На гэтым тыдні, 20 сакавіка, споўнілася б 70 гадоў з дня нараджэння Міколы Мятліцкага – цудоўнага паэта і перакладчыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь.
Ён – аўтар шматлікіх кніг паэзіі, першая з якіх мела назву «Абеліск у жыце» і гэтым адразу вызначыла болевы парог памяці. Занепакоенасць лёсам бацькоўскай зямлі стала галоўнай у творчасці Міколы Мятліцкага. Вёска Бабчын Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці – малая радзіма паэта. У канцы 80-х ХХ стагоддзя яна апынулася ў зоне Чарнобыльскай аварыі. Паводле прызнання аўтара, бяда падзяліла жыццё на дзве паловы: да красавіка 1986-га года і пасля. І не пісаць пра гэта ён проста не мог...
У праграме «Творчы вечар» светлай памяці Міколы Мятліцкага да яго 70-годдзя прагучаць фрагменты апошняй радыёгутаркі з паэтам у сакавіку 2019 года. А таксама вы пачуеце яго вершы з кнігі «Абярэг» у выкананні заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Рагаўцова.