Вы трапілі ў складаную сітуацыю і бачыце адзінае выйсце – ісці ў суд? Не спяшайцеся! Падзяліць маёмасць, атрыманую ў спадчыну, вызначыць правілы выхавання дзіцяці, калі бацькі разыходзяцца пасля скасавання шлюбу, вярнуць грошы, пазычаныя знаёмаму... Усе гэтыя спрэчкі можна вырашыць законным спосабам у пазасудовым парадку.
У праграме «Медыяцыя» штотыдзень мы будзем знаёміць вас з альтэрнатыўным спосабам вырашэння канфліктаў, яго правіламі і практыкай прымянення.
“Медыяцыя” – гэта альтэрнатыўны спосаб урэгулявання канфліктаў. Праходзіць працэдура як перамовы бакоў, якія аказаліся ў складанай сітуацыі. Дапамагае ім прыйсці да ўзаемавыгаднага рашэння спецыяліст. Важна, што рашэнне прымаюць самі бакі, а медыятар стварае такія ўмовы, каб перамовы праходзілі эфектыўна і ў прымальным для ўсіх фармаце.
Трэба адзначыць, што медыяцыя – гэта сусветная практыка. У многіх краінах гэта прызнаны і запатрабаваны спосаб вырашэння спрэчак. Адна з асноўных пераваг медыяцыі – яна дазваляе пазбегнуць вострай канфрантацыі падчас вырашэння канфлікту. Міністэрства юстыцыі Беларусі актыўна працуе па распаўсюджванні прымянення медыяцыі на розных стадыях і ў розных сферах, расказаў нам кіраўнік ведамства Алег Сліжэўскі: «Сама працэдура медыяцыі прадугледжвае перамовы бакоў, у якіх ёсць пэўны канфлікт або спрэчка, з удзелам пасрэдніка (медыятара). Трэба сказаць, што медыятар не мае на мэце схіліць нейкі бок да таго ці іншага рашэння. Ён дазваляе знайсці падчас дыялогу тыя агульныя падыходы, якія могуць прывесці да кампрамісу. Часам бакам вельмі цяжка размаўляць адзін з адным. Наяўнасць пасрэдніка (медыятара) можа стаць тым выхадам, пры якім, не маючы магчымасці або жадання сустрэчы на першапачатковай стадыі вырашэння спрэчкі, потым ўсё ж такі можна знайсці агульныя падыходы. Сусветная практыка паказвае, што гэты інстытут сапраўды эфектыўны. Але пры важнай умове: бакі гатовыя давяраць гэтаму інстытуту і хочуць знайсці выйсце з канфлікту».
З чым можна сутыкнуцца пасля вырашэння канфлікту? Адзін з бакоў не згодны з рашэннем суда і не хоча яго выконваць. Цягне час, прыдумвае шматлікія хітрыкі, каб пазбегнуць выканання рашэння. Іншы бок хоць і мае рашэнне суда на руках, аднак не можа атрымаць тое, што яму належыць. І канфлікт такім чынам зацягваецца яшчэ больш. Перавага альтэрнатыўнага варыянту ў тым, што бакі сумесна знаходзяць выйсце і падпісваюць медыятыўнае пагадненне толькі тады, калі самі згодныя з усімі яго пунктамі. А калі ты сам пагадзіўся з тым ці іншым рашэннем, то верагоднасць яго выканання павялічваецца ў разы. Алег Сліжэўскі: «Выходзячы на медыятыўнае пагадненне, абодва бакі прымаюць для сябе тое рашэнне, якое задавальняе кожнага з іх. І інстытут прымусу проста не спатрэбіцца, паколькі чакаецца, што (кожны) бок выканае ўзятыя (добраахвотна) на сябе абавязацельствы».
Закон аб медыяцыі быў прыняты ў Беларусі ў 2013 годзе. За гэты час назапашаны пэўны вопыт і нават спатрэбілася карэкціроўка заканадаўства як для папулярызацыі медыяцыі, так і для пашырэння магчымасцей яе прымянення, адзначае міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі: «У апошні час былі прынятыя дапаўненні і змяненні ў заканадаўства Беларусі. У прыватнасці, у шлюбна-сямейным заканадаўстве замацавана норма, якая прадугледжвае пры скасаванні шлюбу інфармаваць бакі аб магчымасці сустрэчы з медыятарам для таго, каб паспрабаваць урэгуляваць рознагалоссі. Акрамя таго, з'явілася норма аб тым, што на любой стадыі грамадзянскага працэсу, да сыходу суддзі ў дарадчы пакой, бакі таксама могуць звярнуцца да інстытута медыяцыі».
Гэта працэдура, як законны спосаб вырашэння канфліктаў у пазасудовым парадку, дзейнічае ў Беларусі ўжо 7 гадоў. І мы штотыдзень будзем знаёміць вас з яе правіламі , умовамі правядзення і практыкай прымянення.