Мы са школы ведаем, што працэсы ў прыродзе цыклічныя: за зімой ідзе вясна, ноч змяняе дзень, а юнацтва наступае пасля дзяцінства. Так і ў эканоміцы: пад’ём даходзіць да сваго піка, затым – спад ці крызіс.
Эканамічны крызіс (навуковай мовай) – гэта рэзкае і значнае падзенне вытворчасці, якое вядзе да скарачэння валавога прадукту, банкруцтва прадпрыемстваў, беспрацоўя, а ў выніку – да зніжэння ўзроўню жыцця людзей.
Самыя маштабныя – сусветныя эканамічныя крызісы, якія закранаюць некалькі краін і нават цэлыя рэгіёны свету. Першым такім лічыцца крызіс 1857 года, які пачаўся ў ЗША з масавага банкруцтва чыгуначных кампаній і абвалу рынку акцый. Затым ён перакінуўся на Еўропу, дзе больш за ўсё пацярпелі Германія і Францыя. У Англіі асноўны ўдар прыйшоўся на суднабудаўніцтва. А ў Расіі рэзка ўпала выплаўка чыгуну і перапрацоўка бавоўны. Чарговы крызіс адбыўся у 1873 годзе, які назвалі «Біржавым крахам». Да яго прывялі спекуляцыі на фондавых рынках Аўстрыі і Германіі. У выніку разараліся будаўнічыя кампаніі і металургічныя заводы Еўропы і ЗША.
ХХ стагоддзе на такія маштабныя эканамічныя зрухі багата. З пачаткам Першай сусветнай вайны ў 1914 годзе звязаны фінансавы крызіс, які ўзнік адначасова ў Англіі, Францыі, Германіі і ЗША. Урады краін актыўна ўключыліся ў фінансаванне ваенных дзеянняў, а сродкі для гэтага бралі з выручкі ад продажу замежных актываў. Прычынамі вядомай Вялікай дэпрэсіі 1929 – 1933 гадоў сталі таксама фінансавыя спекуляцыі і… перавытворчасць тавараў. А вынік – вялікіх памераў беспрацоўе, амаль 30 мільёнаў чалавек па ўсім свеце. Рост беспрацоўя ў Паўночнай Амерыцы і краінах Еўропы выклікаў і крызіс 1957 года. Яго прычынамі лічыцца скарачэнне будаўнічых работ і зніжэнне попыту на аўтамабілі, а таксама павелічэнне банкамі ставак па крэдытах.
Затым прыйшоў нафтавы крызіс 1973 года, калі рэзка ўзраслі цэны на чорнае золата, потым – Чорны панядзелак у 1987 годзе з крахам рынкаў ЗША, Канады, Велікабрытаніі, Ганконга і Аўсталіі, а праз 10 гадоў – Азіяцкі крызіс з падзеннем фондавых рынкаў Паўднёва-Усходняй Азіі і сыходам інвестараў з гэтага рігёна.
І нарэшце крызіс у Расіі 1998 года. Эканамісты лічаць, што яго прычыны – падзенне цэн на сыравіну, у тым ліку на нафту і газ, якія масава экспартавала краіна, і вялікі на той час памер дзяржаўнага доўгу. Так ці інакш, але вынікі таго маштабнага крызісу адчувальныя і ў ХХІ стагоддзі…
А на мяжы стагоддзяў узнік крызіс пад назвай «Крах даткомаў», калі абваліліся акцыі высокатэхналагічных кампаній і «лягла» ІТ-сфера ў многіх краінах. Чарговы сусветны фінансава-эканамічны крызіс пачаўся ў 2008 годзе з амерыканскага іпатэчнага. Па маштабах яго параўноўваюць з Вялікай дэпрэсіяй.
Апошні на гэты час – так званы каронакрызіс 2020 года, выкліканы пандэміяй СОVІD-19. І зноў – абвал фондавых ранкаў, зніжэнне вытворчасці, банкруцтвы, рост беспрацоўя. Плюс – трывога не толькі за матэрыяльны дабрабыт, але і за стан задароўя. Спецыялісты лічаць, што гэты крызіс яшчэ не скончыўся. Як бачым, да яго далучаецца міграцыйны і энергетычны ў еўразоне і на Амерыканскім кантыненце, харчовы ў «трэціх» краінах, ваеннае напружанне і сацыяльна-палітычныя зрухі ў некаторых рэгіёнах свету, а таксама негатыўны уплыў несправядлівых заходніх эканамічных санкцый у адносінах да многіх краін, у тым ліку да Беларусі і Расіі. Чым ўсё гэта завершыцца, цяжка спрагназаваць, гавораць эксперты.
Пакуль цвёрда вядома, што эканамічныя крызісы непазбежныя. Таму застаецца здабываць з іх урокі і выкарыстоўваць як магчымасць для далейшага развіцця. Закон цыклічнасці дыктуе: пасля падзення эканоміка пачынае паступова расці. Дарэчы, кітайскі іерогліф «крызіс» складаецца з двух сімвалаў, адзін азначае небяспеку, а другі – шанц. Шанц гэты ўключае пэўныя меры, якія могуць дапамагчы пераадолець такія крызісы. Эксперты да іх адносяць: развіццё сельскай гаспадаркі і вырашэнне праблемы недахопу харчавання, рэалізацыю справядлівай сацыяльнай палітыкі, якая мінімізіруе для грамадзян паступствы магчымага беспрацоўя і рэзкага зніжэння даходаў.
Беларусь таксама разглядае сённяшняе няпростае эканамічнае становішча ў свеце як штуршок для пошуку новых пунктаў росту. Айчынныя вытворцы знаходзяць новыя рынкі збыту, працуюць над аптымізацыяй выдаткаў. Зроблена ўсё магчымае, каб гарантаваць харчовую бяспеку, працоўную занятасць, сацыяльную абароненасць. Наогул, эканоміка краіны носіць сацыяльную арыентаванасць, у гэтым яе асаблівасць, якая гарантуе стабільнасць у грамадстве.
Зразумела, калі мора штарміць, хвалі ўсё роўна закранаюць яго астравы. Беларусь, як частка сусветнай эканомікі, адчувальная да яе хваляў-крызісаў. Але мы з імі спраўляемся! Мяркую, так будзе і надалей.