Падзяліцца:
«Духоўнае ачышчэнне – абавязкова! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 12.05.2021
«Духоўнае ачышчэнне – абавязкова! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Катарсіс. У даслоўным перакладзе з грэчаскай азначае «ачышчэнне». Калі больш дакладна і з навуковага пункту гледжання, гэта – працэс маральнага ачышчэння ў выніку душэўнага ўзрушэння, якое ўзнікае пры суперажыванні падчас успрымання твораў мастацтва ці яркай падзеі. На яго жыватворную сілу звяртаў увагу яшчэ старажытны філосаф Арыстоцель.

Думаю, менавіта такога ачышчэння не хапае сучаснаму маладому пакаленню. Мы, бацькі, акружылі нашых дзяцей залішнім клопатам, ахуталі покрывам ад цяжкасцей жыцця, а бывае люляем нават вялікаўзроставых. Залюбілі, як гавораць у народзе, а псіхолагі называюць гэта гіперапекай.

Да свайго рамана «Па кім звоніць звон» Эрнэст Хемінгуэй выбраў эфіграфам урывак з пропаведзі англійскага святара і паэта Джона Дона: «Няма чалавека, які быў бы як востраў, сам па сабе… смерць кожнага чалавека моліць і пра мяне, бо я адзіны з ўсім Чалавецтвам, таму не пытай, па кім звоніць звон: ён звоніць па Табе».

Гэтыя праведныя словы я б нагадвала пад Хатынскі перазвон разам з аповедам пра трагедыю спаленай вёскі кожнай групе экскурсантаў-школьнікаў. Жорстка, скажаце вы, нельга да такой ступені трывожыць душы дзяцей. Думаю, не. Бо мы былі ўпэўнены, што ген гістарычнай памяці і патрыятызму назаўсёды ў кожным беларусе. Але падзеі мінулага года паказалі: ёсць, асабліва сярод моладзі, сапраўдныя манкурты. Дарэчы, нагадаю, раман Хемінгуэя расказвае пра жудасную жорсткасць грамадзянскай вайны на прыкладзе падзей у Іспаніі ў маі 1937 года.

Майскія дні 2021 года зноў нагадваюць нам аб перамозе святла над цемрай, жыцця над смерцю, дабра над злом. На гэтыя важныя тэмы мы шмат гаворым зараз у эфіры Беларускага радыё. Слухачы актыўна далучаюцца да размовы падчас інтэрактыву. Дарослых хвалюе бяспамяцтва і гістарычнае невуцтва некаторай часткі нашай моладзі, і яны прапануюць свае падыходы ў патрыятычным выхаванні. Напрыклад, раяць узнавіць школьныя кіналекторыі з абавязковым праглядам лепшых стужак на ваенную тэматыку. А такіх нямала створана і на нашай студыі «Беларусьфільм».

Мне тут прыгадаўся нядаўні выпадак. Групе школьнікаў паказалі легендарны фільм Элема Клімава «Ідзі і глядзі» па «Хатынскай аповесці». Лёс кінагероя, хлопчыка Флёры, настолькі ўразіў сучасных падлеткаў, што зал плакаў… Вось ён, катарсіс ад шэдэўра айчыннага кінематографа, які будзіць і гістарычную памяць, і павышае культурны ўзровень. На адным «Аватары» не выхаваць адукаванага чалавека, сапраўднай асобы і патрыёта, – лічаць слухачы. Нельга з гэтым не пагадзіцца.

«Я умираю, но не сдаюсь! Прощай, Родина». Упэўнена, гэты надпіс у раёне Беластоцкіх варот Брэсцкай крэпасці павінен убачыць кожны беларускі школьнік. Як і наведаць «мёртвы клас» з 21 белай партай – частку мемарыяльнай кампазіцыі помніка дзецям-ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Ён узведзены ў вёсцы Красны Бераг Жлобінскага раёна, на месцы аднаго з найбуйнейшых дзіцячых донарскіх канцлагераў. Там былі дзеці ад 8 да 14 гадоў, насільна адабраныя ў бацькоў. У іх бралі кроў для нямецкіх салдат і афіцэраў, а тых, хто заставаўся пасля жудаснай працэдуры жывым, адпраўлялі ў Германію. У Беларусі было 16 такіх дзіцячых донарскіх лагераў, яны пазначаны на класнай дошцы з такога ж белага матэрыялу, як увесь «мёртвы клас»… Ці гэта не месца для катарсісу, балючага, але важнага духоўнага ачышчэння сучасных дзяцей?! І такіх рэперных кропак для эмацыянальнага ўзрушэння юных душ нямала. Каля 9 тысяч помнікаў пахаванняў часоў той вайны ўваходзяць у ваенна-гістарычныя маршруты і экскурсіі. Наведванне святых месцаў памяці нашы слухачы прапануюць зрабіць абавязковым для кожнага школьніка і бясплатным.

Дастукацца да сэрца кожнага сучаснага падлетка няпроста. Але магчыма, лічаць у 43-ай сталічнай гімназіі. Тут праводзяць шмат цікавых конкурсаў, акцый на ваенна-патрыятычную тэматыку, існуе пошукавы атрад, група экскурсаводаў і нават асобны парадна-цырыманіяльны атрад са сваёй групай сцяганосцаў і барабаншчыкаў, які дэманструе плац-парад. А першы ўрок па тэме Вялікай Айчыннай вайны настаўніца Наталля Шарамецьева пачынае з франтавых пісем, якія прадстаўлены ў музейнай прасторы школы. І як прызналіся самі школьнікі ў эфіры праграмы «Актуальны мікрафон», чытаць гэтыя пажоўклыя лісты без слёз немагчыма.

Значыць, дзейнічае славуты катарсіс і ў нашыя дні. Не забыліся пра яго мудрыя настаўнікі. Не забыць бы і нам, бацькам. Я так думаю. А вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: