Падзяліцца:
«Эстафету памяці – працягваць! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 27.01.2021
«Эстафету памяці – працягваць! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

«Аднавіць выданне і зрабіць настольнай кнігай у кожнай сям’і» – з такой прапановай звярнулася слухачка на прамы эфір нашай праграмы «Актуальны мікрафон». Меўся на ўвазе зборнік «Ніколі не забудзем». Жанчына хвалявалася: «Мы пачынаем забываць урокі мінулага, сучаснае пакаленне дрэнна ведае гісторыю, нашых сапраўдных герояў, можа, таму выбірае не тых куміраў, паддаецца на чужыя нам ідэалы»…

Мне зразумелы яе душэўны неспакой. Я памятаю гэту ўнікальную кнігу, свае эмоцыі і эмоцыі маёй дачкі, калі кожная з нас у свой час чытала ўспаміны дзяцей, якія прайшлі праз пекла вайны. Як можна не суперажываць за слязамі на вачах Паліне Мікалаевай, якая стала сведкай жудасных катаванняў партызан у фашысцкім засценку, а потым сама трапіла пад нагайку паліцаяў. «Страшны дзень» – так назваў свае ўспаміны Гена Шымановіч. І гэта быў сапраўды страшны дзень, калі на яго вачах немцы расстралялі маці, маленькага брата, родную цётку, спалілі хату і ўсю вёску. Ён цудам застаўся жывым і разбіраў потым рукамі папялішча, каб пахаваць рэшткі блізкіх…

Некалькі дзясяткаў кранальных дзіцячых гісторый, якія адабраны для друку з амаль 400, што сабраны пасля закліку ў газеце «Піянер Беларусі» напісаць калектыўную кнігу пра удзел маленькіх беларусаў у Вялікай Айчыннай вайне. У прадмове да яе першага выдання у 1948 годзе Якуб Колас напісаў: «…кніга паказвае веліч душы і патрыятызм усяго народа ў цэлым і ў прыватнасці – яго гераічных дзяцей, смелых, знаходлівых, бясстрашных, цвёрдых воляю, моцных сваёю верай у перамогу над ворагам».

«Ніколі не забудзем» – гэта не толькі і не столькі зборнік успамінаў з жывым голасам сведкаў, гэта кніга-памяць, кніга-напамін будучым пакаленням пра жахі вайны. Ад яе ідзе дарога да такіх жа дакументальных хронік: «Я з вогненнай вёскі», «Блакадная кніга». У апошняй – 200 расказаў тых, хто змог вытрымаць 900 дзён галоднага жыцця ў акружэнні ворага і выжыць. Дарэчы, у блакіраваным горадзе сярод двух з паловай мільёнаў жыхароў было 400 тысяч дзяцей. Не ўсім з іх давялося перажыць голад і холад… Пра гэта сведчыць вядомы дзённік ленінградскай школьніцы Тані Савічавай. Падчас блакады яна страціла ўсю сям'ю, а сама памерла ў эвакуацыі ад дыстрафіі і нервовага знясілення. Дзяўчынка пакінула кароткі дзённік на дзевяці старонках, дзе скупа фіксавала, як адзін за адным паміралі яе родныя. І гэтыя старонкі, як дакумент, былі выкарыстаны падчас Нюрнбергскага працэсу ў якасці аднаго з галоўных сведчанняў злачынстваў фашыстаў. Таню Савічаву нярэдка параўноўваюць з яўрэйскай дзяўчынкай Ганнай Франк, якая скончыла жыццё ў канцлагеры. А ў сваім дзённіку апісвала зверствы фашызму.

Так супала, што сёння, 27 студзеня, дзве памятныя даты – Дзень поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады і Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту. Дзве даты-напаміны, звязаныя з вялікай колькасцю ахвяр Другой сусветнай вайны, сярод іх і дзеці, якія, як маглі, супрацьстаялі ворагу і голаду, акупантам і нацызму…

І мела рацыю наша слухачка, калі з болем гаварыла, што далёка не ўсе сучасныя школьнікі ведаюць пра трагічнае жыццё і гераічныя ўчынкі сваіх аднагодкаў падчас вайны. Гэта канстатуюць і настаўнікі Санкт-Пецярбурга, калі гаворка заходзіць пра дзённік Тані Савічавай. Па іх назіраннях, некаторыя бацькі імкнуцца засцерагчы дзяцей ад жорсткіх сведчанняў таго страшнага часу, маўляў, навошта траўміраваць дзіцячую псіхіку аповедамі сведкаў пра кроў і смерць. Між тым і псіхолагі, і выкладчыкі, у прыватнасці, прафесар Ваеннага ўніверсітэта Міністэрства абароны Расіі Юрый Рубцоў сцвярджаюць: «Спроба засцерагчы дзяцей такім шляхам ад праўды пра вайну – крывадушнасць».

І я так думаю. Згадзіцеся, жорсткасці, болю і жахаў ў камп’ютарных гульнях не менш. Хапае жорсткасці і бязлітасці і пры ўзаемаадносінах сучасных падлеткаў. І можа, менавіта няведанне жахаў вайны, яе глыбінных прычын і наступстваў і штурхае іх у вулічны вір пратэстаў, рэвалюцыйных лозунгаў і радыкальных дзеянняў. Іх «незагартаваныя» гістарычнай памяццю душы становяцца мішэнню для ўмелых маніпулятараў свядомасці, якія навязваюць маладому пакаленню праз розныя тэлеграм-каналы чужыя ідэалы і псеўдагерояў, вымушаюць адстойваць варожыя ідэі, ісці на правапарушэнні і дзейнічаць на разбурэнне. З прыкладаў – пошнія падзеі ў Расіі.

Што да кнігі «Ніколі не забудзем», то яна перакладзена на многія мовы, вытрымала не адно перавыданне. Адно з іх было ажыццёўлена да 65-годдзя Вялікай Перамогі па ініцыятыве вучняў сталічнай школы №37. Пра гэту патрыятычную акцыю, гісторыю стварэння ўнікальнга выдання можна даведацца ў віртуальным музеі «Біяграфія кнігі мужнасці» на сайце школы. Там знойдзеце і такую інфармацыю: пасля вайны ў 37-ай мінскай школе вучыліся нямала дзяцей і падлеткаў – удзельнікаў барацьбы з фашызмам. Гэта іх успаміны ў аснове адзінай у сваім родзе кнігі ў далёкія 1940-ыя гады. І адгукнуліся рэхам памяці ў сэрцах юных беларусаў у 2010-ым. Гэта эстрафета павінна працягвацца і ў нашыя дні! Я так думаю, а вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: