Падзяліцца:
«Дровы для Еўропы? Чаму б не! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 09.11.2022
«Дровы для Еўропы? Чаму б не! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч

«Гэта мы, гэта дровы. Мы ўсяго жыцця асновы». Такая няхітрая песенька з музычнага спектакля гучала ў гады майго дзяцінства па правадной радыёсетцы. Мінула нямала гадоў, прыйшлі найноўшыя тэхналогіі, а дровы зноў на піку славы. У краінах Еўропы.

Непад’ёмныя цэны на газ і электраэнергію вымусілі амаль 40% еўрапейцаў перайсці на драўнянае паліва для ацяплення свайго жылля. У Германіі, напрыклад, нацыянальная асацыяцыя камінараў канстатуе шквал запытаў на падключэнне новых і старых печаў. Ужо з канца лета на лесапільнях і ў цэнтрах продажу дроў назіраўся ажыятажны спрос, а з ім – імклівы рост цэн. Калі да крызісу кубаметр колатых дроў каштаваў 99 еўра, то зараз 200. А цэны на гранулы выраслі амаль на 86%, адзначае Федэральнае статыстычнае агенцтва краіны. І гэта не мяжа, прагназуюць эксперты: з наступленнем халадоў цэны могуць узляцець утрая.

У Францыі цана на тыя ж гранулы ўжо ўдвая вырасла – да 600 еўра за тону. І тыя домаўладальнікі, чые фінансы дазваляюць, набываюць такога паліва з запасам і ствараюць дэфіцыт. Сапраўдная «драўняная ліхаманка» і ў Швейцарыі, дзе жыхары набываюць небывалыя раней аб’ёмы – 15 упаковак дроў па 100 кілаграмаў. Бельгійскія лесагандляры таксама адзначаюць надзвычай высокі попыт на дровы. Тая ж сітуацыя нават у Швецыі. А ў Нідэрландах высокі запыт на дровы для камінаў і печаў з мінулага лета.

Таму ў вытворчаць для альтэрнатывы газу зараз у Еўропе ідзе ўсё – і пілавінне, і стружка, і сухастой. І… парушэнне закону. У Латвіі на прыпынках транспарту можна ўбачыць толькі металічны каркас лаўкі, драўляныя сядзенні спільваюць. У Эстоніі пачасціліся выпадкі незаконнай высечкі лесу на «дроўцы». У Германіі актывізаваліся махляры: прымаюць заказы з перад-аплатай на дровы, пелеты, пілы і сякеры, а тавар не пастаўляюць.

Але замест таго, каб кардынальна вырашаць праблему энергакрызісу, кіраўніцва Еўрасаюза абмяжоўваецца агульнымі заклікамі скараціць спажыванне газу, іншых відаў паліва, а на месцах прыбягаюць да непапулярных мер абмежавання. У Германіі тых жа драўняных гранул адпускаюць не больш за 3 паддоны. Румынія абмежвала на 6 месяцаў цэны на дровы, а Венгрыя наогул забараніла экспарт пелет. А пра такую модную «забаўку», як «зялёная энергетыка», нават і не заікаюцца, і гатовы кідаць у печ любое неэкалагічнае, як лічылі раней, паліва. Таму не здзіўляюць лозунгі мітынгуючых у Малдове, якія заклікаюць свайго прэзідэнта «памяняць санкцыі на дровы». Дарэчы, гавораць, што там наогул лепшым падарункам стала бярэмя пален.

Беларусь гатова падтрымаць новы еўрапейскі трэнд на старажытны від паліва. І не толькі папулярным флэшмобам па колцы дроў, які пракаціўся па многіх краінах пасля ўнікальнага відэа. На ім Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка па-майстэрску калоў дровы, гаворачы, што гэта для еўрапейцаў, каб тыя не замерзлі зімой падчас энергетычнага крызісу.

І вось ужо на чэмпіянаце па колцы дроў сярод журналістаў, які прайшоў у святочны дзень 7 лістапада, зноў ад кіраўніка дзяржавы прагучала прапанова «разам прапальваць печку». А таксама гатоўнасць выдаць суседзям дзялянку для самастойнай нарыхтоўкі ці нават бясплатна даставіць гатовыя паленні да мяжы, каб тыя ж палякі, украінцы і латышы яшчэ раз упэўніліся ў дабрыні намераў беларусаў.

Быў час, калі на еўрапейскіх вуліцах масава разводзілі вогнішчы, каб абагрэць сваіх грамадзян. Стары свет зноў пагружаецца ў Сярэднявечча? Шчыра кажучы, не хацелася б. Бо паспяховы і прадказальны сусед лепей за халоднага і галоднага.

Я так думаю, а вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: