- Перадача: Героі Перамогі
- Дата: 09.05.2022
Кажуць, у вайны не жаночае аблічча, але ж падчас барацьбы з германскімі захопнікамі СССР паказаў свету сапраўдную жанчыну – смелую, валявую, якой не страшная гарачая перастрэлка на поле боя, якая можа пайсці пад кулі і снарады дзеля выканання пастаўленай мэты. Калі пачалася вайна, ледзь ці не кожная другая добраахвотніцкая заяўка была пададзена жанчынай. Наш расповед таксама пра гераічных беларускіх жанчын.
Пасля захопу Беларусі нацысцкімі войскамі ў рэспубліцы ўсталяваўся суровы акупацыйны рэжым. Пад уладай гітлераўцаў апынуліся каля 8 млн мірных жыхароў і каля 900 тыс. савецкіх ваеннапалонных. Эскадроны смерці адразу ж прыступілі да масавага знішчэння камуністаў, савецкіх актывістаў і ўсіх, хто быў не згодзен з акупацыяй. На тэрыторыі Беларусі было створана 260 лагераў смерці і больш за 200 яўрэйскіх гета. Кіраўніком акупацыйнай адміністрацыі быў прызначаны Вільгельм Кубэ.
План знішчэння Вільгельма Кубэ распрацоўваўся рознымі атрадамі беларускіх партызан пачынаючы з 1942-га. Але Кубэ нейкім цудам пазбягаў гібелі. Успамінамі дзеліцца сакратар падпольнай райкам партыі Іван Клімчук. Год запісу 1978.
Пасля няўдач, партызаны зразумелі, што замах павінен здзейсніць нехта з набліжаных да гаўляйтара людзей. Пошукам прыдатнага чалавека занялася партызанка Марыя Осіпава.
Найпрыгажэйшае месца ў Мінску пры ўваходзе ў дзіцячы парк імя Горкага. Плыўна цячэ Свіслач, над якой апусцілі галіны векавыя вербы. Мала хто ведае, што менавіта тут сустракаліся Марыя Осіпава і Алена Мазанік, якая на той час была хатняй работніцай у доме гаўляйтэра і згадзілася дапамагчы беларускім партызанам у ліквідацыіі Кубэ.
Аперацыя «Адплата» – адна з самых яркіх старонак у гісторыі партызанскага руху па знішчэнні аднаго з вышэйшых нацысцкіх камандзіраў, вінаватага ў гібелі вялізнай колькасці мірных жыхароў.
Перамога ў Вялікай айчыннай вайне далася савецкаму народу сапраўды нялёгка: мільёны чалавечых ахвяр, тысячы разбураных гарадоў і незлічоная колькасць скалечаных лёсаў. Але за лічбамі і фактамі хаваюцца жыцці звычайных людзей, многіх з якіх вайна зрабіла героямі. Алена Мазанік і Марыя Осіпава атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. Пра іх подзвіг напісаны шматлікія артыкулы, кнігі і зняты фільмы – напрыклад, фільм 1958 года «Гадзіннік спыніўся апоўначы».
У спецыяльным дакументальна-гістарычным праекце ажывуць галасы герояў Вялікай Айчыннай вайны. Праект падрыхтаваны на аснове ўнікальных запісаў з фондаў Беларускага радыё.