«Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…» – гэтыя цудоўныя радкі Алеся Ставера даўно сталіся вядомай песняй. І яно, канечне, так. «Сапраўднае бачыцца на адлегласці» – так можна перафразіраваць яшчэ адно выслоўе ўжо іншага паэта. Але ж, каб палюбіць сваё, каб убачыць такія залацінкі свайго, непаўторнага – трэба яго ведаць, трэба прайсці рознымі шляхамі нашай Беларусі, зазірнуць і ў самыя аддаленыя яе мясціны.
Лета – ўдзячны час для такіх вандровак і спазнанняў. У сёлетні Год гістарычнай памяці не палянуйцеся скласці свой адмысловы маршрут і паступова яго ажыццяўляйце. На маю думку, адзін з найбольш энергетычных – мясціны, звязаныя з класікамі беларускай літаратуры. Кажуць, муры продкаў даюць чалавеку тую сілу, якая здольная пераўтварыць самыя недасяжныя мроі ў рэальнасць. Але і мастацкае слова таксама становіцца рэальнасцю, калі яно дапамагае нам пачуваць сябе годна на сваёй зямлі.
Менавіта такім пачуццём пранікаешся, ходзячы зямнымі сцежкамі Францыска Скарыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Кузьмы Чорнага, Адама Міцкевіча, Петруся Броўкі, Максіма Танка, Івана Мележа, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна – спіс можна працягваць. Беларуская зямля спрадвеку была багатая на літаратурныя таленты.
Вязынка, Яхімоўшчына, Акопы, Ляўкі – знакавыя мясціны жыцця Янкі Купалы, сёння гэта – філіялы Дзяржаўнага літаратурнага музея народнага песняра, дзе вы атрымаеце безліч цікавай інфармацыі і па-іншаму адчуеце слова Купалы. Тым больш, да яго 140-гадовага юбілею ў ліпені тут будуць ладзіцца розныя цікавыя праекты, да якіх пры жаданні далучайцеся больш актыўна!
Літаратурны музей Максіма Багдановіча штогод, у апошнюю нядзелю ліпеня, запрашае на свята паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета», якое праходзіць у Маладзечанскім раёне. У фальварку Ракуцёўшчына летам 1911 года Максім правёў 2 месяцы свайго жыцця, напоўненыя ўражаннямі, прыгажосцю і творчасцю. Пасля літаратуразнаўцы назавуць гэты перыяд Ракуцёўскім летам Паэта, а ў сучасных беларусаў ёсць магчымасць трапіць на сустрэчу з самым маладым класікам, які да крыўднага мала пражыў у Беларусі.
Калі вас цікавіць сувязь літаратурных мясцін з мастацкімі творамі, то, бадай, самы унікальны прыклад ў гісторыі беларускай літаратуры – паэма “Новая зямля” Якуба Коласа. І звязана яна наўпростава з Альбуццю Стаўбцоўскага раёна, дзе з 1890 па 1904 гады жыла сям’я Міцкевічаў. У паэме “Новая зямля” Альбуць Колас назваў Парэччам. У адным з лістоў ён падкрэсліваў: “Гэта строга аўтабіяграфічная паэма як па тых асобах, якія ў ёй апісаны, так і па тых падзеях, пра якія гаворыцца ў паэме…”. У сучаснай сядзібе Альбуць гісторыю “Новай зямлі” можна расчытаць дзякуючы літаратурна-мемарыяльнай экспазіцыі, якая і створана паводле паэмы. Тут ёсць фотаздымкі прататыпаў герояў, рукапісы, выданні гэтага твора розных гадоў, тагачасныя прадметы побыту.
А родавая сядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах Смаргонскага раёна дзівіць і захапляе гарманічнай прасторай зямлі і неба, дзе проста павінен быў нарадзіцца паэт. Дасюль захаваліся магутныя дрэвы цудоўнага парка і каштанавая алея, якія помняць свайго гаспадара, а старасвецкая хата -- з тых самых бярвенняў, з якіх яна будавалася пры Багушэвічу. У кабінеце пісьменніка – стол і крэслы, якімі ён карыстаўся. Адно шкада, што ў Беларусі вельмі мала такіх ацалелых літаратурных пенатаў ХІХ стагоддзя.
Ушацкі раён самай паўночнай вобласці Беларусі можа падарыць вам сустрэчу з трыма народнымі пісьменнікамі: Васілём Быкавым, Петрусём Броўкам, Рыгорам Барадуліным. Да вытокаў жыцця і творчасці амаль нашых сучаснікаў, якія даўно сталіся класікамі беларускай літаратуры, вяртаюць іх родныя мясціны, адпаведна – Бычкі, Пуцілкавічы і Ушачы. Незабыўныя ўражанні і эмоцыі перапаўняюць душу. Так яднаюцца эпохі, а сэрцу хочацца зразумець і адчуць хаду самога жыцця, з якога і вырастае роднае слова. Пастарайцеся знайсці ў вашых летніх планах месца для літаратурных вандровак па Беларусі.