Падзяліцца:
«Донарам – нізкі паклон! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 14.06.2022
«Донарам – нізкі паклон! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

У мяне асаблівая павага да донараў з даўніх часоў. І вялікая ўдзячнасць таму маладому чалавеку, які дапамагаў урачам ратаваць маё жыццё пасля аўтааварыі. Ён быў выкліканы тэрмінова, каб падзяліцца сваёй крывёй са мной, 17-гадовай дзяўчынай, якая памірала на аперацыйным стале… Пра гэта мне расказала медсястра, калі я адчуняла ад наркозу, і дадала: «Ты паівнна стаць дужай і хутка ўстаць на ногі, бо зараз у тваіх венах цячэ кроў моцнага хлопца-спартсмена». На жаль, сустрэцца з ім і падзякаваць асабіста не ўдалося па розных прычынах. Але і да гэтага часу нясу ў сэрцы шчырае прызнанне таму студэнту і малюся за яго здароўе.

Дзялюся гэтай асабістай гісторыяй не выпадкова. Сёння, 14 чэрвеня, у нашай краіне традыцыйна адзначаецца Сусветны дзень донара крыві. Сёлета ён праходзіць пад дэвізам «Донарства крыві – акт салідарнасці. Станьце донарам і ратуйце жыцці». І сярод асноўных мэт кампаніі да гэтага дня, якія вызначыла Сусветная арганізацыя аховы здароўя, – прызнаць і прапагандаваць значнасць добраахвотнага донарства крыві для ўмацавання грамадскай салідарнасці і сацыяльнай згуртаванасці.

Такі пасыл зразумелы асабліва зараз, калі кожны крок, кожны учынак чалавека накіраваны на еднасць, супрацоўніцтва, гуманізм, вельмі важны і неабходны.

Ну, а гаворачы медыцынскай мовай, наяўнасць бяспечнай крыві, яе кампанентаў – гэта крытычна важны складнік для аказання многіх відаў медыцынскай дапамогі ў хірургіі, акушэрстве і гінекалогіі, анкалогіі, транспланталогіі, што дазваляе ратаваць жыцці людзей. Толькі ў сталіцы такіх пацыентаў бывае штодня амаль 600.

Дарэчы, летась у краіне рэкрутавана максімальная колькасць донараў крыві і яе кампанентаў. У высакароднай справе прынялі ўдзел тысячы чалавек! І зараз нацыянальная служба крыві поўнасцю забяспечвае арганізацыі аховы здароўя якаснымі і бяспечнымі кампанентамі крыві, дыягнастычнымі наборамі ўласнай вытворчасці, а таксама асноўнымі лекавымі сродкамі з плазмы крыві чалавека. У краіне ўкаранёны падвойны скрынінг донарскай крыві на маркеры розных інфекцый, тэхналогіі, якія гарантуюць максімальную бяспеку яе прадуктаў.

А стратэгічны напрамак развіцця галіны – гэта ўкараненне новых і інавацыйных тэхналогій нарыхтоўкі крыві, яе кампанентаў, іх абследаванне і захоўванне, а таксама клетачных біятэхналогій вытворчасці лекавых прэпаратаў і вырабаў медыцынскага прызначэння. Далейшая рэалізацыя інавацыйнага праекта біяфармацэўтычнай вытворчасці лекавых сродкаў дасць магчымасць мець уласныя стратэгічныя тэхналогіі вытворчасці і кантролю якасці біятэхналагічных прадуктаў. А навуковыя распрацоўкі ў галіне вытворчасці сухой плазмы, унутрывеннага імунаглабуліну, біямедыцынскага клетачнага прадукту, плазмы, узбагачанай трамбацытамі, дапамогуць у распрацоўцы і стварэнні новых лекавых прэпаратаў.

Традыцыйна да Сусветнага дня донара крыві ў краіне праводзіцца рэспубліканская акцыя. У Віцебскай вобласці, напрыклад, да яе ўжо далучыліся каля 500 чалавек. У абласную станцыю пералівання крыві прыходзіць штодня да 50 донараў. Гэта людзі рознага ўзросту і прафесій, актыўны ўдзел прымаюць студэнты Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта. Сярод іх – так званыя пярвічныя донары і тыя, хто, так бы мовіць, са стажам, якія ўзнагароджаны знакам «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь». Такіх ў краіне больш за 68 тысяч. А ў цэлым ўдзел у данацыях прынялі больш за сто тысяч чалавек. Усе яны – людзі з вялікім сэрцам, якія без пафасу і гучных слоў дэманструюць прыклад дабра і грамадскай салідарнасці!

Шчырая падзяка і нізкі паклон ім за гэта! Я так думаю, а вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: