Падзяліцца:
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 28.09.2020

З майго акна добра праглядаецца дваровая спартыўная пляцоўка. Не так даўно на адным з баскетбольных шчытоў з’явілася бела-чырвона-белая наклейка з вядомым коннікам пасярэдзіне. Зразумела, што гэта зрабіла рука высокага па росце чалавека. Але вось цікава, ніколі не бачыла, каб тут гулялі ў баскетбол ці проста кідалі мяч у карзіну маладыя ці дарослыя людзі. Мяч ганяюць па пяцоўцы больш юныя футбалісты, гадоў па 8 - 10, а ім не дацягнуцца да шчыта.

Часта бачу дзяўчат, якія выгульваюць сваіх чатырохлапых сяброў. У адной вялікі лабрадор, у другой пінчар, у трэцяй нават некалькі маленькіх. У руцэ сабачы ланцужок, на запясці — дэманстратыўная белая стужка, а вось шуфліка з пакетам, каб прыбраць за сваім сябрам, не заўважаю. Навошта, мабыць, думаюць маладыя грацыі, калі ў двары ўвіхаецца не намнога старэйшая за іх жанчына-дворнік, няхай тая і працуе для агульнай чысціні, а ў іх іншая, больш высокая місія — пратэст.

А днямі кінуліся ў вочы кусты ўздоўж дарогі, абвешаныя белымі і чырвонымі стужкамі (ведаеце ў якім парадку). Пад іх галінкамі паўно пустазелля. У свой час нейкая клапатлівая рука высадзіла тут кветкі, але яны зараслі травою і, здаецца, моляць зараз аб праполцы. Але іншым рукам не да такой «чорнай» работы, важна правільна размеркаваць і прыгожа развесіць пратэстныя колеры.

А што, зараз трэнд — развешваць такія стужкі дзе б там ні было. З-за гэтага і слоўныя сутычкі бываюць паміж людзьмі. І нават бойкі, калі радыкальная моладзь нападае на тых, хто прыбірае такое «мастацтва». Гэты абуральны выпадак, думаю, бачылі ў інтэрнэце многія. А я была сведкай такой карціны: белыя і чырвоныя стужкі — на агароджы ўздоўж дарогі ля святлафора, побач — шмат бляшанак ад напояў-тонікаў. Жанчына, якая разам са мною чакала зялёнае святло, заўважыла: «Сама бачыла, як дзве дзяўчынкі гэта развешавалі, а хлопцы стаялі і пілі». Вось і атрымаўся такі «малюнак з натуры», дзе перамяшаліся і невуцтва, і нявыхаванасць.

Падобных прыкладаў нямала. Іх аб’ядноўвае агульная рыса — большасць людзей дзейнічаюць несвядома, а па чужой падказцы, як пешкі ў чужой гульні. Свежы прыклад. Набярэжная Свіслачы. Сонечны восеньскі дзень. Два маладыя хлопцы ў тэнісках сядзяць на лаўцы, п’юць «Соса-Соla». Потым пустымі бутэлькамі цэляцца ў сметніцу, але тыя ляцяць міма. Хлопцы рагочуць, уздымаючы рукі ўгару. Шырокія белыя бранзалеты добра бачныя на загарэлай скуры. Праз некалькі хвілін з заклікам: «Нас збіраюць на Стэле», — падыходзяць яшчэ хлопцы, дзяўчаты і дружнай кампаніяй рухаюцца па маршруце, акрэсленым хутчэй за ўсё ананімным каардынатарам праз тэлеграм-канал. Яны нават не разумеюць, што сталі ахвярамі маніпуляцыі масавай свядомасці. Загадаюць прыйсці з кветкамі — прыйдуць, заклічуць закавацца ў белыя бразалеты — закуюцца, узмахнуць палачкай — завішчаць, націснуць на клаксоны, і калі скажуць прыбраць смецце — прыбяруць (бачылі ў сеціве такія кадры, маўляў, якія яны «неверагодныя»). Недавучаныя і недавыхаваныя маладзёны лёгка паддаюцца на правакацыі і прамыя інструкцыі: перакрываць дарожны рух, пераварочваць машыны і клумбы, кідаць каменні ў праваахоўнікаў, займацца булінгам у сетках, абражаць уладу і пагражаць тым, хто думае інакш.

Сёння Telegram стаў паліттэхналагічным інструментам, які не толькі інфармуе (а часцей дэзінфармуе), але і мабілізуе (і звычайна на агрэсіўныя ўстаноўкі). Папулярны якраз сярод актыўных 16 - 30 гадовых карыстальнікаў інтэрнэту. Яны і складаюць большасць вулічных маніфестантаў. Іх незаконныя масавыя акцыі пад уздзеяннем радыкальных, дэструктыўных, антыбеларускіх тэлеграм-каналаў з-за мяжы правакуюць на агрэсію, усёдазволенасць, правапарушэнні, разбурэнне дзяржавы. І што самае страшнае — на раздзяленне нашага грамадства на «правільных» і «няправільных» людзей.

Досыць! Час праключыцца на стваральную працу. Узяцца за падручнікі і мудрыя кнігі, пайсці ў музей і кіно, пачаць гуляць у той жа баскетбол і заняцца добраўпарадкаваннем свайго горада, далучыцца да акцыі «Зялёны двор разам». І зрабіць гэта можа кожны, дастаткова падаць заяўку на сайце Мінгарвыканкама або адміністрацыі раёна, пазначыць дзень, месца і нават якое дрэва ці кусток вы жадаеце пасадзіць сваімі рукамі. Адчуваеце розніцу: прапануецца зрабіць па сваім выбары, па ўласным жаданні, а не па ўказцы з-за «бугра» ад невядомых куратараў месенджараў. Час ажыццяўляць добрыя справы ў нашых з вамі інтарэсах, а не сумніўныя планы на карысць чужыць дзяльцоў ад палітыкі.

Час думаць галавой, а не смартфонам. Я так думаю. А вы?


Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: