Завяршаюцца асаблівыя святочныя дні першага месяца года. Навагоддзе, Ражаство, Каляды… Яны напоўнены казачнай атмасферай, душэўшай цеплынёй, цудоўным настроем і добрымі справамі.
Колькі радасных эмоцый, жаданых падарункаў, чароўных імгненняў прынесла навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці»! Больш за 25 гадоў крочыць яна па ўсёй краіне, заходзіць у дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем’і, бальніцы і цэнтры рэабілітацыі. Прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх аб’яднанняў, розных арганіцый і прадпрыемстваў не пакідаюць без увагі і падтрымкі ніводнае дзіця, сэрца якога прагне любові, спагады, навагодняга цуда. Цацкамі і салодкімі падарункамі не абмяжоўваліся. Кнігі, неабходнае абсталяванне, інвентар папоўнілі дзіцячыя ўстановы.
І, як прынята ў нашай краіне, за добрыя справы, высокія дасягненні – адпаведная пашана. Адметнай традыцыяй гэтых святочных дзён стала ўшанаванне на дзяржаўным узроўні тых, хто вылучыўся актыўнай работай у гуманітарнай сферы, дабрачыннай дзейнасці, на ніве духоўнага, патрыятычнага выхавання. Сёлета ўручаны 4 прэміі «За духоўнае адраджэнне» і 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.
Прыемна адзначыць, што сярод лаўрэатаў – калектывы, якія плённа працуюць з падрастаючым пакаленнем: Духоўна-асветніцкі цэнтр прыхода храма ў гонар прападобнай пакутніцы вялікай княгіні Елісаветы ў Бабруйску, Беларуская піянерская арганізацыя, ваенна-патрыятычны клуб «Рысь», творчая майстэрня эстраднага мастацтва «Хвілінка», Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Выхаванне будучага пакалення на лепшых нацыянальных і духоўных трацыцыях – бадай што адна з галоўных задач нашай дзяржавы і грамадства, якой надаецца асаблівая ўвага.
Год толькі пачаўся, а ўжо з’явіліся новыя пачынанні, якім таксама наканавана стаць традыцыяй. Адно з іх – дабрачынная акцыя «Ад усёй душы», прызваная акружыць клопатам і цеплынёй людзей сталага ўзросту. І што вельмі важна – у гэту справу ўключылася маладое пакаленне, валанцёры, студэнты, школьнікі. Яны прыйшлі з падарункамі ва ўстановы сацыяльнага абслугоўвання, бальніцы сястрынскага догляду, да адзінокіх, наладзілі канцэрты, тэатралізаваныя прадстаўленні. І загучалі песні пад гітару і гармонь, пайшлі душэўныя размовы за чаем, узгадаліся кранальныя гісторыі…
Такія сустрэчы з людзьмі з багатым жыццёвым вопытам вельмі важныя для нашай моладзі. Яны зараджаюць аптымізмам, вучаць любові да жыцця, роднай зямлі. Менавіта ў гэтым бачыцца пераемнасць пакаленняў, непарыўная сувязь з нашымі каранямі, вытокамі, што дапамагае захаваць гістарычную памяць, нацыянальную адметнасць і ўнікальнасць. А ў аснове іх – галоўныя чалавечыя, хрысціянскія каштоўнасці: дабрыня, спагада, любоў да бліжняга.
Завяршаецца карагод зімовых свят з навагодняй ёлкай, казачнымі персанажамі, балямі, гуляннямі, калядкамі, падарункамі, частаваннямі. Яго вянчае 19 студзеня праваслаўнае Хрышчэнне Гасподняе. А сёння, па царкоўным календары, Вадохрышчанская куцця, калі з першай вечаровай зоркай вада ва ўсіх крыніцах набывае асаблівыя цудадзейныя, гаючыя якасці.
Вада, як вядома – крыніца жыцця. І яе кругазварот у прыродзе гэта яскрава ілюструе. Так і добрыя справы не спыняюцца, ходзяць па крузе, перадаюцца ад аднаго да другога, множацца, прырастаюць новымі ініцыятывамі і традыцыямі. Іх мы здзяйсняем самі, сваімі рукамі, шчырымі памкненнямі, гарачымі сэрцамі. Год міру і стварэння, які крочыць па Беларусі, натхняе менавіта на гэта кожнага з нас.
Я так думаю, а вы?