Падзяліцца:
«Дыпламатыя ў дзеянні. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 22.01.2020
«Дыпламатыя ў дзеянні. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч

Першы месяц новага года прынёс прыемную навіну: Беларусь і Еўрасаюз падпісалі пагадненні аб спрашчэнні вызавага рэжыму і рэадмісіі. Першае — спрашчае працэдуру атрымання для грамадзян нашай краіны шэнгенскай візы і паніжэнне яе кошту, другое — важнае для мігрантаў з іншых краін і органаў правапарадку.

Нагадаю, што перамовы па гэтых дакументах ішлі больш за 5 гадоў. І вось 8 студзеня ў Бруселі абдылася цырымонія іх падпісання. З беларускага боку дакументы завізіраваў Міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Праўда, самі пагадненні пачнуць дзейнічаць крыху пазней, з першага чысла другога месяца пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі. А яму павінна папярэднічаць працэдура ўзгаднення ў парламенце Беларусі і Еўрапарламенце. Таму плануецца, што візу за 35 еўра мы зможам атрымаць не раней, чым у чэрвені. Тым не менш, сёння мы можам гаварыць пра чарговую перамогу беларускай дыпламатыі.

Пра гэта ўзгадалася не выпадкова. У календары прафесійных свят сёння пазначана — Дзень дыпламатычнага работніка. Дата звязана з гісторыяй першага знешнепалітычнага ведамства ў гады станаўлення беларускай дзяржаўнасці пасля рэвалюцыі. Менавіта 22 студзеня 1919 года ў газеце «Звязда» была надрукавана першая публічная аб’ява аб пачатку дзейнасці Камісарыята па замежных справах Савецкай Сацылістычнай Рэспублікі Беларусі.

За гэта стагоддзе — і ў савецкі час, і ў найноўшы — беларускай дыпламатыяй зроблена шмат для ўмацавання аўтарытэту нашай краіны на міжнароднай арэне. Сёння Беларусь не толькі паўнавартасны член сусветнай супольнасці, але і ініцыятар, актыўны ўдзельнік буйных інтэграцыйных праектаў у Еўразіі, шырокага стратэгічнага дыялогу па праблемах бяспекі і сучасных выклікаў.

Сучасная Беларусь — сусветна прызнаная пляцоўка для вырашэння вострых праблем ў Еўропе, донар рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці. Голас Беларусі, яе міралюбівая, незалежная палітыка знаходзіць ўсё больш аднадумцаў, саюзнікаў, партнёраў. Наша краіна мае дыпламатычныя адносіны са 177 дзяржавамі свету i прадстаўлена замежнымі ўстановамі ў 58 дзяржавах. Шматвектарнасць — аснова знешняй палітыкі Беларусі. І яе рэалізацыя ўскладзена на Міністэрства замежных спраў.

Беларусь — краіна з адкрытай эканомікай, таму экспарт — адзін з прыярытэтаў. Зараз Беларусь падтрымлівае гандлёвыя стасункі больш чым са 170 дзяржавамі. І пашырэнне прысутнасці тавараў з маркай «Зроблена ў Беларусі» на сусветных рынках — абавязак эканамічнай дыпламатыі. Зразумела, такая работа пастаянна вядзецца сумесна з урадам, прадпрыемствамі-экспарцёрамі, але дыпламатычны рэсурс тут адыгрывае найважнейшую ролю.

Усе гэтыя і іншыя набыткі ў многім – вынік карпатлівай працы былых і сучасных пакаленняў дыпламатаў, заснаванай на багатым мінулым вопыце. Мяне ўразіў адзін факт з гісторыі беларускай дыпламатыі. На канферэнцыі ў Сан-Францыска статут новай міжнароднай арганізаціі ААН ад імя Беларусі падпісваў тагачасны Народны камісар замежных спраў Беларусі Кузьма Кісялёў. У сваёй кнізе «Нататкі савецкага дыпламата» ён прывёў, я б назвала, урок дыпламатыі: на таблічцы насупраць свайго месца ён заўважыў, што нашу краіну назвалі «Уайт Раша». Далей (цытую на мове арыгінала): «Я тут же обратился к Генеральному секретарю и сказал, что кто-то из его сотрудников перепутал название моей страны, объяснив, что «Белой Россией» было принято называть часть дореволюционной царской России, а наша советская республика имеет другое название». Зразумела, таблічку памянялі, на новай, як і прасіў дыпламат, было пазначана «BYELORUSSIAN SSR» — «Белорусская ССР». Пазней на прэс-канферэнцыі Кузьма Кісялёў яшчэ раз звярнуў ўвагу на правільную тагачасную назву краіны.

Мне, як журналісту, не аднойчы даводзілася назіраць, як сучасныя дыпламаты розных рангаў у розных сітуацыях мякка, тактоўна, але настойліва нагадвалі суразмоўцам цяперашнюю афіцыйную назву нашай дзяржавы. Памятаю, як на адной сустрэчы ў Германіі цвёрда прагучала: «Я прадстаўляю Рэспубліку Беларусь…»

Думаю, са мною пагодзяцца многія калегі-журналісты: Міністэрства замежных спраў нашай краіны — адно з самых адкрытых для прэсы сярод іншых устаноў. На штотыднёвыя брыфінгі можа трапіць любы прадстаўнік СМІ і атрымаць адказ на актуальнае ці хвалюючае яго пытанне. Заўсёды даступныя праз розныя сродкі камунікацыі і нашы паслы ў краінах знаходжання. І гэта не дзіўна. Беларусь адкрыта свету, і адкрываць яе на розных кантынентах дапамагаюць беларускія дыпламаты.


Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: