Падзяліцца:
«Афлайн ці анлайн? Пакажа час. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 16.09.2020
«Афлайн ці анлайн? Пакажа час. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Літаральна днямі з’явіліся вынікі аднаго цікавага і важнага даследавання. На фоне самаізаляцыі і дыстанцыйнага навучання ў амаль 84% расійскіх школьнікаў выявіліся нездаровыя псіхічныя рэакцыі. Пра гэта паведаміў Нацыянальны медыцынскі даследчы цэнтр здароўя дзяцей Міністэрства аховы здароўя Расіі. У анлайн-апытанні прынялі ўдзел каля 30 тысяч школьнкіаў з 5 па 11 клас 79 рэгіёнаў краіны. У паловы з іх дыягнаставалі дэпрэсіўны стан, парушэнне сну, амаль трэць скардзілася на галаўныя болі. І што цікава, асноўным сродакам для дыстанцыйнага навучання быў смартфон.

Спецыялісты лічаць, што анлайн-навучанне падыходзіць далёка не ўсім. Такой думкі прытрымліваецца і Таццяна Чарнігаўская, вядомы вучоны ў галіне нейранавукі і псіхалінгвістыкі, прафесар Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пакуль далёка не ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы гатовы да паўнавартаснага анлайн-навучання. А што гаварыць пра школьнікаў, асабліва малодшых класаў, дзе звычайныя прамыя зносіны настаўнік-вучань асабліва важныя.

Свае назіранні прафесар тлумачыць так. Для дзіцяці (ды і для дарослых) свет дзеліцца на дамашні і дзелавы (школа, работа). І школьніку няпроста зразумець, чаму ў хатніх умовах неабходна прытрымлівацца дзелавога распарадку. Таму часцяком і гуляем, і вучымся адначасова. А такі неабходны дакладны падзел на час для вучобы і час на гульню робяць далёка не ўсе. І самім бацькам няпроста кантраляваць гэты працэс. Да таго ж, захапіць вучобай, гарманічна ўключыць у працэс атрымання ведаў праз дыстанцыйнае навучанне няпроста.

Зразумела, зараз дзеці могуць атрымліваць інфармацыю, неабходныя веды з дапамогай інтэрнэту. Але адукацыя — гэта не проста набыццё ведаў, гэта яшчэ і выхаванне, фарміраванне светапогляду. І разумення таго, для чаго неабходныя веды. Як іх аналізаваць, фільтраваць, правільна выкарыстоўваць, крытычна падыходзіць да розных крыніц. Бо віртуальны свет па сутнасці —другасны, у ім шмат падробак, якія часта могуць здавацца лепшымі, чым арыгінал. І трэба змалку навучыць адрозніваць ісціну ад фальшу, праўду ад фэйка, карысную інфармацыю ад спама.

Чалавек асоба сацыяльная. Лепей, каб дзеці раслі і выхоўваліся ў сваім асяродку, вучыліся сярод аднагодкаў. Так яны паступова рыхтуюцца да рэальнага жыцця, з яго радасцямі і складанасцямі. Да таго ж, чалавек жыве і вучыцца ў пэўных абставінах, фактычных зносінах, асаблівай атмасферы той ці іншай навучальнай установы. Існуе нават такі вобраз: атмасфера школы, універсітэцкі дух. Дарэчы, і студэнты (зноў жа расійскія) на пытанне, чаго яны чакаюць ад сваіх выкладчыкаў, на дзіва, адказалі: «Душэўнасці». Гэта значыць, эмоцый, жывых зносін. Менавіта яны ў комплексе з атрыманнем ведаў даюць асаблівы эфект ад працэсу навучання і выхавання.

Сярод спецыялістаў існуе думка, што адукацыя афлайн з цягам часу стане раскошай і будзе каштаваць вельмі дарага. Гэта звязваюць з ростам сацыяльнай няроўнасці. Ужо зараз вядома, што з-за пандэміі каранавіруса, трэць школьнікаў свету так і не змагла атрымаць доступ да дыстанцыйнага навучання. І большасць такіх – у краінах Усходняй і Паўднёвай Афрыкі.

Новы навучальны год у нашай краіне пачаўся ў звычайным рэжыме. Вучні прыйшлі ў класы, сустрэліся з настаўнікамі, пачаліся афлайн-урокі. Але ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй выконваюцца неабходныя рэкамендацыі: за кожным класам замацавана канкрэтнае вучэбнае памяшканне, павялічана працягласць перапынкаў і часу паміж зменамі, зроблены пры неабходнасці пераход на двухзменны рэжым, абмежаваны пазакласныя і пазашкольныя мерапрыемствы.

А вось бацькоўскія сходы праводзяцца анлайн. І саміх школьнікаў больш арыентуюць на самастойную работу. Вопыт у гэтым ужо назапашаны практыкай апошніх месяцаў мінулага вучэбнага года. І да канца гэтага календарнага года плануецца запусціць адзіную адукацыйную анлайн-платформу для школьнікаў, якая пашырыць магчымасці для атрымання адукацыі дыстанцыйна. Наколькі гэта будзе запатрабавана, прадукцыйна і важна, пакажа час.

Гаворачы пра плюсы і мінусы дыстанцыйнай адукацыі, прафесар Таццяна Чарнігаўская вобразна сказала: «Нельга стаць вучнем Леанарда, не пагутарыўшы з Леанарда», — маючы на ўвазе генія Леанарда да Вінчы. А мне ўзгадаліся словы вялікага знаўцы чалавечых душ, аўтара знакамітага «Маленькага прынца» Антуана дэ Сент-Экзюперы: «Самая вялікая раскоша на свеце — гэта раскоша чалавечых зносін». І я так думаю. А вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: