар» у чацвер, 11 лютага, у 21 гадзіну 5 хвілін. Не прапусціце!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: