Аднойчы пайшла на эксперымент. Перад пачаткам лекцыі прапанавала студэнтам адарваць вочы ад смартфонаў і шчыра расказаць, што там, на экранах. Высветлілася, дзве дзяўчыны «завіслі» ў інтэртэт-крамах у пошуках абновак, студэнт, сам спартсмен, глядзіць запіс тэніснага паядынку, адна са студэнтак перапісваецца ў Viber з сяброўкай, якая ў… суседняй аудыторыі. Пра што пішуць? А ўсялякую дробязь. Знайшлася аматарка фэнтэзі, дзялілася ў сваёй групе ўражаннямі ад новай стужкі. Былі тыя, хто дапаўняў сваю «сторыз», «посціў» у Інстаграм. Прыемна здзівіла дзяўчына, якая спампоўвала з электроннай бібліятэкі кнігу са спіса вучэбнай літаратуры. Ну, а большасць проста праглядвала тую ці іншую стужку, не засяроджваючы ні на чым увагу.
На маё пытанне, які каэфіцыент карыстнага дзеяння ад такога знаходжання ў інтэрнэце, яны дружна адказалі: «Мабыць невялікі, але больш нечым заняцца ў перапынку, ды ўсе так робяць».
Сапраўды, больш за 60% насельніцтва планеты карыстаюцца сусветнай сеткай: шукаюць інфармацыю і захоўваюць асабістыя даныя, камунікуюць і дыстанцыйна вучацца, праводзяць бізнес-здзелкі і банкаўскія аперацыі, ажыццяўляюць пакупкі і нават бяруць віртуальны шлюб. Адно з даследаванняў арганізацыі We Are Social сведчыць, што сярэднестатыстычны карыстальнік інтэрнэту ад 16 да 64 гадоў праводзіць анлайн амаль 7 гадзін штодня. Гэта – 100 дзён бесперапыннага выкарыстання інтэрнэту на працягу года. І калі ўявіць, што кожны чалавек марнуе на сон 8 гадзін у дзень, то атрымліваецца, што 40% нашага няспання праходзіць у інтэрнэце. Толькі ў сацыяльных сетках самыя актыўныя карыстальнікі (а гэта людзі ва ўзросце ад 16 да 29 гадоў) праводзяць больш за 3 гадзіны ў суткі. Атрымліваецца, анлайн-жыццё многім замяніла саму рэальнасць. Нездарма інтэрнэт-залежнасць прызналі хваробай, ад якой нават лечаць у спецыяльных установах.
І вось днямі мільёны карыстальнікаў па ўсім свеце сутыкнуліся з самым працяглым у гісторыі адключэннем сацыяльных сетак. Спачатку ўладальнікі акаўнтаў Facebook, Instagram, а таксама месенджара WhatsApp пазбавіліся доступу да звыклых рэсурсаў. Затым на непаладкі сталі скардзіцца карыстальнікі іншых буйных рэсурсаў, сацсетак і месэнджараў, уключаючы Twitter, ВКонтакте, Twitch, YouTube, Telegram, TikTok, Snapchat, Tinder, Gmail, Netflix, Viber і Zoom.
Гэты збой у працы сацыяльнай сеткі Facebook стаў самым сур’ёзным і працяглым з 2008 года, тады 80 мільёнаў падпісчыкаў былі адключаны ад яе амаль на суткі. Зараз, падкрэслім, штодня Facebook карыстаюцца каля 2 мільярдаў чалавек па ўсім свеце. Дарэчы, лакальныя збоі ў рабоце Facebook адбываюцца рэгулярна, на гэты раз – глабальная аварыя. Яе прычынай прадстаўнікі інтэрнэт-гіганта назвалі тэхнічнай, звязанай з «абнаўленнем пратакола дынамічнай маршрутызацыі», і галоўнае – даныя карыстальнікаў не былі страчаны. А па даных агенцтва Bloomberg, заснавальнік Facebook Марк Цукерберг ўсяго за некалькі гадзін пасля збою страціў каля 6 мільярдаў долараў з-за падзення кошту акцый кампаніі, а самі паперы абясцэніліся на 4, 89%.
Шэсць з паловай гадзін без сацыяльных сетак і месенджараў сталі для многіх складаным тэстам. У маёй «фэйсбучнай» групе большасць паставілася да гэтага спакойна. Адны жартавалі, маўляў, «было цяжка, але мы змаглі», іншыя «фрэнды» дзяліліся, на што скарысталі час без «сеткі»: «добры быў вечар – пачытаў кнігу», «нарыхтавала шмат салатаў і мяса». Знайшліся і тыя, хто нават не заўважыў адключэння і аб збоі даведаўся толькі назаўтра праз той жа інтэрнэт.
Так, нязручнасці перажылі. Але гэты збой глабальнай сеткі яшчэ раз высветліў праблему з інтэрнэтам у цэлым. Цэнтр кіравання ўсімі кампетэнцыямі сусветнага павуціння адзіны, у ЗША. І мы бачым, да чаго гэта прыводзіць. Нагадаем, тое ж падзенне акцый Facebook звязваюць і са скандалам, які выклікала прызнанне былой супрацоўніцы кампаніі Фрэнсіс Хаўген. Яна адкрыта паведаміла, што для сеткі важней зарабіць як мага больш грошай, а не весці барацьбу з мовай варожасці і дэзінфармацыяй, якія ўсё больш прысутнічаюць у стужках.
Расія, некаторыя іншыя краіны ўжо агучвалі прапанову зрабіць кіраванне такога важнага стратэгічнага рэсурсу, як інтэрнэт, калегіяльным. Гэта можа быць спецыяльна выбраная камісія або нейкі орган на ўзроўні ААН. Беларусь падтрымлівае такія прапановы.
Думаю, надышоў час зрабіць глабальныя вывады і глабальныя крокі ў адносінах да глабальнай сеткі.