Падзяліцца:
“Дзень без стрэлаў? Магчыма! Я так думаю, а вы?” Радыёблог Алены Давідовіч (аудыё)
  • Перадача: Навіны
  • Дата: 20.09.2019
“Дзень без стрэлаў? Магчыма! Я так думаю, а вы?” Радыёблог Алены Давідовіч (аудыё) “Сонечны ранак”, “Бабулін сад”, “Вясёлкавы свет”, “Купалле”, “Наваселле”, “Родны кут”, “Васільковае дзяцінства”, “БЕЛАЗ — гэта крута”, “Фермер”, “Рэха Перамогі” — гэта назвы толькі некаторых малюнкаў-пераможцаў рэспубліканскага конкурсы жывапісу “Шчасце жыць у мірнай краіне!”. На іх — яркія, маляўнічыя вобразы дзяцінства і роднага краю, блізкіх людзей і важных падзей. Усе яны па-рознаму адлюстроўваюць эмоцыі, пачуцці юных аўтараў, іх разуменне свету, але іх аб’ядноўвае агульная танальнасць — мірная, без унутранай трывогі і канфрантацыі. Такі навакольны свет, свет Радзімы вачыма юных беларусаў — радасны і шчаслівы. Лепшыя работы ўключаны ў альбом “Дзеці за мір. Малюнкі”. Прэзентацыя гэтага ўнікальнага выдання і ўзнагароджанне мастакоў-лаўрэатаў пройдуць ва ўрачыстай абстаноўцы заўтра, у Міжнародны дзень міру. І менавіта Беларускі фонд міру ў партнёрстве з міністэрствамі адукацыі, культуры, Нацыянальным гістарычным музеем праводзіў гэты конкурс, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму дата ўшанавання юных беларускіх талентаў выбрана не выпадкова. Кожны год 21 верасня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень міру. Ён бярэ пачатак з 1981 года, калі на Генеральнай асамблеі ААН было вырашана адзначаць яго ў першы дзень работы асамблеі, а гэта трэці аўторак кожнага верасня. Пазней, у 2001 годзе, была зацверджана пастаянная дата свята — 21 верасня, і дамовіліся вызначаць яго як дзень умацавання ідэалаў міру сярод усіх краін і народаў. Святкаванне мае варыятыўную сэнсавую нагрузку. Кожны год Міжнародны дзень міру прысвечаны розным агульначалавечым праблемам і праходзіць пад пэўнымі дэвізамі, напрыклад: “ Адукацыя ў духу міру”, “Моладзь за мір і развіццё”, “ Раззбраенне і нераспаўсюджванне”. Сёлетняя тэма — “Барацьба са змяненнем клімату дзеля міру”. Гэты актуальны лозунг падкрэслівае важнасць сумеснага рэагавання на відавочнае змяненне клімату, якое ўяўляе зараз адну з пагроз для бяспекі і існавання чалавецтва на зямлі. І сярод Мэт у галіне ўстойлівага развіцця пад № 13 стаіць “ Барацьба са змяненнем клімату”. Але ў той жа павестцы дня ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года адзначаецца: “…не можа быць устойлівага развіцця без міру і міру без устойлівага развіцця”. На жаль, у сучасным свеце ваенныя канфлікты сталі звыклай з’явай. Ні дня не абыходзіцца без звестак пра тэрарыстычныя акты і чалавечыя ахвяры, узброеныя сутычкі і правакацыі з боку сепаратыстаў. Статыстыка сцвярджае, што кожныя 100-150 гадоў адбываюцца ваенныя канфлікты сусветнага масштабу, у якіх знішчаецца амаль палова чалавецтва. Па ацэнках вучоных-гісторыкаў, за час існавання цывілізацыі адбылося 15 тысяч войнаў, у якіх загінула больш за 3 мільярды чалавек. Падлічана, што за апошнія 5 з паловай тысяч гадоў людзі змаглі пражыць у міры толькі 300 гадоў, гэта ў кожным стагоддзі літаральна адзін тыдзень! “Вялікай вайны” ў Еўропе няма амаль 75 гадоў, але ёсць лакальныя войны, узброеныя канфлікты, як, між іншым, і на іншых кантынентах. Многія эксперты наогул лічаць, што абстаноўка ў свеце зараз як перадваенная і параўноўваюць з той, якая была напярэдадні Другой сусветнай вайны. А сімвалічныя стрэлкі “Гадзінніка суднага дня”, якія паказваюць пагрозу глабальнай катастрофы, сталі яшчэ бліжэй да ядзернай поўначы і паказваюць зараз 23 гадзіны 58 хвілін… адзін з самых блізкіх паказчыкаў за час функцыянавання гэтага сваеасаблівага барометра вайны-міру. Так што стварэнне мірнага грамадства — агульначалавечая праблема. І адзін са спосабаў яе вырашэння — выхаванне культуры міру. Што маецца на ўвазе? Гэта культура дыялогу на аснове павагі і паразумення, жадання кожнага з бакоў таго ці іншага канфлікту зразумець адно аднаго, прыйсці да кампрамісу і няўзброенымі сродкамі вырашыць любыя супярэчнасці, асабліва калі на вагах стаяць жыцці людзей і эгаістычныя інтарэсы нейкай групоўкі. Гэта дэмаструюць, напрыклад, сустрэчы трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны, якія праходзяць у Мінску. І кожны раз, калі адбываюцца дамовы аб чарговым перамір’і, хлебным, велікодным ці школьным, зніжаецца колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню ў Данбасе і колькасць ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва. Ці гэта не перамога, няхай і маленькая, але якая павінна паступова прывесці да міру на гэтай зямлі. У сваіх рэзалюцыях 1981 і 2001 гадоў Генасамблея ААН заклікала лічыць 21 верасня днём выканання абавязацельстваў па спыненні агню, адмовіцца ў гэты дзень ад насілля і любымі сродкамі садзейнічаць мірнаму ўрэгуляванню ўсіх канфліктаў. Але яшчэ ў 1972 годзе паэт-франтавік Міхаіл Дудзін напісаў просты па словах і глыбокі па сэнсе заклік да міру: Обращаюсь ко всем живущим, Разных стран и наречий разных: Ради жизни веков грядущих Объявить повсеместный праздник — День без выстрела на Земле… Далей паэт заклікае да года, потым да стагоддзя без стрэлу на Зямлі, а затым, калі “…мы разучимся постепенно на Земле убивать друг друга…” , наступіць “…жизнь без выстрела на Земле”. Кампазітар Давід Тухманаў на гэты верш-заклік напісаў цудоўную музыку і атрымаўся своеасаблівы гімн міру, які ў выкананні дзіцячых галасоў гучыць асабліва выразна і пранікнёна. Паслухайце, у інтэрнеце вы знойдзеце некалькі вырыянтаў выканання, але сучасны ансамбль “Непаседы”, на мой погляд, па-за канкурэнцыяй. Чыстыя звонкія галасы заклікаюць да паўсюднага свята — дзень без стрэлу на Зямлі. Асабліва гэта актуальна ў Міжнародны дзень міру. Я так думаю, а вы?
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: