Падзяліцца:
«Дружба народаў – не фікцыя! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 30.07.2021
«Дружба народаў – не фікцыя! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Паласаты світарчык ад Іванкі. Гэта быў нечаканы падарунак ад маёй балгарскай сяброўкі па перапісцы. І да дня нараджэння прыгадала, і па памеры падабрала. Пісьмы і бандэролі за-за мяжы ў тыя савецкія часы, на дзіва, дастаўляліся хутка, і таямнічы спачатку горад Бургас паволі станавіўся больш пазнавальны і блізкі – па паштоўках, пісьмах, фатаграфіях. Я таксама старалася як мага больш расказаць пра свой горад, нашу краіну, яе краявіды, апісвала школьныя будні, знаёміла са сваімі сябрамі, дзялілася марамі. Адна з іх была – сустрэцца з Іванкай. На жаль, не давялося. Але, дзякуючы таму далёкаму сяброўству, я і сёння ўпэўнена, што балгары – добрыя, шчырыя людзі.

«Самы выдатны падарунак, зроблены людзям пасля мудрасці, гэта сяброўства», справядліва заўважыў вядомы фанцузкі пісьменнік і філосаф Франсуа дэ Ларошфуко. Так, сяброўства ва ўсе часы лічылі найвялікшай маральнай меркай і каштоўнасцю. А народная мудрасць занатавала гэта ў прыказках і прымаўках: «Чалавек без сябра, што ежа без солі», «Прыяцеля за грошы не купіш». І сёння такія пачуцці не проста аб’ядноўваюць людзей, яны даюць падтрымку і апору, служаць крыніцай творчага натхнення, спрыяюць нараджэнню новых ідэй і праектаў.

А кожны разважны і прагрэсіўны чалавек разумее, што дружба паміж людзьмі і на дзяржаўным, і на побытавым узроўні – гэта гарантыя дабрабыту і міру, узаемаразумення і падтрымкі, калі неабходна. Дарэчы, ідэя дружбы паміж народамі была заўсёды актуальная. Пра яе, як пра важны складнік чалавечага ўзаемадзеяння, пісалі Канфуцый і Пушкін, Хаям і Гамзатаў, Багдановіч і Броўка. Гісторыя неаднаразова і пераканаўча даказвала, што гэта катэгорыі гістарычныя.

Найвышэйшай праявай непераможнасці і дружбы народаў стала Вялікая Айчынная вайна. Братэрства, узаемадапамога далі магчымасць савецкім салдатам разграміць нацыстаў у той час, калі гітлераўская прапагандысцкая машына рабіла стаўку менавіта на распальванне нацыянальнай варожасці паміж народамі, імкнулася пасварыць, так бы мовіць, рускіх з нярускімі. Але баявое братэрства і працоўны подзвіг людзей розных нацыянальнасцей сталі гарантам Вялікай Перамогі.

Дружба народаў, як адзін са складнікаў у забеспячэнні перамогі над нацызмам, прызнана гістарычна. Але гэты вопыт у апошнія гады замоўчваецца і скажаецца. Адсюль і росквіт на Захадзе ідэалогіі заўзятага нацыяналізму, нацызму, шавінізму, ксенафобіі. Адсюль і спробы мясцовых калабарантаў і іх заходніх куратараў падзяліць беларускі народ на «нашых» і «нянашых». А ў суседняй Літве аддзяліць калючым дротам мігрантаў-арабаў ад свайго насельніцтва. Нацыянальны сепаратызм – адна з адмоўных праяў сёняшнняй палітыкі калектыўнага Захаду, якая супярэчыць здароваму сэнсу і душы беларусаў.

Але калі хто скажа, што сёння дружба народаў – фікцыя, не верце. Вось свежы, як кажуць, прыклад. Ля Кургана Дружбы, што знаходзіцца на стыку межаў Беларусі, Латвіі і Расіі ладзіцца ў гэтыя дні Міжнародны маладзёжны лагер «Бе-La-Русь». У 30-ты раз пляцоўка аб’яднала больш за 200 самых актыўных у спорце, творчасці, адукацыі, камунікацыі і кіраванні юнакоў і дзяўчат з вядучых маладзёжных арганізацый Беларусі і Расіі. Дэлегацыя Латвіі на гэты раз будзе дыслацыравацца на сваёй тэрыторыі і анлайн-падключацца да агульных мерапрыемстваў. А у праграме лагера – спартыўныя, творчыя, забаўляльныя, дзелавыя, патрыятычныя праекты.

Узгадаем і наш «Славянскі базар у Віцебску», які задумваўся як свята дружбы славянскіх народаў, а стаў буйным міжнародным фестывалем мастацтваў, дзе прадстаўлена творчасць народаў розных краін свету. І спецыяльная ўзнагародна фестывалю, якая ўручаецца Прэзідэнтам Беларусі, мае адпаведную назву «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення».

Гэта не адзіная ўзнагарода, якой Беларусь адзначае тых, хто ўносіць асабісты адметны ўклад ва ўмацаванне міру, сяброўскіх адносін, яднанне народаў. Ордэн «Дружбы народаў» заснаваны Указам Прэзідэнта ў 2002 годзе. І сярод яго 57 уладальнікаў – Прэзідэнты Уладзімір Пуцін і Гейдар Аліеў, Патрыярх Аляксій II і прэзідэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакея Рэнэ Фазель, касманаўт Пётр Клімук і спявачка Ала Пугачова. А першым кавалерам яшчэ адной высокай узнагароды Беларусі – ордэна «За ўмацаванне міру і дружбы» – стаў кітайскі лідар Сі Цзіньпін.

Беларусь нездарма называюць краінай сяброўства і нацыянальнай згоды. На яе тэрыторыі жывуць прадстаўнікі каля 140 народносцей і нацыянальнасцей, жывуць у міры і згодзе. І іншым паказваюць прыклад. Каля 160 тысяч украінцаў, якія беглі ад вайны на Данбасе, знайшлі прытулак на нашай зямлі, а таксама работу, месца вучобы, медыцынскае і іншае абслугоўванне. І я ведаю такія сем’і, з многімі сустракалася падчас камадзіровак. Дружба, сяброўства, таварыскасць, братэрства, яднанне, адзінства, салідарнасць – гэтыя словы не толькі ў нашым лексіконе, яны – драйверы да дзеяння, да добрых памкненняў, учынкаў і спраў. Асабліва зараз, у Год народнага адзінства.

Чаму ўсё прыгадалася? Сёння – Міжнародны дзень дружбы, свята, заснаванае ў 2011 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН. Заснаванае дзеля таго, каб яшчэ раз нагадаць: усе мы, незалежна ад расы, полу, рэлігіі, – адзіная сям’я на нашай адзінай планеце Зямля.

Я так думаю, а вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: