«Дыялог выгадна адрозніваецца ад простай развагі ў чым-небудзь, няхай гэта будзе ўладкаванне дзяржавы ці сяброўства і славалюбства», – сцвярджаў вялікі антычны філосаф Платон. У сваёй знакамітай працы, якая так і называецца «Дыялогі», вучань Сакрата і настаўнік Арыстоцеля паказваў перавагі такога спосабу зносін, каб лепей спазнаць ісціну.
Менавіта да дыялогу заклікае зараз улада Беларусі грамадзянскую супольнасць і сваіх апанентаў. І фармат абраны адмысловы – дыялогавыя пляцоўкі, дзе можна абмяркоўваць заканадаўчыя ініцыятывы, перспектывы развіцця краіны, актуальныя пытанні, якія хвалююць кожнага. Дыскусіі, абмен думкамі пройдуць у кожным рэгіёне. Старт дадзены ў Магілёве, Гродне, дзе кіраўнікі дзяржорганаў, грамадскія актывісты, эксперты абмяркоўвалі прапановы па развіцці сацыяльнай сферы, маладзёжнай палітыкі, будаўніцтва партыйнай сістэмы. Да вялікага дыялогу ўжо далучыліся Віцебск, Бабруйск, Асіповічы. Там тэмы закраналіся розныя – ад павышэння ролі мясцовага самакіравання да канстытуцыйнай рэформы. У Брэсце шырокую дыскусію выклікалі пытанні адукацыі, культуры, спорту. У прыватнасці, засяродзілі ўвагу на ролі дыстанцыйнага навучання, якое, па меркаванні ўдзельнікаў, павінна развівацца, але не падмяняць поўнасцю традыцыйныя формы. Прагучала думка і пра важнасць узаемадзеяння школы і сям’і ў выхаванні маладога пакалення, пра адказнасць бацькоў за супрацьпраўныя паводзіны сваіх дзяцей.
Сярод прапаноў, якія прагучалі ў гэтыя дні, можна вылучыць наступныя: увядзенне інстытута амбудсмена, мараторый на смяротнае пакаранне, удасканаленне функцый кантрольна-рэвізійных органаў, стварэнне нацыянальнага фонду падтрымкі маладзёжных ініцыятыў, залічэнне дэкрэтнага водпуску ў працоўны стаж. І што важна – удзельнікі дыялогу галасуюць за абраны раней курс на сацыяльна арыентаваную дзяржаву і прапануюць абавязкова замацаваць у Канстытуцыі згодна з гэтым усе сацыяльныя гарантыі, незалежна ад любога палітычнага моманту.
Дыялогавыя пляцоўкі працягваюць работу. Вынікам дыскусій стане выпрацоўка дакладных прапаноў, якія будуць вынесены на Усебеларускі народны сход і стануць арыенцірам пры абнаўленні Канстытуцыі і іншых законаў. Дарэчы, сёння кожны грамадзянін, неабыякавы да лёсу краіны, можа накіраваць свае прапановы ў парламент. І такіх зваротаў ужо нямала. Каля трэці прапаноў, што паступілі ўжо, напрамую не тычацца Асноўнага закона, але яны прынцыпова важныя для абмеркавання і ўнясення змяненняў у іншыя заканадаўчыя акты.
Узважаны дыялог, уменне слухаць розныя пункты гледжання, імкненне знаходзіць узаемапрымальныя рашэнні для далейшага росквіту дзяржавы і плённай працы, у тым ліку, і над Асноўным законам, дэманструецца зараз на грамадскіх пляцоўках. Яны сталі своеасаблівым механізмам кансалідацыі людзей. У адрозненне ад варожых Telegram-каналаў і псеўдалідараў, якія ставяць «ультыматумы», штурхаюць на агульнанацыянальную забастоўку, улада заклікае кожнага, у тым ліку і канструктыўную апазіцыю, да усеагульнага дыялогу. І гэта падтрымліваецца большасцю беларусаў, якія жадаюць жыць у міры і згодзе. У тых жа YouTube-каналах можна сустрэць нямала меркаванняў супраць вулічнай дэмакратыі, але ў падтрымку заклікаў да ўсіх неабыякавых удзельнічаць у дыялогу за круглым сталом. Наогул, у нас, беларусаў, здаўна вядзецца, каб важную і стваральную справу рабіць талакою, разам, калектывам. Будаваць дом маладым ці ўзводзіць храм, дапамагаць па гаспадарчых справах суседзям-вяскоўцам ці брукаваць дарогу, садзіць сад ці разбіваць сквер. І на гэты раз, думаю, мы разам вырашым, якой дарогай рухацца наперад.
А калі зноў звярнуцца да Платона, то ў сваіх «Дыялогах» ен падкрэслівае: «Няма большага няшчасця, як адчуваць нянавісць да разваг». І прапануе для канструктыўнага дыялогу «самы добры і лёгкі спосаб: не закрываць рот іншым, а самім імкнуцца быць як мага лепш». Нельга не пагадзіцца з такім меркаваннем. Я так думаю. А вы?