Падзяліцца:
«Без Радзімы як без сэрца. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 03.06.2021
«Без Радзімы як без сэрца. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Мае амерыканскія сябры хвалююцца, ці змогуць прыляцець у Беларусь? На восень прымеркавалі візіт, вызначылі больш кароткі і танны шлях праз акіян, ледзь не заказалі білеты (зараз якраз скідкі на гэты сезон), а тут на табе, паветраная блакада. Да таго ж Дзярждэпартамент ЗША размясціў папярэджанне: ездзіць у Беларусь небяспечна, бо там, маўляў, адвольна прымяняюць законы. Прыгадваецца, што такія парады раздаваліся напярэдадні П Еўрапейскіх гульняў, але мае амерыканцы не пабаяліся, прыляцелі ўсёй сям’ёй, акунуліся ў свята спорту і ўпэўніліся ў шчырай гасціннасці беларусаў. Думаю, і на гэты раз усё атрымаецца, знойдзецца прыдатны маршрут ці наогул паветраная ізаляцыі Беларусі з боку Захаду будзе знята. Яны ж таксама церпяць выдаткі, вось ужо ў бундэстагу назвалі санкцыі супраць Беларусі «стрэлам сабе ў нагу».

А пакуль, на жаль, простыя людзі не маюць магчымасці напрамую трапіць у Еўропу і наадварот. Яны сталі закладнікамі неабгрунтаваных, паспешлівых і цынічных рашэнняў палітыкаў, для якіх інтарэсы простых людзей не маюць ніякага значэння, а падвоеныя стандарты сталі нормай міжнароднага права. Рушацца не толькі летнія планы на адпачынак, зрываюцца дзелавыя і гастрольныя паездкі, але часам паўстае пагроза здароўю і нават жыццю людзей. Узгадаем украінскіх грамадзян, якія пасля складаных аперацый у беларускай клініцы не маглі вярнуцца далечвацца дома, а некаторыя проста не паспяваюць прыляцець у Беларусь на планавую перасадку органаў.

Ва ўсёй гэтай бруднай гісторыі мяне абурае адна акалічнасць. Мэты нашых злоснікаў, так званага «калектыўнага захаду», думаю, зразумелыя зараз кожнаму – пад прыгожымі словамі аб дэмакратызацыі захапіць нашы прыбытковыя прадпрыемствы, ліквідаваць канкурэтныя вытворчасці, дэманціраваць палітычную сістэму Беларусі і стварыць з яе плацдарм для наступлення на Расію. Стаўкі высокія, таму не грэбуць ніякімі метадамі ў гэтай, па сутнасці, гібрыднай вайне.

Але як зразумець паводзіны нашых «неверагодных»? Тых, хто, седзячы ва ўтульных кафэ заходніх сталіц, заклікаюць да санкцый супраць сваёй Радзімы, эканамічай блакады, радуюцца той жа паветранай ізаляцыі? Што гэта? Цынічны разлік: чым будзе горш з эканомікай, тым лягчэй вывесці незадаволеных на вуліцы? Ці жаданне дагадзіць заходнім гаспадарам і адпрацаваць гранты? А можа, проста «загуляліся» некаторыя малойцы ў палітычныя гульні і ўявілі сябе значнымі асобамі ў чужым геапалітычным падзеле сфер уплыву?

Так ці інакш, але гэта называецца проста – здрада. Здрада сваёй Бацькаўшчыне, свайму народу, сваім блізкім. А здраднікаў нідзе не паважаюць, да апошняга ім не давяраюць і карыстаюцца імі галоўныя лялькаводы як рэччу, выканалі ролю – ва ўтыль. Дзе зараз так званы прэзідэнт Гуайдо, які сапраўдны лёс Скрыпалёў? Вось і таго Пратасевіча здалі свае ж…

Тут мне ўзгадаліся два яскравыя выказванні.

Якуб Колас: «Няма ў чалавека нічога прыгажэй і даражэй за радзіму. Чалавек без радзімы – бедны чалавек».

Канстанцін Паўстоўскі: «Чалавеку нельга жыць без радзімы, як нельга жыць без сэрца».

І хаця нашы «змагары» на карман не бедныя, але вось душы ў іх пустыя, а сэрца няма. Бяздушныя і бессардэчныя іх падпявалы, якія пад нікамі посцяцца ў сацыяльных сетках. Днямі ў адной з іх запусцілі галасаванне «ці падтрымліваеце вы санкцыі супраць Беларусі?» Знайшліся тыя, хто «за». Але мяне ўразіла нават не гэта крывадушнасць некаторых карыстальнікаў, а думка простай украінкі: «Братья-белорусы, цените, что имеете, иначе потеряете Родину, как мы».

Здрада радзіме ва ўсе часы лічылася адным з самых цяжкіх і агідных злачынстваў. Гэта як забыццё бацькоў, роднай маці, адрачэнне ад сваіх каранёў, вытокаў. Нездарма здраду параўноўваюць з Іудавым пацалункам. Я так думаю, а вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: