У першы дзень майго першага турнэ за мяжу я міжволі адстала ад сваёй групы. Маю журналісцкую ўвагу прыцягнулі паліцы магазіна з дзясяткамі гатункаў каўбасных вырабаў і сыроў. У тыя талонна-купонныя гады татальнага дэфіцыту такое багацце было цудам для беларусаў.
Але мінула некалькі гадоў, і маладая Беларусь з першых крокаў сваёй незалежнасці разгарнула маштабную работу над стратэгіяй развіцця сельскай гаспадаркі. Ужо на Першым Усебеларускім народным сходзе сярод прыярытэтаў вызначана развіццё АПК. Далей – болей: паслядоўнае прыняцце дзяржаўных праграм па адраджэнні і развіцці вёскі, аграрнага бізнесу, фермерскіх, асабістых прысядзібных гаспадарак. Гарантаванне харчовай бяспекі праходзіць чырвонай ніткай у дакументах наступных народных сходаў, праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. І такая дзяржаўная падтрымка адной з галоўных галін дала свой плён. Калі ў 1990-ыя гады ішла барацьбы за існаванне прадпрыемстваў АПК, то затым у цэнтры увагі стала скарачэнне выдаткаў, глыбокая перапрацоўка з атрыманнем максімальнага прыбытку, а зараз – выхад на новыя рынкі збыту.
Так, Беларусь за даволі кароткі час не толькі напоўніла паліцы сваіх магазінаў разнастайнымі прадуктамі харчавання, але і стала буйным экспарцёрам сельгаспрадукцыі. Зараз з канвеера нашых заводаў сыходзяць тоны малочнай прадукцыі: смятана, ёгурты, кефір, тварог, кумыс… У асартыменце паўтары тысячы пазіцый, толькі сыру больш за 30 гатункаў.
Толькі ўявіце: наша краіна вырабляе працэнт ад сусветнага аб’ёму малака. Мы ў тройцы сусветных экспарцёраў сметанковага масла і ў чацвёрцы па пастаўцы цвёрдых сыроў. Наша ніша – пяць з паловай працэнтаў у структуры малочнага экспарту ўсёй планеты! Сёння беларускую «малочку» можна сустрэць па ўсім свеце, ад Венесуэлы да Сінгапура. Геаграфія эспарту – больш за 100 краін. Выхад на Еўрапейскі рынак маюць дзясяткі прадпрыемстваў, акрэдытацыю на пастаўку прадукцыі ў Кітай атрымалі 55 малочных заводаў. Беларусь лідзіруе сярод краін СНД і ЕАЭС па вытворчасці мяса і малака на душу насельніцтва. І здаўна вядомы факт: у любым кутку Расіі на прадукцыю беларускай маркі выстройваюцца чэргі, бо расіяне ведаюць – гэта смачна, якасна, натуральна.
Мне ўзгадваецца інтэрв’ю з адным шэф-поварам. Ён меў практыку работы ў рэстаранах Еўропы, нават мішленаўскіх, і вось лёс завёў яго ў нашу краіну. «Такога якаснага мяса, як у Беларусі, я нідзе не сустракаў», адзначыў ён. – «Гатаваць з яго – адно задавальненне». Таму і гатуюць, і спажываць, і купляюць.
«Беларусь – смак прыроды» – пад такім трапным лозунгам працуе нацыянальны павільён Беларусі на штогадовай выставе прадуктаў харчавання і напояў Gulfood. Найбуйнейшы ў свеце выстава форум праходзіць у гэтыя дні ў Дубаі. 25 беларускіх кампаній мясной і малочнай, бакалейнай і кандытарскай прадукцыі прэзентуюць свае навінкі і экспартныя магчымасці. Усе прадстаўленыя на стэндах вырабы маюць міжнародныя сертыфікаты адпаведнасці ІSО, а таксама сертыфікаты «Халяль». Экспазіцыя суправаджаецца насычанай дзелавой праграмай: бізнес-брыфінгі, кансультацыі, прэзентацыі і перамовы з прадстаўнікамі гандлёвых сетак і імпарцёраў усяго свету.
Gulfood – галоўная падзея года для харчовай галіны. Беларусь шосты раз прымае ў ёй удзел. Сёлета навінкай экспазіцыі стаў гібрыдны фармат. Упершыню нацыянальны павільён дапоўнены віртуальным люстэркам – анлайн-платформай, якая дазваляе знайсці павільён на выставе, убачыць прадукты, якія прадстаўлены на стэндзе, атрымаць кантакты прадаўцоў.
Беларускі павільён прыцягвае ўвагу не толькі сваім арыгінальным афармленнем (гэта адзначаецца і ў сацыяльных сетках), але і адметнымі экспанатамі. Напрыклад, «Гродзенскі мясакамбінат» дэманструе сыравэнджаную каўбасу з чарнаслівам і сыравяленую з адборнай ялавічы, зробленую па эксклюзіўных італьянскіх рэцэптурах. Рагачоўскае згушчанае малако і зараз можна набыць у магазінах ААЭ, а вось навінка – стэрэлізаванае пітное малако з тэрмінам захоўвання 9 месяцаў – зацікавіла многіх. Новы прадукт – малочна-тлушчавы канцэнтрат, які можа раствараца ў халоднай вадзе за лічаныя секунды, прадстаўляе прадпрыемства «Праймілк». Прадукцыя Пінскага мясакамбіната здаўна карыстаецца высокім попытам на рынках блізкага і далёкага замежжа. Яна і ў Дубаі выклікала цікавасць у патэнцыяльных імпарцёраў. Як і высакаякасныя прадукты харчавання для дзяцей і матуль Ваўкавыскага ААТ «Беллакт».
Рапсавы алей, шакалад з мінімальнай колькасцю цукру, натуральныя сокі, сухія сняданкі па эксклюзіўнай тэхналогіі, яйкі, узбагачаныя селенам, разнастайныя малочныя кактэйлі – ўсё гэта і шмат чаго іншага смачнага, карыснага, якаснага, чым багатыя прылаўкі айчынных магазінаў, мы прапануем і замежным спажыўцам на Gulfood.
Дарэчы, летась экспарт беларускай сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання склаў больш за 5,8 мільярда рублёў. У планах на гэты год дасягнуць 7 мільярдаў рублёў. І выстава Gulfood у Дубаі, безумоўна, паспрыяе гэтаму.
«Зроблена ў Беларусі», «Беларусь – смак прыроды» – гэтыя слоганы зараз вядомыя свету, гэта наш брэнд і наш гонар. Я так думаю. А вы?