Падзяліцца:
«Беларуска-расійскі дыялог – дыялог на роўных! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 30.06.2022
«Беларуска-расійскі дыялог – дыялог на роўных! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло… Падзеі апошніх гадоў у Беларусі, Украіне, санкцыйны ціск на нашу краіну і Расію, несхаваная варожасць бліжэйшых суседзяў і англасаксаў красамоўна далі зразумець, хто сапраўдны сябар, надзейны саюзнік і стратэгічны партнёр. Думаю, што нават самыя закаранелыя скептыкі ўпэўніліся, што Беларусь і Расія не толькі дружалюбныя дзяржавы, але і краіны брацкіх народаў, звязаных кроўнымі повезямі, агульнай гістарычнай памяццю, прыхільнасцю да галоўных чалавечых каштоўнасцей.

Будзем шчырыя, пасля развалу вялікай краіны ў нашых двухбаковых адносінах было рознае: і слупы на руска-беларускай мяжы, і малочна-газавыя войны, але, як гаворыцца, пена сышла, засталося галоўнае – разуменне неабходнасці быць разам, каб агульнымі сіламі адказваць на выклікі і пагрозы сучаснасці.

Што яшчэ дапамагло? Канечне, мудрасць народаў і прадбачлівасць вышэйшага кіраўніцтва абедзвюх краін. Беларускі бок стаўку заўсёды рабіў на міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Гэта і стала, думаю, трывалай базай для ўмацавання Саюзнай дзяржавы. І сёння такое ўзаемадзеянне – адзін з найбольш эфектыўных механізмаў паглыблення ўсяго комплексу беларуска-расійскіх адносін.

Калі гаварыць мовай пратакола, то ўзаемадзеянне Беларусі з суб’ектамі Расійскай Федэрацыі заснавана на заключаных пагадненнях аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве. Гэта – 81 пагадненне з 73 расійскімі рэгіёнамі. Акрамя таго, заключана каля 450 дагавораў паміж беларускімі абласцямі, нашай сталіцай і расійскімі рэгіёнамі, а таксама паміж беларускімі раёнамі, гарадамі і муніцыпальнымі ўтварэннямі краіны-суседкі. Найбольш плённа Беларусь узаемадзейнічае з Масквой і Санкт-Пецярбургам, Цюменскай, Маскоўскай, Смаленскай, Бранскай, Свярдлоўскай, Ленінградскай абласцямі, Рэспублікай Татарстан і Пермскім краем. Але, бадай, няма сёння такога рэгіёна ў Расіі, з якім не мела стасункаў наша краіна.

Амаль дзвесце сустрэч дзелавых колаў, работа двухбаковых рабочых груп у розных фарматах з 48 расійскімі рэгіёнамі, падпісанне 66 міжрэгіянальных дакументаў аб супрацоўніцтве – такі няпоўныя пералік мінулага года. Акрамя таго, адбылося 46 візітаў беларускіх дэлегацый у расійскія рэгіёны і 33 візіты дэлегацый суб’ектаў Расійскай Федэрацыі ў Беларусь. Расійскія губернатары частыя госці на беларускай зямлі, толькі ў чэрвені прымалі афіцыйныя дэлегацыі з Самарскай і Курскай абласцей.

А сёння старадаўні Гродна сустракае кіраўнікоў больш чым 40 расійскіх суб’ектаў на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У дэлегацыі звыш 250 чалавек. Сёлетні, дзявяты па ліку, Форум нездарма называюць найважнейшай міжнароднай грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай падзяй: плануецца падпісанне больш за 55 пагадненняў аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве, кантрактаў – на суму звыш мільярда долараў.

Трэба падкрэсліць, што мерапрыемства праходзіць ва ўмовах небывалага санкцыйнага ціску на нашы краіны, таму асаблівую актуальнасць набывае задача па замяшчэнні імпарту з трэціх краін, каардынацыя ў гэтым агульных намаганняў, эфектыўнае навукова-тэхналагічнае супрацоўніцтва.

Два дні дыскусій і выпрацоўка рашэнняў па іншых праблемах інтэграцыі: гарантаванне харчовай бяспекі Саюзнай дзяржавы, збліжэнне заканадаўства, інтэграцыя сістэм вышэйшай адукацыі, узаемадзеянне на міжнароднай арэне ў новых палітычных рэаліях – гэта на палях Форуму падчас тэматычных секцый. А таксама сумесныя пасяджэнні дзелавых саветаў Беларусі і Расіі, Прэзідыума Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе Беларусі і Савета Палаты маладых заканадаўцаў пры Савеце Федэрацыі Расіі, плянарнае пасяджэнне Форуму з удзелам кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, органаў дзяржаўнай улады, прадпрыемстваў і арганізацый. Усё гэта, безумоўна, надасць новы імпульс міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву і паглыбленню інтэграцыйных працэсаў Саюзнай дзяржавы.

Нагадаю, што з 2014 года пад эгідай верхніх палат парламентаў дзвюх краін форумы рэгіёнаў праходзяць штогод. І кожны раз цікавасць да іх расце, павялічваецца аддача. Для параўнання: на другім Форуме падпісана кантрактаў на суму 230 мільёнаў долараў, а мінулы, восьмы, прынёс ўжо 850 мільёнаў. Зразумела, такія шырокамаштабныя мерапрыемствы спрыяюць нарошчванню ўзаемнага тавараабароту. Дарэчы, летась ён склаў больш за 40 мільярдаў долараў. Расія была і застаецца нашым галоўным гандлёвым партнёрам, на яе долю прыпадае 49 працэнтаў аб’ёму знешняга гандлю.

Але ўвага не толькі ўзаемнаму гандлю, прыярытэт развіццю прамысловай кааперацыі, стварэнню сумесных зборачных вытворчасцей. Айчынныя прадпыремствы наладжваюць работу дылерскіх цэнтраў па продажы і сэрвісным абслугоўванні тэхнікі ў рэгіёнах Расіі. Вядзецца абмен распрацоўкамі і тэхналогіямі вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Беларускія будаўнікі ўзводзяць сацыяльныя і прамысловыя аб’екты ў шэрагу расійскіх рэгіёнаў. Запатрабаваны суседзямі і паспяховы вопыт беларускіх дарожных кампаній у праектаванні і будаўніцтве аўтамабільных дарог. А ўклад Беларусі ў гарантаванні рэгіянальнай энергетычнай і ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы бясспрэчны.

Так што, беларуска-расійскі дыялог – дыялог на роўных. Гэта цеснае ўзаемадзеянне дзвюх краін ва ўсіх без выключэння сферах на карысць брацкіх народаў Беларусі і Расіі.

Я так думаю, а вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: