Падзяліцца:
«Дзень Канстытуцыі – свята кожнага з нас! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 15.03.2022
«Дзень Канстытуцыі – свята кожнага з нас! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Сёння ў нас асаблівае свята – дзень нараджэння лёсавызначальнай Дзяржаўнай Кнігі, Канстытуцыі краіны. У жыцці любога грамадства і дзяржавы Канстытуцыя адыгрывае асаблівую ролю. Гэта – светапоглядны дакумент, які рэгулюе ўсе бакі жыццядзейнасці дзяржавы, вызначае сацыяльна-палітычныя, эканамічныя і іншыя асновы дзяржаўнасці, забяспечвае ўстойлівасць самаго грамадства.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – Асноўны закон краіны. Ён валодае вышэйшай юрыдычнай сілай, вызначае дзяржаўны і грамадскі лад Беларусі, прававы статус чалавека, яго ўзаемаадносіны з дзяржавай і грамадствам.

Прыняцце Канстытуцыі – знакавая гістарычная падзея для кожнай краіны. Узгадаем, менавіта 15 сакавіка 1994 года была прынята Канстытуцыя суверэннай Беларусі. Чатыры разы праз рэферэндум, прамы савет улады з народам, у Асноўны закон уносіліся змяненні і дапаўненні. Апошнім разам cёлета – 27 лютага – абсалютная большасць грамадзян прыняла папраўкі. І менавіта сёння, 15 сакавіка, уступае ў дзеянне абноўленая Канстытуцыя. Такім чынам у нас сёння двойчы асаблівы дзень!

Так, Канстытуцыя – асноўны закон, галоўны дакумент дзяржавы і, можна лічыць, пашпарт краіны, які разам з Дзяржаўнымі гербам, сцягам, гімнам – галоўныя сімвалы Беларусі. А галоўны дакумент кожнага грамадзяніна – яго асабісты пашпарт. Нездарма напарэдадні Дня Канстытуцыі праходзіць усебеларуская патрыятычная акцыя «Мы – грамадзяне Беларусі». Паўсюдна ва ўрачыстай абстаноўцы 14-гадовым юнакам і дзяўчатам уручаюцца пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Сёлета акцыя ладзіцца 18-ты раз. І ва ўсе гады пуцёўку ў дарослае жыццё выдатнікі і актывісты, спартсмены-прызёры і лаўрэаты творчых конкурсаў атрымліваюць з рук кіраўнікоў улады і выбітных людзей краіны. Прыемна чуць у адказ ад юных грамадзян: «Я ганаруся сваёй краінай!». Як сказаў гэта Ігнат Каліненка, васьмікласнік з горада Чавусы. Свой галоўны дакумент разам з друкаванай версіяй новай Канстытуцыі ён атрымаў на ўрачыстасці ў зале Канстытуцыйнага Суда, дзяржоргана, які ажыццяўляе канстытуцыйны нагляд за выкананнем гарантаваных Асноўным законам правоў, свабод чалавека і грамадзяніна.

Дарэчы, старшыня Канстытуцыйнага Суда Пётр Міклашэвіч ініцыяваў яшчэ адну акцыю – правядзенне месячніка Асноўнага закона. Для паглыбленага вывучэння моладдзю асноўных палажэнняў Канстытуцыі прапануецца арганізоўваць круглыя сталы, дыялогавыя пляцоўкі, канферэнцыі, прымяняць розныя новыя формы і метады, якія даспадобы сучасным падлеткам.

А Міністэрства юстыцыі ўжо сёння ладзіць маштабную акцыю – сустрэчы кіраўніцтва ўстановы, яго падначаленых арганізацый ў працоўных калектывах, грамадскіх аб’яднаннях, маладзёжным асяродку. Гаворка пра зняменні і дапаўненні ў Асноўны закон, пра значнасць будучых пераўтварэнняў у грамадстве і дзяржаве.

Дзень Канстытуцыі – свята дзяржаўнае, заснаванае адпаведным Указам Прэзідэнта краіны. Але дзень працоўны. І, думаю, гэта правільна. Вось і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёння пачынаюць сваю восьмую сесію, якая працягнецца па 30 чэрвеня. Такі новы рэгламент работы ў адпаведнасці са змяненнямі, унесенымі ў Асноўны закон. І, як гавораць самі парламентарыі, гэта будзе першым крокам імплементацыі канстытуцыйных норм у практыку дзейнасці парламента. А наперадзе ў іх маштабная работа – у развіцці абноўленай Канстытуцыі распрацаваць і прыняць адпаведнае заканадаўства, а гэта парадка 100 дакументаў.

У прэамбуле абноўленай Канстытуцыі вызначаны каштоўнасныя арыенціры беларускага народа на сучасным этапе развіцця: захаванне нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту, зацвярджэнне асноў прававой дзяржавы і сацыяльна справядлівага грамадства, гарантаванне дабрабыту грамадзян, незалежнасці і росквіту Беларусі. А ўласны дабрабыт і росквіт краіны залежаць ад працоўнага ўкладу ў агульную справу кожнага з нас. Так што, за работу і са святам, Днём Канстытуцыі!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: