…Чорная быль, чорны боль, чорны дзень у гісторыі краіны. Вось ужо 36 гадоў як Беларусь жыве з чарнобыльскай бядой. Нясе цяжар эканамічных, экалагічных, медыцынскіх і сацыяльных праблем, звязаных з найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофай чалавецтва – аварыяй на Чарнобыльскай АЭС.
Сцвярджаецца, што радыеактыўнае воблака некалькі разоў абагнула планету, моцна зачапіўшы сваім чорным крылом трэць еўрапейскіх тэрыторый. Але асноўны ўдар прынялі на сябе людзі, зямля, лясы Беларусі – зонай радыеактыўнага забруждвання стала 23% нашай тэрыторыі, дзе жыла на той час пятая частка насельніцтва і размешчана 22% ляснога фонду. Зонай немагчымага пражывання сталі і спынілі сваё існаванне 479 населеных пунктаў. Незагойная рана на зямлі і душы беларускай… Але яна паступова зацягваецца.
Палітычная воля кіраўніцтва краіны і любоў народа да сваёй зямлі не дазволілі, каб найвялікшае эканалічнае бедства стала прыгаворам. Пачынаючы з 1990 года ў Беларусі рэалізавана 5 дзяржаўных праграм па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Цяпер рэалізуецца шостая. І ў кожнай на першым плане – абарона інтарэсаў людзей і адраджэнне пацярпелых тэрыторый. На гэтыя мэты накіравана ў эквіваленце $19,3 млрд. бюджэтных сродкаў. Яны выкарыстоўваліся для перасялення людзей, радыяцыйнай бяспекі, вытворчасці чыстай прадукцыі, таксама і на науковыя даследаванні.
На агульнае фінансаванне шостай праграмы на 2021-2025 гады прадугледжана значная сума. У праграме запланавана выкананне пяці задач. Першая, як заўсёды, накіравана на забеспячэнне сацыяльнай абароны, аказанне медыцынскай дапамогі, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне пацярпелага насельніцтва. Другая – на радыяцыйную абарону і ахоўныя меры ў сельскай гаспадарцы. Трэцяя задача – сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў. Чацвёртая – клопат пра дзяцей, якія жывуць або навучаюцца на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, – удасканаленне арганізацыі іх санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення. Ну, а пятая задача – працяг навуковай работы, бо вопыт, назапашаны Беларуссю ў барацьбе з чарнобыльскай бядой, бясцэнны. І ўжо летась на выкананне запланаваных мерапрыемстваў шостай праграмы было затрачана Br538,7 млн.
Трэба адзначыць, што найбольш цяжкія вынікі катастрофы Беларусь ліквідавала спачатку ў адзіночку. Потым на пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пачалі накіроўвацца сродкі саюзных праграм. За перыяд з 1998 па 2016 год былі рэалізаваны 4 праграмы сумеснай дзейнасці Беларусі і Расіі. На гэтыя мэты было вылучана $61,4 млн. Пры гэтым распрацаваны і ўкаранёны найноўшыя тэхналогіі ранняй дыягностыкі, лячэння і рэабілітацыі грамадзян. Акрамя таго, створаны ўмовы для павышэння якасці і эфектыўнасці адраснай спецыялізаванай медыцынскай дапамогі. У прыватнасці, Гомельскі «РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека» аснашчаны сучасным абсталяваннем.
Сёлета завяршаецца рэалізацыя праграмы сумеснай дзейнасці Беларусі і Расіі з агульным аб'ёмам фінансавання каля $15 млн. Тут асноўная мэта – стварэнне ўмоў па вяртанні радыеактыўных забруджаных тэрыторый краін-удзельніц Саюзнай дзяржавы да нармальнай жыццядзейнасці, удасканаленне сістэм радыяцыйнай бяспекі аграрнай вытворчасці. Да таго ж, за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы дадаткова вылучаюцца сродкі на аказанне медыцынскай дапамогі грамадзянам, якія падвергліся радыяцыйнаму ўздзеянню, асаблівая ўвага надаецца арганізацыі лячэння і аздараўлення дзяцей.
Такая мэтанакіраваная дзяржаўная палітыка, дакладная стратэгія ў справе пераадолення наступстваў чарнобыльскай катастрофы дазволіла стварыць дзейсную сістэму сацыяльнай абароны ўсіх катэгорый пацярпелых, перайсці ад рэабілітацыі забруджаных тэрыторый да іх адраджэння і ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця. А таксама, што вельмі важна, пераадолець постчарнобыльскі сіндром. Людзі пачалі вяртацца да родных мясцін. І там, дзе можна бяспечна жыць і працаваць, віруе жыццё: будуюцца дамы і адкрываюцца новыя вытворчасці, ствараюцца сем’і і нараджаюцца дзеці, засяваюцца палі і збіраецца ўраджай. А мірны атам зноў пачаў служыць людзям. Узведзена і працуе Беларуская АЭС, гарантуючы энергетычную бяспеку краіны.
Вопыт Беларусі па пераадоленні чарнобыльскай бяды яшчэ раз пацвярджае існасць перамогі жыцця над смерцю, чалавечага розуму над невуцтвам. І дэманструе сілу духу беларускага народа.
Я так думаю, а вы?