Падзяліцца:
«Эканамічны калапс у Еўропе – рэальнасць магчымая! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 31.03.2022
«Эканамічны калапс у Еўропе – рэальнасць магчымая! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Хлеб у Італіі – амаль 8 еўра, у Вялікабрытаніі – 5 фунтаў стэрлінгаў, а запраўка дызельнага аўто – амаль 100 фунтаў. Еўрастат канстатуе: кожны пяты жыхар Літвы не мае магчымасці нармальна харчавацца. У Германіі цэны на энерганосьбіты выраслі амаль утрая. Гадавая інфляцыя ў Туманным Альбіёне ўзяла 30-гадовы рэкорд – да 6,2%. Так насельніцтва Еўропы пачынае пажынаць плады санкцыйнай палітыкі Захаду ў адносінах да Расіі і Беларусі.

І не каб даць ход назад, еўрачыноўнікі крывадушна прапануюць сваім грамадзянам зменшыць градус ацяплення ў кватэрах, знізіць хуткасць язды ў мэтах эканоміі бензіну, урэзаць мясны рацыён і дзеля гэтай высокай мэты нават раяць фермерам скараціць пагалоўе статка. Зразумела, еўраэліта наўрадці моцна адчуе негатыўны ўплыу ад сваіх непрадуманых крокаў, а вось простыя людзі, аслабленыя і так пандэміяй і лакдаунамі, могуць апынуцца ў бездані галечы і нават голаду.

Ужо зараз у Латвіі адзін за адным спыняюць працу заводы. За-за росту цэн на энерганосьбіты на мяжы банкруцтва цяплічныя гаспадаркі Бельгіі. Тыя ж перспектывы ў будаўнічай і кансервавай прамысловасці Італіі. У еўразоне адзначаецца рэзкае падзенне ўзроўню даходаў, скарачэнне рабочых месцаў, плюс вялікі паток мігрантаў, якія таксама патрабуюць пэўных фінансавых выдаткаў.

Хваля санкцыйнага бумеранга дакацілася і да ЗША. Скачок цэн на паліва, чэргі на запраўках і нават пустыя паліцы магазінаў, дзе ў паніцы скупляецца усё запар. А ў Старой Еўропе бастуюць фермеры, праходзяць масавыя акцыі пратэсту вадзіцеляў, рыбакоў, кур’ераў. Людзі, адурманеныя антырасійскай прапагандай, не разумеюць: як так, санкцыі ўводзілі супраць Пуціна, а церпяць яны?

Але прасвятленне розуму патроху наступае. І нават у высокіх кабінетах. Урад Германіі заяўляе, што ў цяпершаніх умовах не можа падтрымаць байкот расійскіх энерганосьбітаў, бо санкцыі вядуць да магутнага адваротнага эфекту, і не толькі ў самой Германіі, але і па ўсёй Еўропе. Гэта не дзіва, бо амаль 40% прыроднага газу, які спажывае рэгіён, ідзе з Расіі. І ў бліжэйшыя гады знайсці яму замену немагчыма. Белы дом вуснамі старшыні Савета эканамічных кансультантаў таксама канстатуе: антырасійскія санкцыі ўплываюць і на ЗША, гэта ўжо бачна па скачку цэн на нафту, бензін, чакаецца рост цэн на ўгнаенні, а значыць, на кошт сельгаспрадукцыі.

Сапраўды, што тычыцца прадуктаў харчавання, то некаторыя эксперты прагназуюць не толькі іх падаражанне, а ледзь не наступленне голаду ў некаторых рэгіёнах планеты. Ужо зараз цана на пшаніцу вырасла на 40%. А калі ўлічыць, што Расія і Украіна забяспечваюць ёю трэць сусветнага рынку, то прагнозы могуць спраўдзіцца. Да таго ж Расія яшчэ і буйны пастаўшчык угнаенняў на еўрапейскі рынак. Цана на калій ўжо ўзляцела да 1300 долараў за тону, калі да закрыцця перавалкі беларускага калію праз Літву яна была на ўзроўні 350-400 долараў. І што цікава, нават па высокім кошце такі крытычна неабходны пры пасяўной тавар зараз не купіць. А без угнаенняў які можна чакаць ураджай восенню?! Таму пад пагрозай закрыцця каля 100 тысяч сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Італіі, бо іх выдаткі проста не акупяцца мізэрным ураджаем. Так што харчовы крызіс услед за энергетычным – рэальная перспектыва для ініцыятараў санкцыйнага чаду. А калі дадаць апошняе патрабаванне расійскага кіраўніцтва аплачваць вуглевадароды рублямі, то Еўропа апынулася ў вельмі цяжкім становішчы, якое сама ж і стварыла з падачы заакіянскіх партнёраў.

На Захадзе ўсё больш чутны галасы, што палітыка эканамічнага ціску сябе не апраўдвае, што варыянты санкцый заканчваюцца і з самімі санкцыямі час заканчваць. Вось і прэзідэнт Францыі рэкамендуе сваім кампаніям не пакідаць расійскі рынак, а толькі прыпыніць часова работу. А нямецкая сетка тавараў для дому і будаўніцтва ОВІ перадумала мяняць месца дыслакацыі і зноў адкрывае ўсе 27 гіпермаркетаў у Расіі.

Думаецца, такі працэс будзе толькі нарошчвацца. Палітыка палітыкай, а бізнес любіць лічыць грошы. Самы аптымістычны прагноз дае ў інфармацыйным рэсурсе «БИЗНЕС.Online» вядомы расійскі эканаміст Міхаіл Хазін: «У мяне глыбокая ўпэўненасць, што праз месяц-паўтара заходнія краіны ўсе санкцыі адменяць. Бо немагчыма жыць у Еўрасаюзе пры цане на газ у 3 тысячы долараў. А без расійскіх нафты і газу ім не абысціся». Таму ўсё больш аналітыкаў прыходзяць да высновы: калі ж еўрапейскія чыноўнікі пад ціскам ЗША ўсё ж вырашаць пайсці на «экстрэмальны» сцэнарый, які мае на ўвазе поўны адказ ад расійскіх паставак, то гарантый ад эканамічнага калапсу ў Старым Свеце ніхто не дасць.

Што ж, пажывём – пабачым. Я так думаю, а вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: